Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткімі умовамі крэдыту Масква адказвае на непрызнаньне Абхазіі?


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Расея выставіла шэраг умоваў (прыватызацыя, выкарыстаньне расейскага рубля) у сувязі з выдачай Беларусі крэдыту. З чым гэта зьвязана?


Намесьнік міністра фінансаў Расеі Дзмітры Панкін паведаміў аб умовах выдачы крэдыту для Беларусі. “Мы плянуем, што крэдыт будзе зьвязаныя з прыняцьцем пляну сумесных дзеяньняў, дзе будуць вызначаныя меры эканамічнага характару...Там будуць зафіксаваныя пытаньні валютнага курсу, доступу расейскіх кампаніяў на беларускі рынак, пытаньні прыватызацыі, плацёжнага балянсу Беларусі”, -- заявіў расейскі чыноўнік. Ён таксама ня выключыў, што крэдыт можа быць зьвязаны з выкарыстаньнем расейскага рубля як агульнай валюты разьлікаў ці рэзэрвовай валюты. Што азначае жаданьне Расеі выставіць у сувязі з выдачай крэдыту шэраг умоваў?

На гэтае пытаньне адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: “Наколькі для вас было нечаканым тое, што Расея абумовіла выдачу крэдыту цэлым шэрагам “пажаданьняў”, у тым ліку пытаньнямі прыватызацыі і выкарыстаньня расейскага рубля?”

Кірыл Коктыш
Коктыш:
“Расея досыць асэнсавана вылучае тыя пытаньні, якія будуць наўрад ці прымальнымі для Беларусі. Менавіта гэта і ёсьць сэнсам гэтага дэмаршу. Вядома ж, Расея прафінансуе Беларусь, бо Масква не зацікаўленая, каб у Беларусі адбыўся эканамічны каляпс. Але гэтае фінансаваньне ня дасьць нейкай прасторы Менску, каб яму можна было вольна дыхаць.

Тыя дэманстратыўна некамфортныя ўмовы, якія вылучыла Масква – гэта сродак вярнуць Беларусі той самай манэтай яе нежаданьне прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Памылка Менску была ў тым, што ён гэтыя пытаньні пераўтварыў у гандаль, і зараз нарваўся на гандаль у іншым праблемах”.

Цыганкоў: “Але рашэньне па выдачу крэдыту ўжо абвешчана. Які сэнс вылучаць нейкія “некамфортныя” патрабаваньні, калі ўсё роўна грошы будуць дадзеныя?”

Коктыш: “Гэта гандаль, нешта можна зьняць падчас перамоваў, нейкія можна праціскаць. Расея зараз адчувае сябе ў даволі моцнай пазыцыі, бо ў адрозьненьні ад даляру, рубля і эўра газ – самая цьвёрдая валюта. Масква, вядома, адчувае гэты моц за сваімі плячыма.
Але Расея б так ня ціснула б, калі б Менск ня даў падставы для гэтага. Пасьля таго, як Беларусь увязалася ў ня тую гульню з гандлем вакол прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, адносіны да Беларусі ў расейскім грамадзтве значна зьмяніліся. Зараз недзе каля 60 працэнтаў расіян называюць беларуска-расейскія адносіны “праблемнымі”. Гэтага не было ніколі раней, гэтага не было падчас газавай вайны 2004 году, калі грамадзкая думка была на баку беларусаў.

Таму вылучэньне гэтых жорсткіх умоваў у сувязі з крэдытам – гэта адлюстраваньне таго, што Менск зрабіў памылку, пераўтвараючы ў гандаль пытаньне прызнаньня. Куды прасьцей было б сказаць – “мы ня можам іх прызнаць”, і зачыніць на гэтым пытаньне. Памылкай было пачаць гэтым гандляваць”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG