Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаю Аўтуховічу не дазволілі працаваць кіроўцам таксоўкі


Палітвязень Мікалай Аўтуховіч працуе кіроўцам у сябе дома ў Ваўкавыску. Зьняволеньне яму замянілі на абмежаваньне свабоды па месцы жыхарства. Ён знаходзіцца пад наглядам міліцыі, а тэрмін прысуду скончыцца толькі ўлетку наступнага году. Раней у яго было больш за дваццаць таксовак, але калі Аўтуховіч не захацеў ствараць таксафірму, суд палічыў гэта парушэньнем — ухіленьнем ад сплаты падаткаў. Як жывецца палітвязьню сёньня?


Мікалая Аўтуховіча рэгулярна правяраюць міліцыянты, а працуе ён у фірме “Ніка-таксі 22222”. У ёй трынаццаць машын. Таксоўкі, якія належалі самому Аўтуховічу, сканфіскавалі, але частку машын пакінулі яго жонцы Алене.

“Я лічуся проста кіроўцам. Кіроўцам таксоўкі мне не дазволілі працаваць, бо ў мяне рэжым, я пасьля дзевятнаццатай гадзіны павінен быць дома. Мне не дазваляюць выяжджаць за тэрыторыю Ваўкавыска ні па працы, ніяк. У выходныя дні мне ўвогуле не дазваляюць выходзіць з дому: у суботу і ў нядзелю, і ў сьвяточныя дні”.

Я лічуся проста кіроўцам. Кіроўцам таксоўкі мне не дазволілі працаваць, бо ў мяне рэжым, я пасьля дзевятнаццатай гадзіны павінен быць дома
У мінулым траўні Мікалай Аўтуховіч разьлічваў на зьмену пакараньня — на гэтак званае “ўмоўна-датэрміновае вызваленьне”. Але на яго склалі пратакол нібыта за дробнае хуліганства. І хаця суд палічыў выпадак нязначным, дакумэнты на датэрміновае вызваленьне Аўтуховіча складзены не былі.

Пакуль Аўтуховіч быў у турме, а яго машыны — пад арыштам, у Ваўкавыску зьявіліся новыя таксоўкі, іх стала больш. Аўтуховіч падбаў пра ўзровень сэрвісу, цяпер яго ўсе прытрымліваюцца, кажуць у горадзе. Вось меркаваньне аднаго з жыхароў:

Спадар: “За той час, як ён змагаўся, падняліся новыя фірмы. Трэба аддаць яму належнае, што ён нейк ускалыхнуў усё. Без Аўтуховіча не было б гэтых іншых фірмаў. У яго была пастаўлена справа, усё арганізавана, дыспэтчарская служба добра працавала”.

Дачка Мікалая Аўтуховіча Каця скончыла сёлета школу, агульны бал атэстату — амаль дзясятка. Аднак трапіць у рамках праграмы Каліноўскага на вучобу ў Польшчу яна не змагла.

Аўтуховіч:
“Пракінулі яе па праграме Каліноўскага. Прайшла тэсты, зьезьдзіла ў консульства, гутарку прайшла. А потым сказалі: вам няма васямнаццаці гадоў”.

Паступаць вучыцца ў беларускія ВНУ было ўжо запозна, і сёньня Каця дома. Як думаюць Аўтуховічы дзейнічаць далей?

Аўтуховіч:
“Цяпер я хачу адправіць яе ў Польшчу на падрыхтоўчы курс, ну “нулёўку”. Зраблю ўсё магчымае, візу зрабілі, цягам месяца ўсё вырашыцца. Але цяжка, куды ні стукаесься, паўсюль зачынена”.

Мікалая Аўтуховіча пасадзілі ў 2006 годзе на тры з паловай гады, абвінаваціўшы ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры і ў ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі, без атрыманьня ліцэнзіі. За кратамі прадпрымальнік прабыў крыху больш за два гады. Падчас сьледзтва, а затым і суду ён праводзіў галадоўкі пратэсту. Спачатку, пакуль ішло сьледзтва, ён дамогся, каб яго перавялі са сьледчага ізалятара пад хатні арышт у Ваўкавыск. Але напярэдадні суду ён уцёк і быў затрыманы праз два месяцы ў Менску, дзе хаваўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG