Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзе вы былі 3 ліпеня?”


Сёньня раніцай “Свабода” паведаміла пра ператрус у кватэры жыхара Пінску Паўла Аляхновіча. Тым часам на Гарадзеншчыне, у Гомелі і ў Салігорску актывістаў апазыцыі выклікалі ў міліцыю, каб даведацца, дзе яны былі 3 ліпеня.

Жыхара Пінску Паўла Аляхновіча сёньня дома не было. Ён — краязнаўца, спэцыяліст па Палесьсі, суправаджае вандроўнікаў. Падрабязнасьці пра ператрус у кватэры Аляхновіча паведаміў мясцовы дэмакратычны актывіст Віктар Горн:
Забралі тры бляшанкі пораху "Паляўнічы"...


“У яго забралі тры бляшанкі пораху “Паляўнічы”. Аднак Павал мае права на яго захоўваньне, бо ён — аматар паляваньня. І жонка яго не разгубілася: адсыпала порах з кожнай бляшанкі ў канвэрты, каб пасьля не падмянілі.

Знайшлі ў кватэры даўнія, выразаныя з газэтаў адрасы і тэлефоны Мясьніковіча, Ярмошынай, Ерына, яшчэ некага... Забралі з сабой”.

Са словаў Віктара Горна, раней Павал Аляхновіч служыў у вучэбнай школе марскога флёту СССР. З 1991 году – сябра дэмакратычных арганізацыяў.

Сёньня ж у Гомелі міліцыя выклікала на размову актывіста стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастуся Жукоўскага:

“Патэлефанаваў чалавек, які назваўся старшым лейтэнантам Ключавым. Ён запрасіў мяне ў аддзел па нейкіх вядомых падзеях. Я пытаюся: “Якія падзеі?” Кажа: “Наконт выбуху ў Менску”. Адказваю, што я ня маю дачыненьня да такіх падзеяў. Калі хочаце мяне выклікаць, напішыце, калі ласка, у позьве, па якой справе, у якасьці каго — і я прыйду. Я — законапаслухмяны чалавек.

Позву праз тры гадзіны я атрымаў, але гэта была ня позва, а паперка, дзе напісана, — чытаю на мове арыгіналу, — “для производства беседы”. Я адказваю опэрупаўнаважанаму, што “беседа” — гэта ня ёсьць прававы тэрмін, гэта проста “беседа”. Ключавы пераконваў, што задасьць мне толькі чатыры пытаньні. І ставіць подпіс нібыта нідзе ня трэба, а пасьля гутаркі — едзьце куды хочаце”.

У міліцыю спадар Жукоўскі не пайшоў. Аб прычынах выкліку ў міліцыю кажа наступнае:
Сядзіце і ня рыпайцеся, як мыш пад венікам...


“Запалохаць яны хочуць грамадзкіх актывістаў перад выбарамі. Маўляў, глядзіце: у любы момант выклічам ужо ня дзеля гутаркі, а ў якасьці абвінавачанага, сьведкі ці яшчэ каго. І ўжо, як і ў віцебскай справе, зачыняць — і ўсё. То бок сядзіце і ня рыпайцеся, як тая мыш пад венікам”.

Нагадаю, што Кастусь Жукоўскі сёлета зацьверджаны ў сьпісе АДС магчымым кандыдатам у дэпутаты парлямэнту па Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе № 38.

На Гарадзеншчыне міліцыянты таксама турбуюць дэмакратычных актывістаў. Паведамляе Міхась Карневіч:

“Да вядомага ў Астравецкім раёне грамадзкага актывіста Мікалая Ўласевіча наведаўся ўчастковы. Прычына тая ж — дзе быў 3 ліпеня”.

“Мяне гэта вельмі пакрыўдзіла, асабліва маральна, — кажа Мікалай Уласевіч, — гэта вельмі прынізіла мой гонар і годнасьць. Значыцца, яны маюць мяне за тэрарыста й нават падазраюць у злачынстве”.

Спадар Уласевіч кажа, што з гэтай нагоды напісаў скаргу ў пракуратуру раёну:

“Я некалькі разоў выступаў на нашых партыйных нарадах, казаў, што трэба браць удзел у выбарах і сьмела распавядаць людзям пра тое, што насамрэч адбываецца ў краіне, нават калі гэта ня будзе падабацца ўладам. Вось, думаю, за гэта такое стаўленьне да мяне”.

Мікалай Уласевіч — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, яму 57 гадоў, не працуе, атрымлівае пэнсію па інваліднасьці.

Астравецкі праваабаронца Іван Крук лічыць, што выбух у Менску ўлады спрабуюць скарыстаць для псыхалягічнага ціску на мясцовых актывістаў апазыцыі:

“Вось выбарчая кампанія ўжо пачалася, і ўлады хочуць запалохаць мясцовых актывістаў, каб нікуды наагул ня ўлазілі. Мэта яўна палітычная”.

Сёньня ж зь міліцыі тэлефанавалі да слонімскага актывіста Алеся Масюка і запрашалі ў райаддзел на размову. Але актывіст ісьці бяз позвы адмовіўся.
XS
SM
MD
LG