Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учынены напад на салігорскую праваабаронцу


Сёньня ў Салігорску напалі на салігорскую праваабаронцу Яну Палякову. У міліцыі яна атрымала яшчэ адну траўму.


Яна Палякова цяпер знаходзіцца дома. Яна расказала, што на яе напалі а 5-й вечара:

“Падышоў, ўдарыў мяне па патыліцы і сказаў: «Сука, калі ты не заціхнеш, то гэта апошняе папярэджаньне!». У мяне каса́ ўверх закладзеная. Ён схапіў мяне за валасы і ўдарыў скроньню ці то аб дзьверы, ці то аб вяршнік, ці яшчэ аб нешта”.

Яна Палякова расказала, што сама, проста з пад’езду па мабільным тэлефоне выклікала “хуткую дапамогу”, а потым і міліцыю. У траўмапункце ёй аказалі мэдычную дапамогу, пасьля яна доўга чакала, пакуль туды прыедуць міліцыянты. З траўмапункту яе забралі ў міліцыю, каб яна там напісала заяву аб нападзе.

Яна Палякова паведаміла, што ў міліцыі ёй стала кепска. Калі яна паспрабавала выйсьці на сьвежае паветра, то адчула ўдар:

“Ён мяне схапіў за кофту і так штурхнуў, што я апынулася на падлозе. Сядзела і не магла ўстаць. Моцны боль унізе хрыбетніцы, і нага цяпер так баліць, што не магу на ёй стаяць”.

Варта прыгадаць, што 30 жніўня Яну Палякову ў цэнтры Салігорску затрымалі міліцыянты. Тады, паводле ейных слоў, людзі ў цывільным і ўчастковы міліцыянт у пастарунку прапанавалі ёй падпісаць нейкія дакумэнты. Калі ж жанчына паспрабавала іх узяць, каб прачытаць, то атрымала моцны ўдар па руках, а потым яшчэ ўдары па нагах. Мэдыкі потым зафіксавалі пабоі.

У часе выбараў у Палату прадстаўнікоў Яна Палякова зьбірала подпісы за Вольгу Казуліну. Праваабаронца лічыць, што такім чынам у міліцыі яе паспрабавалі запалохаць.

Яна Палякова сёньня мелася накіраваць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў, бо з абласной пракуратуры атрымала адмоўны адказ .

Жанчына ўпэўнена, што мэта нападу — канчаткова яе запалохаць: каб яна спыніла сваю дзейнасьць і ня скардзілася на дзеяньні мясцовых міліцыянтаў.

“Гэта помста за тое, што я пасьмела зьвярнуцца з адпаведнаю заявай на супрацоўніка міліцыі і ўказаць ягонае прозьвішча”, перакананая Яна Палякова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG