Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суполка беларускамоўных камэнтатараў развалілася


Кіраўнікі БТ, цяперашні і былы: А. Зімоўскі, Я. Рыбакоў ды журналіст АНТ Я. Хрусталёў

Кіраўнікі БТ, цяперашні і былы: А. Зімоўскі, Я. Рыбакоў ды журналіст АНТ Я. Хрусталёў

Чаму спартовыя камэнтатары Беларускага тэлебачаньня цалкам зрусыфікаваліся?

У Эўропе учора і сёньня – вялікі футбол. Футбалісты барысаўскага БАТЭ ў матчы другога туру Лігі чэмпіёнаў на менскім стадыёне “Дынама” згулялі ўнічыю 2:2 з італьянскім “Ювэнтусам”. Сустрэча супернікаў беларусаў у групе “Н” — расейскага “Зэніту” і гішпанскага “Рэалу” скончылася на карысьць мадрыдцаў – 2:1. Гэтыя ды іншыя матчы трансьлявалі беларускія тэлеканалы — адпаведна Першы нацыянальны і “Лад”. І калі забесьпячэньне доступу заўзятараў да эўракубкавых гульняў вырашаецца пасьпяхова, то пытаньне мовы рэпартажаў застаецца адкрытым — спартовыя камэнтатары БТ апошнім часам цалкам русыфікаваліся.

Спорт на беларускім тэлебачаньні — у ліку стратэгічных прыярытэтаў. На спартовыя трансьляцыі сродкаў не шкадуюць: летнія і зімовыя Алімпійскія гульні, эўрапейскія і сусьветныя футбольныя, хакейныя, гандбольныя, баскетбольныя першынствы, тэнісныя матчы Кубку Дэвіса і Кубку сьвету ў біятлёне — усё гэта падаецца ў прайм-тайм, у самы дарагі эфірны час.

Акцэнт у бок спорту істотна пашырыў лаву спартовых камэнтатараў. Калі раней мэтар тэлежурналістыкі Ўладзімер Навіцкі практычна аднаасобна задавольваў спартовыя патрэбы тэлебачаньня, то цяпер зьявілася мноства новых, пераважна маладых галасоў, якія для недасьведчанага гледача зьліваюцца ў адзін.

Чаго не пачуеш цяпер у абсалютнай большасьці рэпартажаў — дык гэта беларускай мовы. Нават згаданы спадар Навіцкі, а таксама вернуты пасьля доўгай адсутнасьці на тэлебачаньне Сяргей Новікаў загаварылі па-расейску. Нядаўна капітуляваў камэнтатар, які даўжэй за іншых трымаў на БТ “беларускую абарону” — Павал Баранаў. Ён не хавае, што калі раней кожны сам меў магчымасьць выбіраць працоўную мову, то цяпер сытуацыя зьмянілася:

“Я жадаў бы, канечне, працаваць на беларускай мове. Гэта для мяне прынцып. Як толькі прыйшоў на тэлебачаньне, маёй мэтай было працаваць менавіта на беларускай мове. Ну і працаваў жа два гады, асьвятляў чэмпіянат Італіі. Дагэтуль людзі згадваюць, дзякуюць. Але тут ад мяне нічога не залежыць.

Спачатку была настойлівая просьба перайсьці на расейскую мову, калі камэнтаваў чэмпіянат Англіі па-беларуску. А потым ужо, празь некаторы час, гэта закранула таксама і відэачасопіс Лігі чэмпіёнаў
Замова прыйшла зь Першага каналу, каб усё было на расейскай мове.
, бо, на іх думку, будзе вышэйшы рэйтынг. З майго боку ўсё, што ад мяне залежала, я зрабіў... Павінна быць палітыка, воля перш за ўсё кіраўнікоў. Але ў нас тут ёсьць розныя рэчы, розныя плыні. Хапае ўсяго на самім тэлебачаньні. Хоць гэта павінна быць палітыка асобнага каналу. Калі гэта Першы канал, то, на маю думку, і выпускі навінаў павінны быць на беларускай мове, і ўсё астатняе”.

Татальная беларусізацыя тэлебачаньня па ўсіх напрамках пачалася пры канцы 1970-х, з прыходам на пасаду кіраўніка Генадзя Бураўкіна. “Бэтэшнікі” ўзгадваюць, як тагачасны супрацоўнік дзіцячай рэдакцыі Алесь Камароўскі пачаў весьці першыя футбольныя рэпартажы па-беларуску — упершыню з экрану загучэла лякалізаваная тэрміналёгія: “па-за гульнёй”, “абаронца”, “брамнік”.

Наступныя 20 гадоў традыцыя беларускамоўных рэпартажаў трывала, пакуль у новым тысячагодзьдзі Нацыянальная тэлерадыёкампанія зноў не разьвярнулася тварам да “вялікага і магутнага”. Працягвае Генадзь Бураўкін:

“Калі мы ўводзілі беларускую нацыянальную тэлевізійную праграму, адпаведна вырашылі: трэба пераводзіць на беларускую мову і спартовыя рэпартажы. Бо ў спорту вялікая аўдыторыя, і яна таксама павінна прывыкаць да беларускай мовы. Першы, хто пачаў весьці футбольныя рэпартажы (яны тады кароткія былі, наколькі памятаю, 15-хвілінныя трансьляцыі) — гэта Алесь Камароўскі. Ён у свой час не на самым высокім узроўні, але ўсё ж гуляў у футбол і плюс да ўсяго валодаў мовай.

Пачатак быў, можа, і ня самы ўдалы, бо не хапала традыцый, нават сапраўды тэрміналёгіі спартовай беларускай. Але ён пачаў, і мы ўсе да гэтай справы далучаліся; кожны ягоны выхад вельмі падрабязна абмяркоўвалі і часам шукалі нейкія заменьнікі, якіх у беларускай мове не было. Паступова ўсё гэта пашыралася. У свой час вельмі цікава вёў рэпартажы па-беларуску Ўладзімер Навіцкі. Потым стаў, на мой погляд, проста выдатна весьці рэпартажы Сяргей Новікаў. І ў нас зь цягам часу склалася свая цэлая школа спартовых камэнтатараў”.

Супрацоўнікі БТ у кулюарах кажуць, што цяпер на тэлебачаньні пануюць іншыя парадкі. Прафэсіяналізм камэнтатараў ацэньваецца ледзьве не ў апошнюю чаргу — калі меркаваць па тым, якая плынь сьвядомасьці часта ліецца з экрану. Пра беларускую мову ня ўзгадваецца ўвогуле. Стратэгічныя матчы з удзелам беларускай футбольнай зборнай ці камандаў, якія гуляюць у эўракубках, усё часьцей абыходзяцца без пазнавальных галасоў Уладзімера Навіцкага, Сяргея Новікава, Аляксандра Пуцілы, Паўла Баранава ды іншых. Унутранае лобі робіць стаўку на маладых і амбітных.

Спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі не жадае заглыбляцца ў нюансы тэлевізійнай кухні. Дый па-беларуску гаворыць, калі пра тое толькі папросіш. У прывязцы да сёньняшняга дня ацаніў здольнасьці БАТЭ ў сустрэчы з грандамі сусьветнага футболу (цяпер ужо рэдкі шанец пачуць экстравагантнага камэнтатара па-беларуску):

“Асабіста я падыходжу да ўсіх гэтых прагнозаў крыху зь іншага пункту гледжаньня. Найперш, сустрэча ў Мадрыдзе паказала: барысаўцы, па вялікім рахунку, не зьбянтэжыліся, ня склалі, як кажуць, загадзя зброю перад аб’ектыўна куды больш грозным, куды больш вопытным з гледзішча майстэрства супернікам.

І напярэдадні гульні з “Ювэнтусам” меркаваць, як магла скласьціся сустрэча — гушча ад кавы, што там яшчэ на розум можа прыйсьці, калі шукаць нейкае параўнаньне, як з больш-менш рэальнай імавернасьцю штосьці прадказваць. Мы з вамі разумеем: спорт, футбол — тут тысяча і адна дробязь, ад якіх шмат што залежыць. Але без аніякага (зразумела якога) пачуцьця перад аўтарытэтам “старой сіньёры”, таго ж “Ювэнтусу”, барысаўскі клюб зрабіў усё магчымае, каб годна выглядаць перад сваім гледачом”.

Няма ў краіне ня толькі беларускамоўных тэлеканалаў, але і спэцыялізаваных спартовых выданьняў з працоўнай беларускай мовай. Выключэньнем — хіба спартовы партал match.by, які трымае заўзятараў у курсе спаборніцтваў у рэжыме онлайн.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG