Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Кім: "Не хачу я міласьці, я хачу справядлівасьці"


У Менгарсудзе разгледзілі скаргу Андрэя Кіма і яшчэ 9-ці актывістаў, якіх асудзілі за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня. Прысуд пакінулі бязь зьменаў.

22 ліпеня калегія Менскага гарадзкога суду разгледзела скаргі 10 з 14 асуджаных удзельнікаў мітынгу 10 студзеня. Нагадаю, гэта быў мітынг у Менску, на якім прадпрымальнікі пратэставалі супроць абмежаваньня права наймаць працаўнікоў. Пасьля мітынгу міліцыя арыштавала шэраг яго ўдзельнікаў, іх асудзілі паводле адміністрацыйнага кодэксу, а 14 грамадзкіх актывістаў потым былі асуджаныя яшчэ і як крымінальныя злачынцы. Сярод іх Андрэй Кім, якога пакаралі 1,5 гадамі зьняволеньня. Яшчэ 7 удзельнікаў мітынгу былі асуджаныя на два гады ўмоўна, а 2 атрымалі вялікія штрафы. Паводле суду, яны парушалі парадак, перакрывалі рух грамадзкага транспарту, а Андрэй Кім яшчэ і нібыта напаў на міліцыянта.

Антон Койпіш, адзіны з асуджаных, які сёньня прыйшоў на разгляд сваёй скаргі ў гарадзкі суд, даводзіў, чаму лічыць прысуд неабгрунтаваным:

“Ніводзін сьведка на мяне не паказаў. Дакладней, адзін сьведка паказаў, але казаў пра падзеі 21 студзеня, а абвінавачаньне тычылася падзеяў 10 студзеня. Што да відэадоказаў, яны паводле закону недапушчальныя, бо невядома дзе хаваліся”.

Калегія гарадзкога суду складалася з Уладзімера Назаранкі, Сяргея Хрыпача ды Валянціны Крывой. Старшыня калегіі Ўладзімер Назаранка напачатку адхіліў хадайніцтва аб вядзеньні працэсу на беларускай мове. Потым судзьдзя Сяргей Хрыпач зачытаў сьціслыя зьвесткі пра ўсіх 10 асуджаных. Нагадаю, акрамя Антона Койпіша гэта таксама Андрэй Кім, Міхал Пашкевіч, Міхал Крываў, Уладзімер Сяргееў, Тацяна Цішкевіч, Аляксандар Стральцоў, Аляксандар Бондар, Арцём Дубоўскі і Аляксандар Чарнышоў.

Іх пазыцыю выклалі ў судзе адвакаты. Яны даводзілі, што прысуд не грунтуецца на доказах і цалкам паўтарае абвінавачаньне, якое яны назвалі “недапушчальна абагульненым”. Абаронцы прасілі справу ўвогуле спыніць ці перагледзець. Адвакатка Андрэя Кіма Тамара Сідарэнка прасіла суд хаця б зьмякчыць прысуд яе падабароннаму. Тамара Сідарэнка паведаміла суду пра хворыя сэрца і вочы ў Андрэя Кіма, а таксама пра тое, што маладога чалавека гатовыя ўзяць на працу, калі прысуд яму зьменяць на ўмоўны. Нагадаю, ужо паўгода Андрэй Кім знаходзіцца за кратамі. Зараз ён зьмешчаны ў Бабруйскую калёнію.

Канчаткова лёс скаргі Андрэя Кіма і дзевяці астатніх вырашыўся ў зачыненым пакоі за 5 хвілін. Судовая калегія пакінула прысуд Цэнтральнага раённага суду Менску нязьменным.

Маці Андрэя Кіма заявіла, што вельмі расчараваная такім рашэньнем, хаця і разумела, што апраўданьне яе сыну было б цудам:

“Адвакаты ўсё патлумачылі, што прысуд незаконны. Але дзе ж справядлівасьці чакаць? Ім чалавечае жыцьцё — нішто. А што ня зьменшылі прысуд, дык не хачу я міласьці, я хачу справядлівасьці. Ці ён забіў каго, ці нанёс шкоду дзяржаве? Якой міласьці прасіць, за што? За тое, чаго ён не рабіў, ці за тое, што ён сказаў пра тое, што думае?”

А вось як пракамэнтавала прысуд Андрэю Кіму ягоная адвакатка Тамара Сідарэнка:

“Нават калі суд не пагаджаўся з намі адносна таго, сапраўдныя доказы ці несапраўдныя, але адносна Андрэя Кіма быў цалкам бясспрэчны аргумэнт. Яго нельга было прыцягваць да адказнасьці па артыкуле за нанясеньне цялесных пашкоджаньняў супрацоўніку міліцыі, а магчыма было — паводле артыкулу пра нясеньне службы. Але нават гэтага суд не пачуў, хоць гэта юрыдычна бясспрэчны факт. Таму сумненьні выклікае тое, ці суд хацеў нас слухаць і адносна іншых частак нашых скаргаў”.

Тацяна Кім заявіла, што яна з адвакатам прыняла рашэньне абскарджваць прысуд у вышэйшых судовых інстанцыях. Паводле маці актывіста, такога ж рашэньня варта чакаць і ад іншых асуджаных.

Тацяна Кім з адвакаткай Тамарай Сідарэнка

Асуджаны да штрафу актывіст Антон Койпіш

У чаканьні пастановы судовай калегіі


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG