Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: улада не становіцца лібэральнай


На гэтым тыдні ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працягвалі збор подпісаў у іх падтрымку.

Адначасова вылучаліся кандыдаты ў склад участковых выбарчых камісіяў.

Кіраўнікі Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў адзначаюць: улады пакуль вядуць сябе даволі лібэральна. Палітоляг Юрась Чавусаў такую ацэнку называе “завышанай”:

“Выраз “гульня”, мне падаецца, больш адэкватны таму, што адбываецца. Тыя рэгістрацыйныя бар’еры, тыя бар’еры, якія ёсьць у працэсе выбарчай кампаніі, нікуды ня зьніклі. Сапраўды, бар’ер рэгістрацыі ініцыятыўных групаў быў збольшага пераадолены. Хаця выпадак зь Вінаградавым сьведчыць пра тое, што старая машына рэпрэсіяў гатова ўключыцца ў любы момант. Рэпрэсіі ў выглядзе незаконных арыштаў працягваюцца. Дастаткова пазнаёміцца з дадзенымі праваабарончых арганізацыяў.

Канечне, для зьнешняга гледача патрабуецца зрабіць выгляд, што кампанія больш свабодная, больш свабоды для апазыцыі. Але калі глядзець уважліва, асабліва пры кантактах з рэгіянальнымі актывістамі, бачна: рэальна мала што зьмянілася”.

Палітоляг Чавусаў згадаў Зьмітра Вінаградава. Пра выпадак са старшынём Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ мы ўжо распавядалі: 24 ліпеня, у апошні дзень здачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, асабістую машыну спадара Вінаградава спынілі супрацоўнікі ДАІ. Яны пратрымалі апазыцыянэра да закрыцьця выканкаму. Таму здаць дакумэнты ён не пасьпеў.

Скарга ў ЦВК не дапамагла. Не знайшоў падставаў для падтрымкі спадара Вінаградава і Вярхоўны суд кіраіны, які 6-га жніўня адмовіў яму ў скарзе.

Адміністрацыйны ціск на актывістаў ад апазыцыі працягваецца. Не пасьпеў патэнцыйны прэтэндэнт на дэпутацкі мандат ад Партыі БНФ Юрась Карэтнікаў перадаць у акруговую выбарчую камісію дакумэнты на сваіх кандыдатаў у склад участковых камісіяў, як здарылася наступнае:

“Учора гэта сьпіс быў пададзены ў другой палове дня, пасьля трэцяй гадзіны. А сёньня з раніцы ўжо пачаўся ціск на тых людзей, якія былі вылучаныя. Ім тэлефануюць, нават тым, хто цяпер у адпачынку, зь месца працы, зь месца вучобы, каб яны напісалі заяву аб добраахвотным выхадзе са сьпісу. Каб не нашкодзіць, пакуль ня буду называць імёнаў. Але ёсьць прэцэдэнт. Пачаўся ціск”.

Усяго ў Беларусі створана больш за 6500 выбарчых участкаў. Менавіта тут ідзе самы першасны падлік галасоў выбарцаў. Адсюль перадаюць дадзеныя ў акруговыя камісіі. Апазыцыя зьбіраецца вылучыць сваіх прадстаўнікоў на 1500 участках.

Апошні дзень прыёму дакумэнтаў – нядзеля, 10-га жніўня. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў “Свабодзе”, што Цэнтральная камісія рэкамэндавала мясцовым выканкамам арганізаваць прыём заявак у выходныя – 9-га і 10-га жніўня:

“Каб усе суб’екты, якія маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў, змаглі скарыстаць сваё права. У мяне няма ніякага сумневу, што ўсе без выключэньня камісіі будуць сфармаваныя ў вызначаны заканадаўствам тэрмін”.

Закон, дарэчы, адводзіць на фармаваньне ўчастковых камісіяў тры дні. А пакуль палітычныя партыі вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты ня толькі праз збор подпісаў, але і празь зьезды. Сёньня, напрыклад, праходзіць форум Партыі БНФ, 10-га жніўня – зьезды АГП і ПКБ.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька так гаворыць пра мэты форуму:

“У парадку дня два пытаньні. Першае – нашы дадатковыя прапановы да Пасланьня АГП грамадзянам, бізнэсу, Беларусі. І гэта наш падыход да вырашэньня гендэрных праблемаў. І вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ад партыі. Я думаю, што мы закрыем дзесьці 12-13 акругаў”.

На зьездзе камуністаў таксама два пытаньні адзначае сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган:

“Будзе канчаткова зацьверджана плятформа ПКБ на парлямэнцкіх выбарах 2008 году, бо мы папярэдні яе праект абмеркавалі на пленуме. Затым – у партыйных арганізацыях. І цяпер ужо з вынікамі абмеркаваньня мы зацьвердзім канчатковы тэкст.

І другое – мы вылучым 11 партыйных кандыдатаў у дэпутаты ў тых акругах, дзе ў нас маюцца арганізацыйныя структуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG