Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВНУ павышаюць плату за навучаньне

  • БелаПАН

У большасьці вышэйшых навучальных устаноў пераразьлік аплаты робіцца з 1 лістапада.


Як паведаміла БелаПАН кіраўніца прэс-службы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Вольга Шчадрына, у сярэднім аплата за навучаньне студэнтаў БДУ павысілася на 22,7%, студэнтаў дзённай формы навучаньня — на 21,8%. У сярэднім да канца навучальнага года студэнты-платнікі павінны паэтапна даплаціць каля 540 тыс. рублёў: у сьнежні — прыкладна 203 тыс., у лютым — 135 тыс., у красавіку — 203 тыс. рублёў.

Паводле слоў спн. Шчадрыной, павышэньне кошту навучаньня зьвязана з павелічэньнем тарыфнай стаўкі першага разраду і, як вынік, зарплаты прафэсарска-выкладчыцкага складу БДУ. 1 лістапада яна павялічылася на 28,5%. “У параўнаньні з павелічэньнем выдаткаў рост кошту навучаньня студэнтаў не такі ўжо высокі. Мы не ўключалі ў яго, напрыклад, пераразьлік гаспадарчых расходаў”, — зазначыла яна.

Як паведаміла супрацоўніца бухгалтэрыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Натальля Сакалоўская, у БНТУ кошт навучаньня студэнтаў дзённай формы павысіўся ў сярэднім на 20%, або 590 тыс. рублёў. Паводле яе слоў, у дамовах, заключаных са студэнтамі-платнікамі, кошт навучаньня прывязаны да тарыфнай стаўкі першага разраду.

Як праінфармавала начальніца плянава-фінансавага аддзелу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Галіна Азаркевіч, у гэтай ВНУ аплата навучаньня студэнтаў дзённай формы з 1 лістапада павысілася ў сярэднім на 15%. Паводле яе слоў, зарплата выкладчыкаў пры гэтым вырасла на 25%.

У Беларускім дзяржаўным пэдагагічным ўнівэрсытэце плата за вучобу студэнтаў дзённай формы навучаньня ўзрасла на суму ад 80 тыс. да 360 тыс. рублёў за год, студэнтаў-завочнікаў — да 70 тыс. рублёў, паведаміла мэтадыстка па платным навучаньні БДПУ Ала Коваль.

Як праінфармаваў дырэктар прэс-службы Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі Юрый Зайцаў, у гэтай ВНУ пераразьлік аплаты за навучаньне будзе праведзены з 1 сьнежня. Кошт навучаньня вырасьце ад 2,7% да 16% у залежнасьці ад факультэту.

Разам з тым некаторыя іншыя вядучыя ВНУ пакуль не павышаюць кошт навучаньня. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце пераразьлік аплаты студэнтаў не рабіўся, паведамілі БелаПАН у прыёмнай ВНУ.
XS
SM
MD
LG