Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сілавыя структуры забясьпечваюць парадак


Грамадзяне заўсёды бачаць шмат супрацоўнікаў сілавых структур падчас масавых мерапрыемстваў. Міліцыянты заўсёды працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Нягледзячы на тое, што дэ-юрэ яны ахоўваюць грамадзкі парадак і сочаць, каб не было шкоды маёмасьці і асобе кожнага грамадзяніна, дэ-факта загады міліцэйскага кіраўніцтва аказваюцца зусім іншымі, калі размова ідзе пра акцыю апазыцыі, а не пра футбольны матч, гала-канцэрт ці сьвята гораду.

На афіцыйных і несанкцыянаваных вулічных мерапрыемствах заўсёды нясуць службу супрацоўнікі міліцыі з розных падразьдзяленьняў. Акрамя спэцназаўцаў, на акцыях апазыцыі знаходзяцца супрацоўнікі службы бясьпекі і КДБ. Гарадзкія ўлады задзейнічаюць таксама пажарных, мэдыкаў і камунальныя службы.

У сталіцы дзеяньнямі сілавікоў кіруе менскае ўпраўленьне ўнутраных спраў.

Падчас так званых народных гуляньняў, якія адбываюцца ў цэнтры гораду, у натоўпе знаходзяцца спэцназаўцы ў форме і ў цывільным. Задача — прадухіліць непажаданыя эксцэсы. Не сакрэт, што на плошчы зьбіраюцца людзі нападпітку, сярод якіх ёсьць аматары пабіцца адзін з адным.

Былы камандзір спэцназу міліцыі Юры Падабед паведаміў “Свабодзе”, што спэцназаўцы павінны вызначаць у натоўпе людзей зь неадэкватнымі паводзінамі.

“Заняткі па псыхалёгіі праводзяцца. Ёсьць стэрэатыпы паводзінаў чалавека. Ёсьць такія адхіленьні ад стэрэатыпу, якія адразу бачныя. Натуральна, трэба адразу спыніць, не дапусьціць нечага супрацьзаконнага, што парушае грамадзкі парадак.

Апошнім часам пайшлі на тое, каб забараняць алькагольныя напоі ў часе сьвятаў. Калі шмат п’яных людзей, то, натуральна, узьнікаюць канфлікты”.

Падчас канцэрту зорак эстрады спэцназаўцы ў цывільным знаходзяцца каля артыстаў, яшчэ некалькі дзясяткаў у форме і ў цывільным — сярод гледачоў. Існуюць адмысловыя пляны, як дзейнічаць на тых ці іншых вулічных мерапрыемствах.

Супрацоўнік аддзелу інфармацыі МУС Беларусі Алег Сьлепчанка апавёў:

“Сумесна з органамі ўлады ствараюцца ачагі гуляньняў у кожным раёне, каб пазьбегнуць масавага сходу людзей у цэнтры гораду”.

Сёлета пасьля выбуху ў ноч на 4 ліпеня падчас сьвяточнага канцэрту, калі было паранена каля 50 чалавек, гарадзкія ўлады праз сродкі масавай інфармацыі загаварылі пра дадатковыя захады бясьпекі. 13 верасьня падчас афіцыйнага сьвяткаваньня дня гораду міліцыянты не пускалі туды, дзе сабраўся найбольшы натоўп, людзей нападпітку, з бутэлькамі і з рэчамі, якія могуць нанесьці траўму іншым людзям.

Супрацоўнік прэсавай службы ГУУС Менску Аляксандар Ластоўскі распавёў:

“Не прапускалі відавочна п’яных. Ды й ўнутры адчувалася больш спакойная атмасфэра. П’янаму чалавеку хапае іскры, каб пачаўся скандал. Была ўсё значна спакойней. Патрабаваньні сталі больш жорсткія. Міліцыянты ўжывалі мэталашукальнікі, агляд грамадзянаў, рэчаў, якія яны праносілі. Відаць насьпела неабходнасьць узмацненьня мер”.

Што ж да акцый апазыцыі, то супрацоўнік прэс-службы патлумачыў:

“Ну, апазыцыя не апазыцыя. У дадзеным канкрэтным выпадку гэта абсалютна ня важна. Палітычны аспэкт акцый ня мае ніякага значэньня. Гэта не тое, што нехта захацеў, прыдумаў, маўляў, сёньня я пастаўлю 500 міліцыянтаў, а заўтра – 2. Кожнае мерапрыемства ўзгадняецца кіраўніцтвам ГУУС і кіраўніцтвам Менгарвыканкаму, зыходзячы з задач, колькасьці ўдзельнікаў, маршруту руху і, зыходзячы, перш за ўсё, з заканадаўства”.

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку неаднойчы зьбівалі падчас разгону апазыцыйных акцый. Ён перакананы, што менавіта на апазыцыйных акцыях міліцыянты выконваюць загады, якія супярэчаць ня толькі міжнародным нормам, але й беларускаму заканадаўству.

“Калі людзі выходзяць з партрэтамі зьніклых, забітых палітыкаў і журналістаў, то для гэтага ім не патрэбны дазвол уладных структур. Гэта, калі верыць старшыні Вярхоўнага суду сп.Сукалу, які вынес такое рашэньне па адной з судовых спраў, а таксама тагачаснаму першаму намесьніку, які цяпер узначальвае Канстытуцыйны суд, сп.Міклашэвічу.

А што адбываецца на практыцы? Выбягаюць людзі ў чорным – у форме і без формы і пачынаюць зачыстку. Людзей выганяюць, людзей зьбіваюць. І гэта адбываецца з года ў год”.

Паводле актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, прэвэнтыўныя затрыманьні напярэдадні буйных акцый апазыцыі сталі нормай. Толькі сёлета спэцназаўцы затрымалі ў судах і на вуліцы за некалькі дзён да акцыі больш за 20 чалавек, абвінаваціўшы іх у нецэнзурнай лаянцы.

Гаворыць актывістка “Маладога фронту” Кася Галіцкая:

“Часам міліцыянты маюць інфармацыю пра маючыя адбыцца акцыі загадзя. Напрыклад, 16 студзеня мы плянавалі правесьці пікет у падтрымку Артура Фінькевіча – пакатацца на каньках зь яго партрэтамі ў руках. Як толькі мы прыйшлі на каток, нават не пасьпелі распрануцца, як міліцыянты затрымалі нас і склалі пратаколы за несанкцыянаваны мітынг, які нават не пасьпеў пачаца”.

Артур Фінькевіч прыгадаў:

“Супрацоўнікі сілавых структураў ловяць дэмакратычных актывістаў калі кватэраў, каля пад’ездаў і ў саміх кватэрах, каб яны не маглі выказаць сваю грамадзкую пазыцыю на плошчы. А на саміх акцыях супрацоўнікі спэцслужбаў і сілавых структураў паводзяць сябе, увогуле, па-хамску. Яны зьбіваюць мірных дэманстрантаў, жанчынаў, малых дзяцей. Рвуць сьцягі, рвуць нацыянальную сымболіку, якой больш за 700 гадоў.

Зразумела, што гэта не іхняя асабістая ініцыятыва, а загад”.

Пры разгоне дэманстрацый сілавыя структуры ўжываюць розную тактыку. Часам людзей выціскаюць з плошчы ланцугом спэцназу. Часам спэцназаўцы абкружаюць невялікую групу і закідаюць затрыманых у аўтазакі. Часам дэманструюць вадамётныя машыны, каб застрашыць патэнцыйных удзельнікаў. 25 сакавіка 2007 году пры разгоне мірнага шэсьця на праспэкце Дзяржынскага вайскоўцы выкарысталі шумавыя бомбы.
XS
SM
MD
LG