Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні кошт навучаньня ў Літве 1500 эўра

  • Тацяна Поклад

У Літве платная вышэйшая адукацыя існуе як у прыватных вышэйшых вучэльнях, так і ў дзяржаўных.


У дзяржаўных навучальных установах, у дзяржаўных унівэрсытэтах студэнты мусяць плаціць за вучобу, калі іх акадэмічная пасьпяховасьць недастатковая. Рашэньне пра гэта кожны раз прымаюць студэнцкія прадстаўніцтвы.

Трэба адзначыць, што ў Літве ўвесну досыць горача абмяркоўваўся новы законапраект, прапанаваны прэзыдэнтам Адамкусам, пра перавод на абавязковае платнае навучаньне ўсіх студэнтаў, якія хаця б адзін прадмет у сэсію здалі менш чым на 8 балаў.

Але гэты законапраект сойм не прыняў. Абмеркаваньне яго адкладзена да наступнай сэсіі. Бальшыня парлямэнтароў кажа, што і на восеньскай сэсіі такі непапулярны законапраект наўрад ці будзе прыняты.

Студэнты тым часам папярэджваюць, што ўвосень пачнуцца страйкі і дэманстрацыі. Падобныя сытуацыі ўжо былі ў Літве некалькі гадоў таму. І цалкам магчыма, што студэнты рыхтуюцца да вельмі актыўных пратэстаў.

Сыстэма крэдытаў, якая існуе ў Літве для частковага або поўнага пакрыцьця кошту платнага навучаньня, не настолькі добра распрацаваная, на думку аналітыкаў, як у суседняй Латвіі. У Латвіі для бальшыні студэнтаў прапануюцца крэдыты, і досыць шмат студэнтаў-платнікаў выкарыстоўваюць гэтую магчымасьць.

У Літве крэдыты студэнтам прапаноўваюць прыватныя банкі. Звычайна гэта банкі, зь якімі падпісваюць дамовы самі ўнівэрсытэты. Апроч таго, існуюць крэдыты на бытавыя выдаткі, на аплату жыльля, а ня толькі на пакрыцьцё ўласна навучальных коштаў.

Трэба адзначыць, што ў Літве ёсьць і прыватныя навучальныя ўстановы, дзе студэнты маюць магчымасьць вучыцца бясплатна. Адна з такіх вышэйшых навучальных установаў, у якой студэнты могуць вучыцца як платна, так і бясплатна і якая не зьяўляецца дзяржаўнай — Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Літве.

Трэба адзначыць, што сёлета ў ЭГУ вызначана прыкладна такая квота: калі група набіраецца ў 30 чалавек, то толькі чатыры чалавекі будуць мець магчымасьць вучыцца бясплатна, астатнія мусяць плаціць. А калі група меншая за 15 чалавек, то тады вучыцца бясплатна могуць з гэтага ліку толькі 3 студэнты. Кошт навучаньня сёлета зьменшаны напалову і складае 1400 эўра. Гэта адпавядае сярэдняму кошту гадавога навучаньня ў ВНУ ў Літве, які вагаецца ад 1500 да 2000 эўра.

XS
SM
MD
LG