Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі зьбіваюць або зьдзекуюцца ў міліцыі?


Інцыдэнт з барысаўчанкай Алесяй Ясюк, зь якой зьдзекаваліся — сярод іншага, распрануўшы дагала — у Цэнтральным РУУС Менску, можа мець працяг зь іншымі апазыцыянэрамі і ператварыцца ў сыстэму, мяркуе палітык Мікола Статкевіч.

Тым часам праваабаронцы раяць, што рабіць у выпадку зьдзекаў і катаваньняў у міліцыі.

Сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч нядаўна сам перанёс такія ж зьдзекі, як і Алеся Ясюк. Яго некалькі разоў разьдзявалі дагала ў турме на Акрэсьціна пасьля затрыманьня за акцыю 1 траўня ў Менску.

“Відаць, разьдзяваньне яны ўпадабалі... 1 траўня ўпершыню ў адміністрацыйнай турме мяне раьдзявалі, што называецца, зусім... Што яны шукалі, невядома. Думаю, што гэта была спроба псыхалягічнага ціску. Пасьля суду мяне тры разы абшукалі, адзін раз да трусоў, а потым захацелі вывучыць усяго... Я й не такое бачыў, то параіў ім глядзець больш уважліва з усіх бакоў. Тады яны спыніліся... Але жанчына рэагуе, відаць, іначай”.

Паколькі “спэктаклі з разьдзяваньнем” адбываліся ў розных установах — і ў турме на Акрэсьціна, і ў РУУС, — Мікола Статкевіч мяркуе, што яны маюць нейкага адзінага рэжысэра ў вярхах:

“Такое ўражаньне, што ўлада ўпэўнілася, што гэты ўзровень рэпрэсіяў не працуе і трэба ўздымаць яго. Але павялічваць колькасьць палітвязьняў — сабе даражэй. І таму спрабуюць дадаваць псыхалягічныя катаваньні. Так што трэба чакаць працягу разьдзяваньняў”.

Асабісты агляд з разьдзяваньнем дапушчальны, калі праваахоўныя органы падазраюць, што нейкі чалавек хавае на сабе небясьпечныя рэчывы ці сьляды злачынства, але такі агляд мае рабіць асоба таго ж полу. У іншым выпадку такі агляд — гэта зьдзек і катаваньне, перакананы былы адвакат Ігар Рынкевіч. Ён мяркуе, што Алесі Ясюк трэба зьвяртацца ў пракуратуру.

“Але я прагназую, што паколькі ёсьць публічныя заявы пра гэты гвалт, то міліцыянты заднім днём нешта напішуць, каб рэальна прыцягнуць яе да адміністратыўнай адказнасьці. Не было такога, каб міліцыянты, нарабіўшы нечага, не прыдумалі потым сабе пэўнага апраўданьня, каб прыкрыць парушэньні правоў чалавека”.

Калі і быў хто зь міліцыянтаў пакараны за гвалт у адносінах да грамадзян, то гэта ня тычылася выпадкаў ціску на апазыцыянэраў, — перакананы Ігар Рынкевіч:

“У Беларусі цяпер існуе карт-блянш для дзеяньняў органаў міліцыі, супрацоўнікаў спэцслужбаў супраць апазыцыі. Яны дазваляюць сабе нават больш брутальныя дзеяньні ў дачыненьні да апазыцыянэраў, чым да крымінальных аўтарытэтаў і іншых злачынцаў”.

У тэчках Беларускага Хэльсынскага камітэту шмат скаргаў грамадзян на грубае і бесчалавечнае абыходжаньне зь імі супрацоўнікаў міліцыі,— паведаміў “Свабодзе” старшыня БХК Алег Гулак.

Часам такія дзеяньні нават прыводзяць да цяжкіх наступстваў, сьмерці людзей
“Часам такія дзеяньні нават прыводзяць да цяжкіх наступстваў, сьмерці людзей. Вельмі складана ў такіх выпадках справу даводзіць да лягічнага завяршэньня. Мы ня можам гэтыя заявы самі дасьледаваць, мы можам толькі апэляваць да праваахоўных органаў, пракуратуры, судоў, дапамагаем знайсьці адвакатаў, падключаем прэсу”.

Паводле Алега Гулака, звычайна міліцыя чыніць зьдзекі ў дачыненьні да асобаў, якія маюць нізкі сацыяльны статус — бамжоў, п’яніц, алькаголікаў.

“З такой катэгорыяй яны не цырымоняцца, і можна паверыць у любыя жахі, якія робяць міліцыянты з такімі людзьмі, бо, на жаль, гэта вельмі часта выяўляецца праўдай. У адносінах да палітактывістаў гэтая практыка ўсё ж такі даволі рэдкая”.

Выпадак з Алесяй Ясюк спадар Гулак лічыць парушэньнем заканадаўства і вызначаных працэдураў агляду.

“Гэта незаконныя дзеяньні работнікаў міліцыі. Гэта падпадае пад азначэньне “бесчалавечнае абыходжаньне з затрыманымі” і павінна быць пакарана”.

Аднак Алег Гулак ня ведае выпадкаў, калі міліцыянты былі пакараныя за бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньні.

“Такія дзеяньні звычайна кваліфікавалі як злоўжываньне службовым становішчам, і падсудныя міліцыянты атрымлівалі ўмоўнае пазбаўленьне волі альбо кароткія тэрміны турмы. Але і такія выпадкі вельмі рэдкія. Сыстэма пакрывае сваіх супрацоўнікаў”.

Што рабіць, калі чалавек патрапіў пад зьдзекі і катаваньні ў міліцыі? Парады старшыні БХК Алега Гулака:

Трэба шукаць сьведкаў, пісаць скаргі міліцэйскаму кіраўніцтву і пракуратуры
“Трэба шукаць сьведкаў, пісаць скаргі міліцэйскаму кіраўніцтву і пракуратуры, дамагацца разгляду гэтых спраў у судах. Калі ёсьць сьляды зьбіцьця, то трэба браць у раённай пракуратуры накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу... Нават калі не пераможаш у канкрэтным выпадку, то гэта будзе моцным фактарам стрымліваньня на будучыню”.

Парады Ігара Рынкевіча:

“Па-першае, абараняцца, ужываць у адказ фізычную сілу — небясьпечна, бо гэта будзе перакваліфікавана з дакладнасьцю да наадварот. Будзе сказана, што гэты чалавек ужыў у адносінах да міліцыянтаў сілу, а яны ўжо адэкватна ўжывалі сілу і спэцсродкі. У такім выпадку трэба згрупавацца, каб не пацярпелі галава і іншыя жыцьцёва важныя органы. Па-другое, трэба пастарацца запомніць хаця б твары тых, хто зьбівае. Па-трэцяе, шукаць сьведкаў. Па-чацьвёртае, адразу патрабаваць хуткую дапамогу, каб засьведчыць сьляды зьбіцьця. Напісаць заяву пракурору раёну. І, вядома, зьвярнуцца да праваабаронцаў і ў незалежныя СМІ, каб такія выпадкі былі вядомыя, і гэта дапаможа пазьбегнуць яшчэ горшых вынікаў”.
XS
SM
MD
LG