Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі 512 тысяч інвалідаў, у тым ліку 30 тысяч дзяцей-інвалідаў. Штогод колькасьць інвалідаў павялічваецца на 5 тысяч. З аднаго боку, дзяржава быццам бы клапоціцца пра інвалідаў: прынятая Дзяржаўная праграма рэабілітацыі і адаптацыі інвалідаў да 2010 году. З другога боку, тая ж дзяржава пазбаўляе льготаў. Што зьмянілася ў жыцьці інвалідаў пасьля адмены льготаў, як рэалізуецца праграма так званага безбар'ернага асяродзьдзя?


Намесьнік начальніка Ўпраўленьня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рыта Сушко паведаміла:

“Асноўныя сацыяльныя льготы ў “Законе аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзянаў” для інвалідаў першай групы — асноўныя сацыяльна-бытавыя — захаваныя. Для другой групы практычна ўсё захавана, для трэцяй — не”.

Старшыня Беларускай рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі кажа, што больш за ўсё пацярпелі менавіта інваліды трэцяй групы — іх пазбавілі льготаў на аплату лекаў, інваліды з парушэньнем апорна-рухальнага апарату ня маюць цяпер ільготаў на аўтамабіль:

Мала хто з дэпутатаў, якія галасавалі за скасаваньне льготаў, разумелі, што чалавек з ампутацыяй нагі ніжэй калена — гэта інвалід трэцяй групы
“Мала хто з дэпутатаў, якія галасавалі за скасаваньне льготаў, разумелі, што чалавек з ампутацыяй нагі ніжэй калена — гэта інвалід трэцяй групы. І зарабіць сябе на пратэз ён у прынцыпе ніяк ня зможа. І потым толькі ахнулі: ой, як мы так змаглі... І па-другое — аўтамабілі. Насамрэч гэта была зусім ня льгота. Гэта была дзяржаўная гарантыя: дзяржава гарантуе кожнаму ў нашай краіне свабоду перасоўваньня, і гэта было адной з гарантый для інвалідаў апорна-рухальнага апарату”.

У Беларусі прыкладна 15 тысяч інвалідаў на вазках. Паводле Сяргея Драздоўскага, штогод іх более на 100 чалавек. Раптам чалавек аказваецца ў супэрстрэсавай сытуацыі — яму трэба навучыцца жыць нанава. У навакольным сьвеце, амаль не прыстасаваным да нармальнага жыцьця.

Супрацоўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рыта Сушко кажа:

“У нас вазкамі забясьпечваюцца толькі інваліды першай групы, і бясплатна. Як правіла, беларускай вытворчасьці”.

Сяргей Драздоўскі добра ведае якасьць гэтых вазкоў:

“Калі кажуць: вось мы выдаем інвалідам вазкі, а ў іншых краінах не выдаюць... Канечне, калі параўноўваць з 1913 годам альбо зь некаторымі сярэднеазіяцкімі краінамі — то так. Але вось сытуацыя: чалавек атрымаў вазок, ён зламаўся. Трэба зьвяртацца на пратэзны завод і чакаць два тыдні. І то гэта магчыма адзін раз за ўвесь тэрмін эксплюатацыі. Калі чалавек актыўна карыстаецца вазком, гумы на колы яму хапае максымум на паўгода. А зьмена пакрышак магчымая толькі адзін раз у выглядзе рамонту”.

Сяргей Драздоўскі кажа, што зараз інваліды любымі шляхамі гатовыя адмовіцца ад бясплатных вазкоў беларускай вытворчасьці і атрымаць імпартны вазок з гуманітарнай дапамогі, нават ня новы.

Інвалід зь дзяцінства Дар’я Ліс дае такую ацэнку гэтым бясплатным вазкам беларускай вытворчасьці:

“Я іх ацэньваю на двойку па 10-бальнай сыстэме. Па-мойму, імі немагчыма карыстацца, што тычыцца мяне, гэта не варыянт”.

Карэспандэнтка: “А замежныя, імпартныя вазкі — ці даступныя яны па коштах?”

“Не, замежныя вазкі недаступныя па коштах, таму што кошт звычайнага вазка, без электрапрываду, нямецкай фірмы “Майра” — 1700 эўра”.

Кошты вазкоў з электрапрывадам нямецкай вытворчасьці пачынаюцца ад 3 тысяч эўра, інвалід наўрад ці ў стане набыць такі вазок. Праўда, супрацоўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рыта Сушко паведаміла, што ў 2009 годзе зьявіцца і айчынны вазок з электрапрывадам:

“Зараз рэалізуецца інавацыйны праект: мы распрацоўваем свой беларускі вазок з электрапрывадам. Умовы выдачы гэтага вазка будуць адрозьнівацца ад атрыманьня прагулачнага альбо хатняга вазка. Там трэба будзе плаціць — у залежнасьці ад катэгорыі, да якой адносіцца інвалід першай альбо другой групы”.

Старшыня Беларускай рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі распавядае:

Тое, што распрацоўвае Мінпрацы сумесна з пратэзным заводам — гэта будзе вазок для перасоўваньня па доме з электрапрывадам. Гэта, вядома, прасьцей. Але хто вывучаў попыт
“Я бачыў досьледныя ўзоры. Але гэты вазок яшчэ ніхто не выпрабоўваў у эксплюатацыі. Больш за 70% інвалідаў маюць патрэбу перасоўвацца ў вазку па вуліцы, менавіта па вуліцы, а не па доме. Тое, што распрацоўвае Мінпрацы сумесна з пратэзным заводам — гэта будзе вазок для перасоўваньня па доме з электрапрывадам. Гэта, вядома, прасьцей. Але хто вывучаў попыт...”

Нават калі ў інваліда ёсьць вазок з электрапрывадам, як яму трапіць у будынак? Сярод аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры толькі кожны пяты неяк улічвае патрабаваньні людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, абсталяваны пандусамі. Вядучы спэцыяліст Мінпрацы Галіна Трафіменка запэўнівае:

“Сёньня ніводзін праект новага будаўніцтва — няважна, будуецца паліклініка, жылы дом, аптэка, крама — ня можа пачаць будавацца, калі там не прадугледжаныя пандусы, пад'езныя шляхі для інвалідаў-вазочнікаў, людзей на мыліцах”.

Сяргей Драздоўскі пацьвярджае, што апошнім часам зрухі ёсьць, пандусы сапраўды зьяўляюцца, але:

“Будуецца пандус да ўваходу, а літаральна за дзьвярыма — восем прыступак наверх. А ўсярэдзіне нават вахцёра няма. Што рабіць далей — незразумела. Трэба прадумаць, як забясьпечыць інваліда ўсім спэктрам паслуг гэтага аб'екта. На жаль, пра гэта ніхто ня думае. Прыляпілі пандус, а што толку? Трэба вынік, а ня гэтыя палавіністыя захады”.

І такіх прыкладаў шмат. Ва Ўруччы пабудавалі новую станцыю мэтро зь ліфтам для інвалідаў. Ліфт яшчэ ні разу не ўключалі. На станцыі мэтро “Спартыўная” ўсталявалі пад'ёмнік для інвалідаў, але там вельмі лёгкая канструкцыя, якую можна скруціць любым шрубавёртам. Для абароны ад вандалаў павесілі замок, і інваліду, каб увайсці на станцыю мэтро, трэба знайсьці чалавека з ключом і чакаць, пакуль адчыняць. Тое самае са спэцвагонам для перавозкі інвалідаў. Праваднік вагону кажа, што пад'ёмнік там не працуе.

Але самая вялікая праблема — гэта жытло, жылыя дамы і кватэры, не прыстасаваныя для інвалідаў, сьцьвярджае Сяргей Драздоўскі:

Даходзіць да таго, што інваліды судзяцца са сваімі выканкамамі, каб тыя вярнулі ім грошы за тое, што інваліды самі пабудавалі пандусы
“З жытлом — гэта катастрофа. Даходзіць да таго, што інваліды судзяцца са сваімі выканкамамі, каб тыя вярнулі ім грошы за тое, што інваліды самі пабудавалі пандусы. І ў гэтай сытуацыі мясцовыя аддзелы сацыяльнага забесьпячэньня выступаюць на баку выканкамаў, а не інвалідаў. У Сьветлагорску нават судзьдзя заўважыў: ну як так, сацыяльная абарона выступае на баку ЖРЭА, а не інваліда?”

Хоць дзяржава і дэкляруе сваю ўвагу да інвалідаў, але нават тыя, хто мае найгоршую катэгорыю — першую, нярэдка кажуць: насамрэч для ўладаў яны — людзі другога гатунку. А паводле стаўленьня грамадзтва да фізычна абмежаваных грамадзянаў, паводле клопату дзяржавы аб хворых, слабых, нямоглых мяркуюць пра цывілізаванасьць нацыі ў цэлым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG