Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз “pARTisan” — па культавых месцах Горадні


Утупнае слова на гарадзенскай сустрэчы належала Максіму Жбанкову

Утупнае слова на гарадзенскай сустрэчы належала Максіму Жбанкову


Яны прэзэнтавалі новы нумар альманаха сучаснай беларускай культуры “pARTisan”.

Карэспандэнт: “Артур Клінаў зноў у Горадні, ужо другі раз. Вы сказалі, што будзе асвойваць гарадзенскую прастору…”

Клінаў: “Калі мы былі ў мінулы раз, то гэта была нават не прэзэнтацыя, і мы абяцалі, што прыедзем восеньню зь вялікай імпрэзай. А што датычыць асваеньня Гарадзеншчыны, то вельмі хацелася б, каб “pARTisan” у Горадні ведалі, чыталі, дасылалі нам тэксты. Мы плянуем у кожным нумары друкаваць культурніцкія матэрыялы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Нам было б вельмі цікава тое, што адбываецца ў Горадні і рэгіёне. Нават мы ўводзім з бліжэйшых нумароў рубрыку “Культавыя месцы”. Мы хацелі б прапанаваць некалькім выбітным дзеячам Горадні апісаць свае культавыя месцы ў іхнім горадзе, якія яны лічаць на ўласны прыватны пункт гледжаньня культавымі”.

Карэспандэнт: “Спадар Акудовіч, вы сам гарадзенскі. Як Вам з пэрспэктывы сталіцы бачыцца Горадня? Ці можна чакаць адсюль тэкстаў — філязофскіх, празаічных, нейкіх альманахаў, часопісаў?”

Акудовіч: “Я люблю сваё мястэчка Сьвіслач і люблю Горадню, але абстрактнай любоўю. Што да літаратуры, то ёсьць цэлы шэраг супэрталенавітых людзей — Шалкевіч, Пацюпа, які, праўда, пераехаў у Менск, Гумянюк, Чобат і шмат яшчэ. Горадня, бясспрэчна, для беларускай літаратуры вельмі шмат значыць. Але ёсьць фэномен Горадні, над якім мы даўно разважаем: чамусьці гарадзенцы праз заходні індывідуалізм ніяк не згуртуюцца. Гэты факт разьяднанасьці творцаў Горадні нас трывожыць, але, магчыма, гэта наканаваньне. Мабыць, заходні індывідуалізм адбіваецца і кожны жыве на сваім літаратурным хутары, але гэта разам з тым не адбіваецца на прысутнасьці гарадзенцаў у агульналітаратурным беларускім дыскурсе”.

Карэспандэнт: “Сярод слухачоў на сустрэчы зь менскімі гасьцямі я заўважыў Міколу Ваўранюка зь Беластоку, журналіста Польскага тэлебачаньня. Я размею, што ты прыехаў адмыслова на гэтую сустрэчу?”

Ваўранюк: “Беласток толькі за 70 кілямэтраў ад Горадні, і я лічу, што наш агульны арэал — беластоцка-гарадзенскі — часам церпіць на недахоп інфармацыі зь Менску пра тое, што там адбываецца. Зразумела, ёсьць інтэрнэт, але гэтага мне асабіста мала. Мне патрэбны кантакты з жывымі людзьмі, з тэкстам, які я магу ўзяць у рукі, нават, як некаторыя кажуць, каб панюхаць друкарскую фарбу”.

Карэспандэнт: “А хто найбольш цікавы з тых, хто прыехаў, для цябе асабіста?”

Ваўранюк: “Мне самы цікавы Валянцін Акудовіч, паколькі ён ня першую групу літаратараў прасоўвае наперад. Прычым, цікавыя менавіта ягоныя думкі”.
XS
SM
MD
LG