Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачнікаў паставілі ў чэргі на рэгістрацыю ўчасткаў


У апошнія дні ў Гомельскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі й зямельным кадастры рынуліся мясцовыя дачнікі. Ад 7 жніўня набыў моц указ пра так званае ўпарадкаваньне дзейнасьці садовых таварыстваў. Паводле яго, гаспадары лецішчаў павінны ўзаконіць свае зямельныя ўчасткі, звычайна памерам 5—7 сотак, і зарэгістраваць пабудаваныя на іх летнія дамкі.

У ваколіцах Гомеля існуе звыш 300 садовых таварыстваў. Таму цяпер дзясяткі гараджанаў ідуць і едуць цяпер на вуліцу Войкава, 87, дзе месьціцца агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі.

У калідоры агенцтва чалавек каля трыццаці. Спадар Уладзімер стаў у чаргу на так званы прыём заказаў каля паўгадзіны таму:

“Колькі буду стаяць, пакуль ня ведаю. Незразумела, якая чарга. Сказалі, што за рогам сядзяць, што выйшлі трое. Колькі народу тут, я не ўяўляю.

У спадара Ўладзімера лецішча на Дняпры, у Белым Беразе. Гаспадарыць ён там каля двух дзясяткаў гадоў і зьдзіўляецца, чаму трэба столькі плаціць за рэгістрацыю пабудаванага ўласнымі рукамі дамка:

“Сказалі, што першая плата — 105 тысячаў. Потым тэхнікі прыедуць замяраць і гэтак далей, і гэтак далей… Дзіўна, вядома, што за такія грошы. Калі прыватызацыя кватэраў была, гэта — зразумела. Дзяржава іх пабудавала, нам іх далі. Дачны ж участак аформлены на мяне гадоў пятнаццаць таму. Там спрэс пясок быў. Амаль за два дзесяцігодзьдзі я яго ператварыў няхай ня ў райскі куточак — гэта гучна будзе сказана, але ж зямлю ўпарадкаваў. Усе, хто прыяжджае, кажуць, што добрую справу зрабіў. Дакумэнты ў мяне ўсе ёсьць. Я на гэтым участку сваімі рукамі, за свае грошы пабудаваў дом, а цяпер вымушаны плаціць грошы за прыватызацыю. Дакладней, за сьведчаньне таго, што я зьяўляюся тут гаспадаром. Дзіўна ўсё гэта!”

Галоўны майстар агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі Надзея Каленчукова лічыць: чэргі ўтвараюцца таму, што на рэгістрацыю лецішчаў адведзена мала часу.

“Такі ажыятаж пачаўся таму, што ва ўказе вельмі кароткі тэрмін адведзены для людзей. Ім вельмі цяжка ўсё гэта аформіць у такі тэрмін. Людзі нэрвуюцца. У каго ёсьць грошы, каму трэба адкласьці на афармленьне. Вось і нэрвуюцца людзі. Калі б тэрмін быў даўжэйшы, людзі да гэтага ставіліся б спакайней”.

Пашчасьціла крыху тым гаспадарам лецішчаў, хто дзесяць-адзінаццаць гадоў таму атрымаў на свае дачныя ўчасткі Дзяржаўныя акты на права пажыцьцёвага спадчыннага валоданьня зямлёй. Акты гэтыя выдаваліся яшчэ з гербам “Пагоня” й бел-чырвона-белым сьцягам.

Калі ж такога акту ў гаспадара лецішча няма, яму з даведкамі садаводчага каапэратыву трэба зьвяртацца спачатку ў землеўпарадчую службу райвыканкаму, каб выканкам даў дазвол на карыстаньне зямельным участкам. Гэта яшчэ адзін круг паходаў па інстанцыях, бо садаводчыя таварыствы атрымлівалі зямлю на падставе рашэньняў райвыканкамаў.

Як кажа дачнік, інвалід вайны спадар Васіль, усюды толькі адбіраюць грошы, усюды — валакіта:

“Я толькі пачаў хадзіць, бо трэба ўчастак прыватызаваць. Усюды й скрозь — валакіта”.

Спэцыяліст землеўпарадчай і геадэзычнай службы Гомельскага раёну, якая не схацела назваць свайго імя, патлумачыла парадак атрыманьня дачнікамі дакумэнту на права карыстаньня даўно асвоенай зямлёй:

“Калі ў іх ніякіх дакумэнтаў няма, то вызначэньне межаў участку ў інстытуце “Гомельгіпразем” каштуе тры базавыя велічыні. Што тычыцца рэгістрацыі зямельнага ўчастку ў бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі (цяпер — агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі), то пасьля рашэньня на адвод участку мы можам і самі аднесьці дакумэнты ў БТІ. Колькі там каштуе паслуга, дакладна расцэнак ня ведаем, бо гэта залежыць ад памеру ўчастку, дома, колькасьці паваротных пунктаў і г.д. Таму раім: “Бярыце да 50 тысяч”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG