Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надвор’е і спорт — важнейшыя за выбары?


Экспэрты Беларускай асацыяцыі журналістаў вядуць маніторынг, наколькі поўна і ўсебакова беларускія сродкі масавай інфармацыі асьвятляюць выбарчы працэс і дзейнасьць суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у ім, а таксама наколькі матэрыялы адпавядаюць прынцыпам журналісцкай этыкі і прафэсійным стандартам журналісцкай працы. Сёньня яны зрабілі трэцюю справаздачу за пэрыяд з 1 па 15 жніўня.

Маніторынг ахоплівае 20 сродкаў масавай інфармацыі, друкаваных і электронных, дзяржаўных і незалежных. Агульная выснова, якую зрабіў ад імя групы экспэртаў Алесь Анціпенка: дзяржаўныя мэдыі надзвычай сьціпла і паводле надзвычай спрошчанай схемы асьвятляюць выбарчую кампанію:

“Агульнанацыянальнае тэлебачаньне (ОНТ) інфармацыі пра надвор’е аддавала ў два разы больш увагі, чым выбарчаму працэсу. Тая ж самая сытуацыя відавочная і ў рэгіянальных электронных мэдыях: на Гомельскім абласным радыё выбарам адведзена ў 3 разы меней часу, чым спорту, і ў 10 разоў меней, чым інфармацыі пра надвор’е”.

У разьмеркаваньні плошчы паміж рознымі суб’ектамі ў “Советской Белоруссии” лідэрам зьяўляецца прэзыдэнт краіны — на яго прыпадае амаль 81% ад усёй газэтнай плошчы, адведзенай розным суб’ектам выбарчага працэсу. Заходнім назіральнікам адведзена прыкладна 3% плошчы, ЦВК — 10%. Агулам у газэце рэпрэзэнтаваныя толькі 6 суб’ектаў выбарчага працэсу. Тыднёвік “Белорусы и рынок” асьвятляе дзейнасьць 15 суб’ектаў, і прэзыдэнт тут займае плошчу прыкладна 5%.

Крыху іншая сытуацыя — у інтэрнэт-рэсурсах. Інтэрнэт-партал tut.by рэпрэзэнтуе 25 суб’ектаў. На вэб-старонцы БелТА рэпрэзэнтаваныя 17 суб’ектаў, але асноўную плошчу віртуальнай прасторы тут займаюць два фігуранты: прэзыдэнт — 49%, і Цэнтральная выбарчая камісія — амаль 40%”.

Алесь Анціпенка падсумоўвае:

“Дзяржаўныя мэдыі асьвятляюць выбарчы працэс паводле сваёй схемы, калі фактычна выбары ёсьць арганізаваным працэсам і калі асноўныя дзеючыя асобы — ня выбарцы, не электарат, не палітычныя партыі, не кандыдаты, а тыя, хто арганізуе выбарчы працэс. У краіне дзейнічае канструктыўная і творчая ўлада і інфантыльная і дэструктыўная апазыцыя”.

Што да недзяржаўных выданьняў — найбольш карэктна і збалянсавана працуюць “Белорусы і рынок”, “Брестский курьер”, “Народная Воля”.

Чаму беларускія мэдыі маюць такую манеру асьвятленьня выбарчага працэсу? На думку Алеся Анціпенкі, ёсьць дзьве канцэпцыі выбараў. Адна — традыцыйная, савецкая: выбары — пачэсны абавязак кожнага грамадзяніна, і ня важна, за каго ты прагаласаваў, кандыдата ўжо падабралі. І другая — выбары як выбар:

“Калі сапраўды ёсьць выбар, падвышаецца кошт інфармацыі, значыць, выбарцы маюць вышэйшую зацікаўленасьць у тым, хто ўдзельнічае ў выбарчым працэсе, канкурэнцыя паміж якімі партыямі і палітычнымі плятформамі адбываецца, якія наступствы таго ці іншага палітычнага выбару могуць чакаць краіну. Ну, будзем думаць, што зь цягам часу мы таксама дойдзем да той сытуацыі, калі нашы мэдыі будуць асьвятляць сапраўды выбары як выбар”.

XS
SM
MD
LG