Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каму выгадна?”, – гэтае пытаньне задаюць зараз у сувязі з выбухам 3 ліпеня хіба ўсе. У вэрсіях няма недахопу. Але амаль усе яны, калі паглядзець аб’ектыўна, не вытрымліваюць выпрабаваньня калькуляцыяй выйгрышаў і пройгрышаў. На тле крыві паўстотні чалавек і страху ўсёй краіны гучыць цынічна, але толькі халодны аналіз можа дазволіць знайсьці адказ на пытаньне, якое сфармулявалі яшчэ старажытныя рымляне.

Пачнем, скажам, з улады. Ну, фразу Лукашэнкі з інтэрвію “Камсамолцы” пра “пагромы і выбухі”, якія нібыта рыхтуе апазыцыя, не працытаваў толькі лянівы. Ды і тое, што кіраўнік дзяржавы застаўся на месцы выбуху, хаця базавыя прынцыпы дзейнасьці службаў бясьпекі патрабавалі ягонага тэрміновага зьнікненьня адтуль, сапраўды дапускае самыя розныя інтэрпрэтацыі.

Але паспрабуем зрабіць тую самую калькуляцыю. На тле шматгадовых паўтарэньняў мантры пра стабільную і бясьпечную Беларусь тое, што адбылося ў Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня – мякка кажучы, выклік, а груба – поўха менавіта ўладзе. У галоўнае афіцыйнае сьвята, у двух кроках ад месца, дзе сядзеў самы гарант стабільнасьці і бясьпекі – вось вам. Такі дэманстрацыйны эфэкт, так выглядае, якраз і ўваходзіў у пляны арганізатараў выбуху, але калі гэта ўлады, то яны тады нагадваюць гогалеўскую унтэр-афіцэрскую ўдаву, якая “сама сябе высекла”.

Страты навідавоку, а якія выйгрышы? Зваліць злачынства на апазыцыю і раструшчыць яе дашчэнту? А то яе ня трушчылі без усялякіх выбухаў... А то яна сама не падыходзіць да выбараў у як ніколі раней расколатым стане... Хіба ў краіне нарастае вал масавага пратэсту, які апазыцыя можа асядлаць і павесьці масы на штурм прэзыдэнцкага палацу, так што для нэўтралізацыі такога жахлівага сцэнару добрыя ўсе сродкі? Нават у мазгох аўтараў былін пры дохлага пацука такое ўяўленьне наўрад ці існуе. А тады навошта?

Нават калі ўлада – халодная пачвара, то менавіта халодны разьлік павінен падказаць пачвары, што такія дзеяньні ёй скрайне нявыгадныя, мэта, якую можна такім шляхам дасягнуць, ня вартая выдаткаў, якія пачвара пры гэтым панясе.

Цяпер пра апазыцыю. Ну вынясем за дужкі ўласныя сымпатыі да яе, уяўленьне, што яна з маральных меркаваньняў на гэта ня можа пайсьці ніколі і ні за што, адкінем нават свае веды пра ўзровень яе арганізацыйнай моцы. Дапусьцім на хвіліну, што яна – халодная пачвара. І які тут балянс? Ну так, ну поўха, і што – народ узьненавідзець уладу і паўстане супраць яе? Лухта. А страты ў выпадку выкрыцьця – поўны разгром, прычым пры поўным ухваленьні гэтага народам. Ну не вар’яты ж апазыцынэры.

Шчыраваньні Лукашэнкі ў “Камсамолцы” наконт амэрыканцаў, якія замаўляюць у Беларусі выбухі – праява альбо скрайняга цынізму, альбо скрайняй мэгаляманіі беларускага кіраўніка. Амерыканцы пасьля 9/11 патрацілі мільярды даляраў і ахвяравалі жыцьцямі многіх сваіх грамадзян, змагаючыся з тэрарызмам ва ўсім сьвеце. І спансараваць тэрор з няпэўнымі мэтамі ў малазначнай па вялікім рахунку для іх краіне – гэта, відаць, менавіта тое, чаго ім не хапае для поўнага шчасьця. Насамрэч, калі б беларуская апазыцыя стала практыкаваць нешта падобнае, перад ёю шчыльна закрыліся б усе магчымыя дзьверы ў ЗША. А паколькі яна да меркаваньня ЗША ставіцца неабыякава, то гэта яшчэ адзін аргумэнт за тое, што ў выбуху яна – ні сном ні духам.

Вэрсія пра тое, што выбух – разборка паміж клянамі сілавікоў, спроба дыскрэдытаваць міністра Навумава, адказнага за бясьпеку на сьвяце, таксама ня надта вытрымлівае выпрабаваньне калькуляцыяй. Тое, што жадаючыя дыкрэдытаваць міністра ёсьць, вельмі імаверна, але якая рызыка! Гэта ж не Ломаця зьбіць, тут, калі праўда выплыве на паверхню, ініцыятараў разборкі ў такой форме чакае гарантаваны расстрэл. Не, як кажуць, сабе даражэй.

Мне асабіста наібольш імавернай падаецца вэрсія, якую выказаў мне Аляксандар Фядута.

У Беларусі пачаўся вялікі распродаж. Якімі эксцэсамі суправаджалася прыватызацыя ў суседніх краінах – добра вядома. Пры гэтым пляцоўка ўсіх магчымых беларускіх тэндэраў, конкурсаў і аўкцыёнаў – усяго адна, гэта кабінэт Аляксандра Лукашэнкі. І чаму не дапусьціць, што аднойчы там было сказана: “Вы, Аляксандар Рыгоравіч, нас “кінулі” (варыянт – на нашу цану не пагадзіліся). З намі так нельга. Вы аб гэтым горка пашкадуеце”. І як сказалі – так і зрабілі. Банальны рэкет. Як кажуць, бізнэс – нічога асабістага.

Перавага гэтай вэрсіі ў тым, што яна, па-першае, добра тлумачыць дэманстрацыйны характар выбуху – удар нанесены наўпрост на прэстыжу незгаворлівага партнэра. Па-другое, яна вытрымлівае, так бы мовіць, тэст на халодную пачвару. Выйгрыш – не няўцямны спадзеў на дэстабілізацыю ці маральнае права на знішчэньне апазыцыі, а рэчы сур’ёзныя – падтрыманьне рэпутацыі крутога бізнэсоўца ці, як кажуць, “канкрэтныя бабкі”. А рызыка – ну існуе, але не вар’яцкая. Выканаўца – залётны прафэсіянал, ужо даўно пакінуў Беларусь, замоўшчыкі – паважаныя замежныя бізнэсоўцы. Паспрабуй знайдзі, дакажы, а тым больш дастань.

Праўда, варыянт пра чысты рэкет мае таксама свае недахопы. Таму, каго рэкетуюць, у дадзеным выпадку Лукашэнку, трэба неяк паведаміць, хто ж яго рэкетуе і каму ён павінен ісьці на саступкі. А такое пасланьне “засьвечвае” яго аўтара. Дзе б ён ні жыў, улады гэтай краіны яго за такое вядзеньне бізнэсу па галоўцы не пагладзяць.

Але варыянт пра помсту гэтага недахопу пазбаўлены. Бізнэс-норавы постсавецкіх краінаў даволі спэцыфічныя: калі цябе “кінулі”, ты любой цаной павінен годна адказаць, інакш лічыць цябе “лохам”, і “кідаць” будзе кожны. Калі сцэнар такі, то замоўшчык нічога Лукашэнку паведамляць і не павінен, але сваім бізнэсовым партнэрам мякка намякне, што ў свой час Лукашэнка яго “кінуў”, а потым у Менску 3 ліпеня 2008 году здарыліся нейкія падзеі.

Нарэшце, ня выключана, што сапраўднай можа аказацца і першая вэрсія, вылучаная сьледзтвам. І справа тут ня ў слове “хуліганства”, а ў сутнасьці – адзіночка-вар’ят, ну, прынамсі, у пэўным сэнсе вар’ят. Супраць гэтага паўстае чалавечая рацыянальнасьць, паводле якой важныя рэчы маюць сувымяральныя прычыны. Але вось у 1981 годзе пасьля замаху на Рональда Рэйгана сьледчыя касьцьмі ляглі, шукаючы тыя важныя, сувымерныя прычыны, хто стаіць за гэтым – рускія, кітайцы, мафія, каму выгадна. А высьветлілася – ніхто, ніякай подбіўкі няма, сапраўды вар’ят Джон Гінклі хацеў такім чынам усяго толькі зрабіцца ўражанньне на актрысу Джодзі Фостэр, якая не адказвала на ягоныя заляцаньні. І тут формула “каму выгадна” не працуе, немагчыма пралічыць рацыянальнасьць вар’ята.

Вораг, змоўшчык – гэта зразумела, яго хаця б тэарэтычна можна знайсьці, пакараць, адпомсьціць яму, прадухіліць паўтарэньне гэтага жаху ў будучыні. Але што рабіць з усясьветным хаосам, які прымае аблічча звычайнага чалавека, якому чамусьці дастаўляе асалоду проста адчуваць, што лёсы дзясяткаў і соцень людзей – пад ягоным пальцам на маленечкай кнопачцы прыбору дыстанцыйнага кіраваньня?
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG