Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Перасьлед кобрынскага актывіста Алеся Меха, пагрозы і ўрэшце звальненьне яго з працы за тое, што вырашыў балятавацца ў дэпутаты, сталіся індыкатарам цяперашняй выбарчай кампаніі. Алесь здолеў запісаць і апублікаваць, як яго запалохваў супрацоўнік КДБ Андрэй Басько. Ён праігнараваў пагрозы і быў звольнены з Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”. Цяпер спадар Мех разам з роднымі актыўна ўдзельнічае ў выбачай кампаніі і зьбірае дакумэнты для падачы ў суд аб аднаўленьні на працы.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі днямі накіраваў у рэдакцыю дзяржаўнай газэты “Советская Белоруссия” ліст з прапановай надрукаваць расшыфроўку гуказапісу, дзе супрацоўнік КДБ запалохвае актывіста партыі Алеся Меха з Кобрына. Яшчэ 4 чэрвеня Меху выставілі ўльтыматум: удзел у выбарах альбо праца. Калі той адмовіўся, яго звольнілі з Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў.

На думку Лявона Баршчэўскага, прыклад Меха павінен стаць нагодай, каб паразважаць, ці можна лічыць цяперашнія выбары ня проста справядлівымі, але хаця б прыстойнымі.

“Чалавека, які прызнаны найлепшым працаўніком у фірме, звальняюць толькі за тое, што ён сабраўся выставіць сваю кандыдатуру... Раней такія прыклады былі, але спадару Меху ўдалося запісаць размову з кадэбістам, што ёсьць угрунтаваным доказам”.

Улада павінна аднавіць Меха на працы і папрасіць прабачэньня, — перакананы спадар Баршчэўскі:

“Калі ўлада гэтага ня зробіць, гэта значыць, што выбараў няма, што ёсьць беспрэцэдэнтны ціск, непавага да элемэнтарных прынцыпаў. Справа Меха — гэта дастатковая падстава, каб меркаваць, што нармальнай выбарчай кампаніі ў Беларусі няма. У нас многія сябры партыі схіляюцца да думкі, што калі будзе працягвацца ціск, удзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі сэнсу няма”.

Супрацоўнік Кобрынскай управы КДБ Беларусі Андрэй Басько адмаўляе, што ён пагражаў Меху звальненьнем з працы:

“Абсалютна гэтага не было, нават з тых запісаў відаць, што я яму абсалютна не пагражаў... Я паняцьця ня маю, што было далей зь ім. Мы не кампэтэнтныя для прыняцьця такіх рашэньняў”.

Дырэктар Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз” Уладзімер Галашка патлумачыў, што інжынэра Аляксандра Меха ён звольніў законна:

“Ёсьць закон, які дазваляе не працягваць кантракт. Мне законам дадзена права. Вось я так вырашыў: кантракт зь Мехам не падаўжаць. Мне ён не патрэбен! Я кантракт зь ім спыніў. У мяне ёсьць лепшая яму замена. Чалавек ужо працуе, і я ім задаволены”.

Сам Алесь Мех у панядзелак зьбіраецца абскардзіць звальненьне з працы праз суд.

Нягледзячы на ціск уладаў, ініцыятыўная група Алеся Меха зарэгістраваная і зьбірае подпісы за ягонае вылучэньне. Паводле словаў спадара Меха, цяперашняя кампанія нашмат больш напружаная, чым папярэднія.Тым ня меней ён актыўна ўключыўся ў яе:

“Мы ведаем настроі ў грамадзтве, ведаем, што шмат людзей запалохана, хавае свае думкі. Але калі яны падыдуць да урнаў, то зробяць выбар за дэмакратычную Беларусь. Калі б людзі не былі гатовыя аддаць за нас свае галасы, то не было б гэтых гутарак у КДБ, не было б гэтых пагроз”.

Нават пасьля запалохваньняў КДБ і звальненьня з працы спадара Меха працягваюць “прэсаваць” — такое слова нядаўна ўжыў А. Лукашэнка, калі заклікаў мясцовыя ўлады не ўціскаць апазыцыйных кандыдатаў.

Алесь Мех распавёў “Свабодзе”, што адбывалася пасьля размовы з супрацоўнікам КДБ і звальненьня з працы:

А ён потым сказаў: калі ты ня здымеш сваю кандыдатуру, мы звольнім тваю жонку. Пазьней мне патэлефанавалі на мабільны тэлефон з абразамі і пагрозамі. Я
“Мяне выклікалі да памочніка дэпутата па нашай акрузе Юрыя Філіновіча. Памочнік дэпутата Віктара Кучынскага сказаў, што ён ведае пра мае непрыемнасьці і гатовы дапамагчы. Я ўжо быў настроіўся на такі лагодны лад. А ён потым сказаў: калі ты ня здымеш сваю кандыдатуру, мы звольнім тваю жонку. Пазьней мне патэлефанавалі на мабільны тэлефон з абразамі і пагрозамі. Я падаў скаргу на імя пракурора, каб знайшлі, хто мне пагражаў. Учора я атрымаў адказ, што яны знайшлі, хто мне тэлефанаваў, а гэта той самы Філіновіч, які званіў з прыёмнай дэпутата Кучынскага. Але яны ня здолелі вызначыць, што ён мне пагражаў. У мінулую нядзелю мне і сябрам маёй ініцыятыўнай групы патэлефанавалі зь міліцыі і прапанавалі нам зьявіцца ў РАУС у крымінальны вышук. Гэта было зьвязана з выбухам 4 ліпеня ў Менску. Яны ўзялі ў нас адбіткі пальцаў і аналіз сьліны”.

Жонка звольненага з працы кобрынскага актывіста БНФ Алеся Меха Натальля ня толькі не пераконвала мужа спыніць удзел у кампаніі, але і сама ўключылася ў перадвыбарчую працу:

“Канечне, я трывожуся, чым гэта скончыцца, але мужа падтрымліваю як толькі магу, дапамагаю ва ўсім і спадзяюся на лепшае. Настаўнікі нашай школы таксама ведаюць пра гэтую сытуацыю, звоняць. Яны чыталі і газэту, і ў інтэрнэце. Суседзі і знаёмыя таксама падтрымліваюць”.

Людзі ведаюць пра гэтую сытуацыю. Чыталі ў газэце ці проста чулі. Падтрымліваюць Алеся таксама
У сям'і Мехаў — двое сыноў 9 і 11 гадоў, яны таксама тату падтрымліваюць, кажа Натальля. Гэтаксама як і бацькі Алеся ды Натальлі. Асабліва перажывала маці Алеся, а ягоны бацька ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы сына. Натальля таксама стала сябрам ініцыятыўнай групы Алеся Меха і зьбірае за яго подпісы. Пра першы досьвед кантактаў з выбарнікамі яна кажа:

“Людзі ведаюць пра гэтую сытуацыю. Чыталі ў газэце ці проста чулі. Падтрымліваюць Алеся таксама. Некаторыя проста баяцца. Нават баяцца паставіць подпіс, кажуць, што ў іх праца, і калі паставяць подпіс, то таксама звольняць”.
XS
SM
MD
LG