Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне разыгрываліся 23 камплекты ўзнагародаў, аднак на ніводную зь іх беларускія спартоўцы не прэтэндавалі.

Таксама стала зразумела, што ня будзе беларускіх удзельнікаў у адной з самых відовішчных праграмаў — жаночай эстафэце 4х100 мэтраў. У паўфінальным забегу квартэт беларусак на чале з алімпійскай чэмпіёнкай Афінаў Юліяй Несьцярэнкай фінішаваў апошнім. Слабым суцяшэньнем можа служыць тое, што з-за няўдалай перадачы эстафэты сыйшлі з дыстанцыі галоўныя фаварыткі — амэрыканкі. Тым часам беларускі сэктар алімпійскай вёскі пачынаюць пакідаць спартоўцы, якія ўжо скончылі выступы на ХХІХ Алімпіядзе.

Ад 180 спартоўцаў, якія прадстаўлялі Беларусь на цырымоніі ўрачыстага адкрыцьця ХХІХ Алімпійскіх гульняў 8 жніўня, у Пэкіне застаюцца толькі тыя, хто яшчэ задзейнічаны ў спаборніцтвах і хто захацеў працягнуць для сябе галоўнае спартовае сьвята чатырохгодзьдзя. Бальшыні прызэраў штаб беларускай зборнай дазволіў дачасна пакінуць кітайскую сталіцу. У ліку тых, хто двума першымі рэйсамі ўчора позна ўвечары і сёньня ўначы прыляцеў у Менск, — прызэры Гульняў вясьляркі Юлія Бічэк і Натальля Гелах, кідальнік молата Іван Ціхан і штангістка Анастасія Новікава, штурхальнікі ядра Андрэй і Натальля Міхневічы, а таксама сьцяганосец зборнай Беларусі, шматразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандар Раманькоў, плыўчыхі Аляксандра Герасіменя і Сьвятлана Хахлова, стралок Сяргей Макараў ды іншыя.

Пакуль адны беларускія спартоўцы пакуюць рэчы ў чаканьні адлёту дадому, іншыя толькі сёньня ўпершыню выйшлі на старт. На жаль, у бальшыні сваёй фініш нічога добрага ім не прынёс. У спартовай хадзе на 20 кілямэтраў Маргарыта Турава фінішавала 11-й, Сьняжана Юрчанка — 33-й, а Алену Гінько ўвогуле дыскваліфікавалі.

Няўдалымі для беларусаў стаў і паўфінальны забег на дыстанцыі 4х100 мэтраў. Беларуская чацьвёрка, на якую рабіліся стаўкі як на патэнцыйных прызэраў Алімпійскіх гульняў, фінішавала далёка ад заліковага часу і ў вырашальную стадыю ня трапіла. Сэнсацыя афінскай Алімпіяды Юлія Несьцярэнка, якую журналісты называлі няйначай як “белая маланка”, падобна, страціла сваю энэргію.

Зачахліў ракетку ў алімпійскім Пэкіне яшчэ адзін беларус, на якога ўскладаліся немалыя спадзяваньні — пяты нумар усясьветнага рэйтынгу ў настольным тэнісе Ўладзімер Самсонаў. Сёньня ён стартаваў з трэцяга кола, усухую перагуляўшы немца Крысьціяна Суса — 4:0. Але ў наступнай гульні са швэдам Ёргэнам Пэрсанам ня толькі ня змог давесьці да перамогі паядынак, які напачатку складаўся на яго карысьць, а саступіў зь лікам 3:4.

Алімпійская чэмпіёнка 2000 году ў кіданьні дыску, адна са старэйшых удзельніц Алімпіяды Эліна Зьверава яшчэ раней скончыла выступы ў Пэкіне на нязвыклай для сябе пазамэдалёвай шостай пазыцыі. Зрэшты, атлетка дала зразумець, што са спартовай кар’ерай у 47 гадоў трэба “завязваць”. Таму проста цешыцца апошнімі вольнымі днямі ў алімпійскай вёсцы. Цікаўлюся, ці істотная розьніца ў геаграфічных шыротах Алімпіядаў?

“Ой, ведаеце, як для мяне, дык істотнай розьніцы няма. Дарэчы, па атмасфэры тут вельмі падобна, як было ў Сыднэі. Што да нашай каманды, то атмасфэра таксама вельмі сяброўская, цудоўная. Зборная ўся як адно цэлае; адны за аднаго перажывалі, віды спорту таксама адзін аднаго моцна падтрымлівалі. І тут, у алімпійскай вёсцы, таксама ўсё цудоўна”.

Карэспандэнт: “А ўвогуле выступ беларускай зборнай як ацэньваеце?”

“Пачакайце, яшчэ ж ня ўсё скончылася... Але на гэты момант, канечне, беларусы выступілі годна”.

Тым часам зьбіраюцца дадому беларускія баскетбалісткі — дэбютанткі ў гульнёвых відах спорту. Пасьпяхова прайшоўшы групавую стадыю, яны ня здолелі супрацьстаяць гаспадыням Гульняў — кітаянкам. У выніку — шостае месца. Як лічыць адзін з самых вядомых у мінулым баскетбалістаў Канстанцін Шаравера, дзяўчаты паказалі ўнікальны вынік і падалі прыклад прадстаўнікам іншых гульнёвых дысцыплінаў. У спадара Шараверы я пацікавіўся, ці лічыць ён, што ўвогуле Алімпіяда праходзіць пад татальным вяршэнствам кітайскіх спартоўцаў?

“Як бы там ні было, спорт — гэта цікавая і непрадказальная рэч. Разумееце, калі даецца старт на сто мэтраў, калі судзьдзя страляе зь пісталету і спартовец стартуе, то ўжо ніякія іншыя фактары, апроч ягоных уласных якасьцяў, яго падрыхтоўкі і г.д. — нішто яго ўжо з панталыку не саб’е. Гэта спорт, тут усё непрадказальна. Таму не лічу, што ўсё пад кантролем кітайцаў, хоць мэдалёвая статыстыка на нешта падобнае і сьведчыць. Канечне, на іх рабілі вялікія стаўкі, канечне, у чымсьці яны дамінавалі, можа, фактар судзейскі не апошні, бо ён заўсёды прысутнічае. Дый родныя сьцены дапамагаюць. Але такога вялізнага завалу іншых, дамінаваньня кітайскага няма. Мяркую, ужо і не павінна быць”.

Цяпер мэдалёў беларускія заўзятары могуць чакаць хіба ад веславаньня на байдарках і каноэ: фінальныя заплывы ў весьляроў пачынаюцца заўтра.
XS
SM
MD
LG