Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнімі тыднямі актывізавалася дыскусія пра тое, хто можа стаць кандыдатам у прэзыдэнты ад апазыцыі і колькі ўвогуле можа быць гэтых кандыдатаў.

Аналітыкі сьцьвярджаюць, што такія палітыкі як Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч ужо фактычна вядуць уласную прэзыдэнцкую кампанію. Пра наяўнасьць свайго кандыдата на наступных выбарах заявіў БНФ. Колькі ў выніку можа быць кандыдатаў ад дэмакратычнага лягеру? Якую стратэгію павінны абраць апазыцыйныя сілы? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Фядута.

Цыганкоў: “Наколькі своечасовымі выглядаюць заявы некаторых палітыкаў, якія ўжо цяпер кажуць пра свой магчымы ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі? Колькі ўвогуле патэнцыйных апазыцыйных кандыдатаў можа быць? На гэты момант здаецца, што іх можа быць занадта шмат...”

Фядута: “Я лічу, што з 20-ці трусоў ня зробіш аднаго тыгра. Тое, што адбываецца цяпер – гэта нейкія гонкі трусоў, якія спадзяюцца, што выберуць самага вялікага труса, а потым ён пераможа тыгра. Насамрэч, яны ведаюць, што тыгра не перамогуць.

Такая безадказнасьць, адсутнасьць грамадзянскай адказнасьці перад усімі тымі, хто гэтыя гады лічыў сябе прыхільнікамі апазыцыі ці прынамсі апанэнтамі існуючай улады – адсутнасьць адказнасьці перад гэтай часткай грамадзтва сёньня і выяўляецца.”

Цыганкоў: “Калі паспрабаваць прапанаваць нешта канструктыўнае, як тады вам бачыцца вылучэньне кандыдата ад тых сілаў, якія апаніруюць існуючаму рэжыму?”

Фядута: “Адзінае, што можа зрабіць існуючая апазыцыя – гэта падтрымаць альтэрнатыўнага кандыдата, прозьвішча якога не Лукашэнка. Хто б ні вылучыўся з таго самага чынавенства – трэба яго падтрымаць.

Бо хто б ні вылучыўся з нас – беспрацоўных, ці працуючых у нейкіх фондах ці грамадзкіх аб’яднаньнях ці нават кіраўнікоў партыяў – нас не падтрымаюць. Трэба шукаць таго, хто выклікае давер. Трэба дамаўляцца зь ім, каб ён абапіраўся і на структуры, якія ёсьць у
Трэба шукаць таго, хто выклікае давер.
апазыцыі, і каб ён карыстаўся часткай праграмы апазыцыі, у тым ліку культурна-асьветніцкай, я маю на ўвазе найперш мову”.

Цыганкоў: “Але можна сказаць, што такі варыянт ужо быў у 2001 годзе – Уладзімер Ганчарык”.

Фядута: “Не было гэтага варыянту, бо Ганчарык ня быў уладай. Прафсаюзы ў Беларусі пасьля 1993 году страцілі ўсялякі аўтарытэт.

Цяпер патрэбны чалавек, які мог бы сказаць – “я быў уладай, я ведаю, што і як рабіць, і горш чым сёньня – ня будзе”. Так што мэханізм можна абмяркоўваць, але ўсіх гэтых “трусоў” трэба саджаць у свае клеткі, каб там яны і сядзелі”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG