Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ў Брэсцкай крэпасьці адбудзецца першая сустрэча расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Чакаецца, што бакі абмяркуюць пытаньне паставак расейскага газу ў Беларусь.

Пра візыт у Беларусь абодва кіраўнікі дамовіліся пад час тэлефоннай размовы 10 чэрвеня пасьля саміту СНД у Пецярбурзе. На гэтым саміце Дзьмітры Мядзьведзеў правёў двухбаковыя перамовы зь лідэрамі дзевяці краінаў садружнасьці. Не было сустрэчы з прэзыдэнтам Казахстану, бо напярэдадні расейскі прэзыдэнт зрабіў свой першы замежны візыт у Астану. Таксама Дзьмітры Мядзьведзеў не сустрэўся з А.Лукашэнкам.

Нагодай для першага прыезду ў Беларусь і першай сустрэчы з кіраўніком краіны стане “дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны”. Чакаецца, што Мядзьведзеў прыедзе не раніцай, калі пачнецца мітынг-рэквіем, а днём.
Трэба ўлічваць, што Лукашэнка цяпер адзін з самых старых і вопытных прэзыдэнтаў на постсавецкай прасторы. А.Суздальцаў


Пад час сустрэчы ў Берасьці кіраўнікі Беларусі і Расеі закрануць пытаньні паставак расейскага газу, фармаваньня агульнай эканамічнай і мытнай прасторы. Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў сказаў:

“З другога боку, мы тут у Маскве цудоўна разумеем, што Аляксандар Лукашэнка шукае нагоду ці магчымасьць зламаць маладога расейскага прэзыдэнта. І атачэньне Лукашэнкі яго пад’юджвае, што ён гэтага хлопчыка, Мядзьведзева, зламае. Ня ведаю. Трэба ўлічваць, што Лукашэнка цяпер адзін з самых старых і вопытных прэзыдэнтаў на постсавецкай прасторы. Таму сустрэча будзе вельмі цікавая”.

Паводле кіраўніка цэнтра Мізэсу Яраслава Раманчука, Мядзьведзеў хоча сваім прыездам у крэпасьць зазначыць, што ён даражыць мінулым, якое аб’ядноўвае краіны.

“Гэта будзе такі візыт чыста дыпляматычны, гістарычны. Ён будзе нацэлены на мінулае, а не на будучыню. Калі Мядзьведзеў пачаў бы гаварыць пра газ, то галовы нашых людзей, адміністрацыі вельмі моцна б папрацавалі. І казалі б – вось тады на нас напалі немцы, а сёньня нападае “Газпром”. Таму, я думаю, Крэмль будзе рабіць усё, каб гэта быў проста рытуальны, дыпляматычны візыт. А размовы пра газ, энэрганосьбіты, пра прадпрыемствы і банкі яны пакінуць на тэхнічныя перамовы, якія вядзе Пуцін, а не Мядзьведзеў”.
Гэта будзе такі візыт чыста дыпляматычны, гістарычны. Ён будзе нацэлены на мінулае, а не на будучыню. Я.Раманчук


Пад час нядаўняй прэс-канфэрэнцыі расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў заявіў, што кошт расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе можа скласьці 200 даляраў за тысячу кубамэтраў альбо “крыху вышэй гэтай лічбы, гледзячы па тым, як складваецца сытуацыя”. Афіцыйны Менск заклаў у праект бюджэту цану на газ прыкладна ў 140 даляраў і разьлічвае яшчэ на адзін расейскі крэдыт у 2 мільярдаў даляраў.

Яраслаў Раманчук сказаў:

“Сёньня Расея робіць сваё, і яе задача – каб Лукашэнку не спужаць экспансіяй расейскага капіталу, каб дабіцца сытуацыі, калі акрамя нафта-газавай залежнасьці зьявіцца яшчэ моцная фінансавая залежнасьць ад Расеі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG