Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пазачарговым зьезьдзе партыя БНФ пакінула Алеся Міхалевіча беспартыйным і заявіла, што пойдзе на прэзыдэнцкія выбары са сваім кандыдатам.

Зьезд пацьвердзіў рашэньне Сойму ад 14 чэрвеня аб выключэньні з партыі Алеся Міхалевіча.

Было прынята некалькі рэзалюцыяў, у адной зь якіх партыя БНФ заявіла, што можа спыніць свой удзел у парлямэнцкай выбарчай кампаніі, калі ў склад участковых камісіяў ня будуць уключаныя прадстаўнікі БНФ.

"Канфлікт вакол Міхалевіча зьвязаны з будучай прэзыдэнцкай кампаніяй"

На зьезьдзе былі зарэгістраваныя 64 дэлегаты, пры гэтым толькі 12 зь іх прадстаўлялі рэгіянальныя структуры, якія амаль цалкам выступаюць за аднаўленьне ў партыі Алеся Міхалевіча.

Выступаючы з дакладам, старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі апісаў палітычную сытуацыю, дзе, на ягоную думку, і Аляксандар Мілінкевіч, і Сяргей Калякін фактычна адкрыта ўжо рыхтуюцца да наступных прэзыдэнцкіх выбараў.

“Нам трэба як мага хутчэй вызначацца з асноўным кандыдатам ад БНФ на прэзыдэнцкіх выбарах і ягоным дублёрам. Гэта патрабуе ад партыі дадатковай дысцыпліны, – заявіў старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі. – Ёсьць людзі, якія выконваюць плян, распрацаваны ня тут. Выхад партыі на прэзыдэнцкія выбары з сваім кандыдатам павінен ажывіць нас. У нас унутры БНФ ня мусіць быць ніякіх іншых камандаў, камандаў іншых кандыдатаў”.






“Баршчэўскі ўпершыню за тры месяцы выступіў з праўдзівай прамовай, і сказаў адкрытым тэкстам тое, пра што дагэтуль гаварылі толькі ў кулюарах: канфлікт вакол Міхалевіча зьвязаны з будучай прэзыдэнцкай кампаніяй, з тым, на каго будзе працаваць БНФ на гэтых выбарах”, – сказаў у прыватнай размове адзін з дэлегатаў зьезду.

“Я ішоў на старшыню з праграмай, што ў партыі будзе парадак і адзіны цэнтар кіраваньня”, – заявіў Баршчэўскі, калі паўстала пытаньні аб адмене рашэньня Сойму аб выключэньня з партыі Алеся Міхалевіча.

Губарэвіч: "Зьезд праігнараваў волю рэгіёнаў – апірышча партыі"

“Вузкая група партыйнага кіраўніцтва думае, як выгадней прадаць партыйнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах альбо выкарыстоўвае гэтую тэму для зачысткі апанэнтаў”, — заявіў падчас свайго выступу прыхільнік Міхалевіча намесьнік старшыні партыі Юрась Губарэвіч. Вось што ён сказаў нашаму карэспандэнту пасьля зьезду:

“Я баюся, што гэтым рашэньнем канфлікт унутры партыі БНФ яшчэ больш паглыблены. Бо адносна рашэньня аб выключэньні Міхалевіча была адназначная пазыцыя ўсіх рэгіянальных структураў. На абласных сходах рашэньне было асуджана, і рэгіёны запатрабавалі яго адмены. Тым ня менш, зьезд, які прадстаўлены фактычна Соймам і невялікай колькасьцю рэгіянальных дэпутатаў, праігнараваў волю рэгіянальных структураў – асновы і апірышча партыі. Тым самым зьезд спарадзіў новы віток канфлікту”.

Сам Алесь Міхалевіч, якому далі слова, зноў заявіў, што ня бачыць сябе па-за партыяй і заявіў, што ён прынёс прабачэньне Лявону Баршчэўскаму за свае рэзкія выказваньні, даслаўшы іх у інтэрнэт-газэту “Салідарнасьць”. Баршчэўскі, аднак, заявіў, што паколькі гэтыя прабачэньні дасюль не апублікаваныя – значыць, іх і не было.

Старшыня БНФ прапанаваў паставіць на таемнае галасаваньне пытаньне аб адмене рашэньня Сойму аб выключэньні Міхалевіча.

А 15-й гадзіне сталі вядомыя вынікі галасаваньня бюлетэнямі – 28 за, 33 супраць, 2 устрымаліся. Такім чынам, застаецца ў сіле рашэньне аб выключэньні Міхалевіча з БНФ.

Міхалевіч: "Я ніколі не кажу нічога дрэннага пра маю партыю"


Пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня Лявон Баршчэўскі паставіў пытаньне аб узнаўленьні Алеся Міхалевіча ў партыі як шараговага сябра на пэўных умовах. Але супраць гэтага выступілі і многія дэлегаты, і сам Алесь Міхалевіч. Вось што Міхалевіч сказаў пасьля заканчэньня зьезду:

Міхалевіч: “Я ўпэўнены, што калі падам заяву аб аднаўленьні ў партыі праз мясцовую структуру, канешне, мяне прымуць, бо рэгіёны за мяне галасавалі і сёньня. Што да маёй далейшай партыйнай працы, мне трэба прыняць узважанае рашэньне, падумаць. Мінулы раз, перад тым, як я ўступаў у партыю БНФ у 1993 годзе, я думаў тры месяцы”.

Цыганкоў: “Ці ня варта было б на час парлямэнцкіх выбараў БНФ аб’явіць мараторый на далейшыя дыскусіі пра ваша выключэньне?”

Міхалевіч: “Падчас выбараў мы працуем з выбаршчыкамі, таму пытаньне пра выключэньне Міхалевіча ніяк не паўстае. Хаця ёсьць ужо шматлікія выпадкі ў рэгіёнах, калі людзі кажуць, што БНФ ня можа пагадзіцца паміж сабой унутры – куды яму ісьці ва ўладу? З майго боку, я ніколі не кажу нічога дрэннага пра маю партыю”.



Баршчэўскі: "Кандыдат у прэзыдэнты ад БНФ павінен быць ужо зімой"

Пасьля зьезду інтэрвію для “Свабоды” даў лідэр БНФ Лявон Баршчэўскі.

Цыганкоў: “Што можна назваць галоўнымі вынікамі зьезду?”

Баршчэўскі: “Зьезд прыняў вельмі важныя рэзалюцыі. Найперш, гэта рэзалюцыя пра міжнародны кантэкст. Мы павінны біць трывогу. Бо, па розных зьвестках, назіраюцца спробы некаторых колаў дамовіцца з Лукашэнкам за сьпінамі гармадзства і апазыцыі, – пра тое, напрыклад, як будзе выглядаць Палата прадстаўнікоў.

Другое – гэта рэзалюцыя пра ўдзел у выбарах. Мы адклалі прыняцьцё канчатковага рашэньня пра наш фармат далейшага ўдзелу паводле вынікаў рэгістрацыі нашых кандыдатаў і паводле таго, ці ўключаць нашых людзей у выбарчыя камісіі. Было засьведчана жаданьне партыі працаваць адзінай камандай з пэрспэктывай прэзыдэнцкіх выбараў, выхаду на іх з сваім кандыдатам, быў пракладзены праўны калідор для гэтага”.

Цыганкоў: “Ці паставіў зьезд кропку ў пытаньні Алеся Міхалевіча, ці гэтая сага будзе працягвацца? Можа, варта было б узяць паўзу хаця б на час парлямэнцкіх выбараў?”

Баршчэўскі
: “Мы не далі магчымасьць АДС вылучыць іншага кандыдата ва Ўруччы ў Менску, дзе ён балятуецца. На мясцовых сходах спадар Міхалевіч паводзіў сабе іначай, ён вельмі шчыра, як мне здавалася, каяўся ў дапушчаных памылках. Для мяне было расчараваньнем, што ён да зьезду не апублікаваў тое, што абяцаў – свае прабачэньні. Ён можа вярнуцца ў партыю звычайным шляхам – стаць на ўлік, удзельнічаць у далейшай палітычнай працы, у тым ліку як патэнцыйны прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты. Я такую магчымасьць бачу, тут усё залежыць толькі ад яго”.

Цыганкоў: “БНФ ужо цяпер адназначна вырашае, што на прэзыдэнцкіх выбарах будзе мець свайго кандыдата?”

Баршчэўскі: “Рашэньне такое прынята і папярэднім, і сёньняшнім зьездам, і мы яго павінны рэалізаваць. На наступным зьезьдзе будзе абвешчана імя гэтага кандыдата. Я лічу, што калі мы ня выйдзем са сваім кандыдатам зімой, у нас будзе мала часу для ягонай прапаганды. Мы павінны выйсьці, я зраблю для гэтага ўсё магчымае, каб ён быў зацьверджаны на наступным зьезьдзе”.

Тэксты рэзалюцыяў зьезду неўзабаве павінны зьявіцца на сайце Партыі БНФ.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG