Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама камплектуе каманду нацыянальнай бясьпекі


Барак Абама і Гілары Клінтан

Барак Абама і Гілары Клінтан

Сёньня новаабраны прэзыдэнт ЗША Барак Абама падаў да публічнага ведама прозьвішчы палітыкаў, якія ў яго адміністрацыі будуць адказваць за комплекс замежных і ўнутраных пытаньняў, што агулам акрэсьліваюцца як нацыянальная бясьпека ЗША.

Каманду нацыянальнай бясьпекі ачоліць канкурэнтка Абамы з Дэмакратычнай партыі ў прэзыдэнцкай гонцы, сэнатарка Гілары Клінтан, якой новаабраны прэзыдэнт запрапанаваў пасаду дзяржсакратара.

Гілары Клінтан, жонка былога прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, – асоба вельмі добра вядомая ў сьвеце. Палітычныя аналітыкі прагназуюць, што яна ў стане кіраваць амэрыканскай замежнай палітыкай цьвёрдай рукой.

Гілары Клінтан, як і Абама, выказваецца за як мага хутчэйшае заканчэньне вайны ў Іраку — сэнатарка зь Нью-Ёрку лічыць гэта “першым крокам у вяртаньні сусьветнага лідэрства Злучаным Штатам”. Аднак у часе выбарчай кампаніі, у адрозьненьне ад Абамы, Клінтан не называла ніякага тэрміну адносна вываду амэрыканскіх войскаў зь Іраку.

Гілары Клінтан вядомая таксама сваёй пагрозай “сьцерці з мапы” Іран у выпадку калі б гэтая дзяржава ўжыла ядзерную зброю супраць Ізраілю.

Акрамя праблемаў зь Іракам і Іранам, новы дзяржсакратар атрымае “ў спадчыну” ад Кандалізы Райс незавершаную вайну ў Аўганістане, ізраільска-палестынскі канфлікт, складаныя дачыненьні Вашынгтону з Паўночнай Карэяй, традыцыйна цяжкі выклік наладжваньня адносін ЗША з Кітаем і Расеяй ды сьвежы ўсплёск напружаньня паміж Індыяй і Пакістанам пасьля нядаўняй тэрарыстычнай атакі іслямскіх баевікоў у Мумбаі.

Дарадцам прэзыдэнта Абамы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі будзе генэрал Джэймс Джонс, былы галоўнакамандуючы НАТО і былы камандзір амэрыканскай марской пяхоты. Джонс вядомы сваім аналітычным складам думкі і схільнасьцю да пазьбяганьня канфрантацыі ў вырашэньні вострых праблемаў. Яму прапанавалі стаць намесьнікам дзяржсакратара ў адміністрацыі цяперашняга прэзыдэнта Джорджа Буша, але ён адмовіўся.

Сакратаром абароны Абама папрасіў стаць асобу, якая займае гэтую пасаду ў цяперашняй адміністрацыі — рэспубліканца Робэрта Гейтса, былога шэфа ЦРУ. Гейтс вядомы сваімі выказваньнямі пра абмежаваную эфэктыўнасьць выкарыстаньня вайсковай сілы ў сучасных войнах і пра вялікае значэньне гэтак званай “мяккай сілы” (soft power) — дыпляматычных, ідэалягічных, культурных сродкаў узьдзеяньня — у міжнародных дачыненьнях.

Таксама сёньня Абама назначыў губэрнатарку Арызоны Джанэт Напалітана сакратаром унутранай бясьпекі і Сюзэн Райс, палітычнага экспэрта з адміністрацыі Біла Клінтана, амбасадарам ЗША пры ААН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG