Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мішэл Абама: партрэт першай дамы


Нядаўна Мішэл Абама, якая ў студзені стане першай дамай Амэрыкі, сказала, што ня будзе дамагацца нейкай палітычнай ролі для сябе. "Я стану “галоўнай мамай” у Амэрыцы", – выказалася Мішэл Абама, даючы гэтым зразумець, што яна мае намер большасьць свайго часу прысьвяціць выхаваньню дзьвюх дочак. Адкуль узялася першая амэрыканская чарнаскурая першая дама?


Мішэл Абама (дзявочае прозьвішча Робінсан) нарадзілася 17 студзеня 1964 году ў Чыкага. Ейны бацька быў работнікам у гарадзкім водазабесьпячэньні, а маці сакратаркай у мясцовым філіяле вялізнай гандлёвай сеткі "Spiegel", якая прадае па каталёгах. Бацькі Мішэл Абамы выводзяць свой род ад афраамэрыканцаў з поўдня краіны; шмат хто зь яе радні і да сёньня жыве ў штаце Паўднёвая Караліна.

Будучая першая дама Амэрыкі закончыла сярэднюю школу на выдатна і паступіла на факультэт сацыялёгіі Прынстанскага ўнівэрсытэту, які закончыла ў 1985 г. У 1988 г. яна атрымала ступень доктара юрыспрудэнцыі ў элітарнай Гарвардзкай юрыдычнай школе, у якую ў тым самым годзе запісаўся і Барак Абама. Але Мішэл Робінсан пазнаёмілася з Баракам Абамам ужо на працы, у юрыдычнай фірме ў Чыкага.

Мішэл і Барак узялі шлюб у 1992 годзе; у іх дзьве дачкі — Малія і Наташа, якую дома называюць Сашай.

Паводле падаткавай дэклярацыі Абамаў з 2006 г., Мішэль зарабіла тады амаль удвая больш, чым Барак. Іхны супольны даход у тым годзе дасягнуў амаль 1 мільёна даляраў. Выглядае на тое, што пасьля пераезду ў Белы дом Абамам давядзецца пажыць крыху бядней. Гадавая зарплата прэзыдэнта ЗША — 400 тысяч даляраў. Першая дама не атрымлівае зарплаты.


Разам з уваходам свайго мужа ў сьвет вялікай палітыкі Мішэл Абама сталася неаддзельнай часткай амэрыканскай масавай культуры. У 2007 і 2008 гг. топ-гламурны часопіс “Vanity Fair”залічыў Мішэл Абаму ў лік 10 найгустоўней апранутых людзей сьвету. А часопіс “People”, таксама зьмясьціўшы Мішэл Абаму ў сваім сьпіску найлепш апранутых жанчын, акрэсьліў ейны выгляд як “клясычны і ўпэўнены”.


У выбарчай кампаніі свайго мужа Мішэл Абама ўдзельнічала па два дні ў тыдні, але пасьпела і так нарабіць яму шмат клопату сваімі вострымі, калярытнымі і нярэдка іранічнымі выступленьнямі на мітынгах. Мішэл Абама распавядала анэкдоты, абапёртыя на сямейным жыцьці. Аднойчы сказала, што згадзілася падтрымаць кандыдатуру свайго мужа на выбарах толькі пасьля таго, як ён падпісаў зь ёй дамову, што кіне паліць.


Але здараліся і менш нявінныя показкі. У лютым, калі стала ясна, што амэрыканскія выбарнікі могуць усур’ёз падтрымаць чарнаскурага як кандыдата ў прэзыдэнты, яна сказала:

“Я ўпершыню ў сваім дарослым жыцьці сапраўды ганаруся сваёй краінай”.

Крытыкі Абамы абвінавацілі яе ў адсутнасьці патрыятызму, робячы націск на выказваньне “ўпершыню”. Як сама Мішэл Абама, так і выбарчы штаб яе мужа стараліся потым загладзіць гэты ляп. Жонка цяперашняга прэзыдэнта Лора Буш узяла яе таксама ў абарону, тлумачачы, што ў сапраўднасьці Мішэл Абама хацела сказаць “я больш ганаруся”.

Але ў кожным разе падаецца, што гэты ляп Мішэл Абамы амэрыканцы забудуць значна хутчэй, чым некаторыя ляпы Сары Пэйлін, кандыдаткі ў віцэ-прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі.

Мішэл і Барак Абамы, якія жывуць у Чыкага, пераедуць у Белы дом у Вашынгтоне пасьля інаўгурацыі новага прэзыдэнта, якая адбудзецца 20 студзеня 2008 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG