Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пасьля пабудовы транзытных газаправодаў пачнецца іншая рэальнасьць”


Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў 5 чэрвеня ажыцьцявіў свой першы прэзыдэнцкі візыт у Эўропу – у Нямеччыну. Ці вымалёўваюцца ўжо нейкія замежнапалітычныя прыярытэты новага прэзыдэнта Расеі? Якое месца ў гэтых прыярытэтах замае Беларусь? З Масквы – сябра Рады Асацыяцыі палітычных экспэртаў і кансультантаў Кірыл Коктыш і шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна


Цыганкоў: "Нагадаем, што першым замежным візытам новага прэзыдэнта Расеі была паездка ў Казахстан і Кітай. Цяпер вось Нямеччына. Ці можна ўжо цяпер сказаць, якой можа быць зьнешняя палітыка Расеі пры прэзыдэнце Мядзьведзеве?"

“Беларусь відавочна не на першым месцы ў сёньняшніх зьнешнепалітычных прыярытэтах Расеі”.


Калінкіна:
“Мяркую, што пакуль ранавата рабіць нейкія глябальныя высновы, але на мой погляд відавочна, што гэта будзе пэрыяд кіраваньня, дзе на першы плян будзе выходзіць эканоміка і вельмі прагматычныя падыходы. Расея не адыходзіць ад свайго намеру ўключацца ў сусьветную палітыку праз энэрганосьбіты, і Мядзьведзеў пацьвярджае гэта сваімі першымі візытамі.

Што да Беларусі, то яна відавочна не на першым месцы ў сёньняшніх зьнешнепалітычных прыярытэтах Расеі”.

Цыганкоў: “І Барыс Ельцын, і Ўладзімер Пуцін пасьля прэзыдэнцкіх выбараў свой першы замежны візыт традыцыйна ажыцьцяўлялі ў Беларусь. Цяпер гэтая традыцыя парушаная. Ці гэта дробяць ці гэта дастаткова сымбалічны акт, які шмат гаворыць пра цяперашні стан беларуска-расейскіх дачыненьняў?”

Коктыш: “Вядома, гэта шмат пра што гаворыць, бо зьнешняй палітыцы не здараецца нічога выпадковага. Што да расейскай зьнешняй палітыкі, то гэта працяг той самай энэргетычнай палітыкі, якую праводзіў Пуцін. Працяг на тым самым узроўні і з таго самага месца, на якім Пуцін яе пакінуў. І тут варта ўзгадаць, што Мядзьведзеў да абраньня ўзначальваў Раду дырэктараў “Газпраму” – так што для яго гэта вельмі арганічна.

Што да ролю Беларусі, то... Калі было вырашана, што бясьпека энэргетычнага транзыту праз Беларусь ня можа быць гарантаваная, тады Расея ўклалася ў альтэрнатыўны праект. Гэта рашэньне было прынятае, яно ўжо ня будзе перагледжанае, і будзе паступова і настойліва рэалізоўвацца цягам наступных трох гадоў”.

Цыганкоў: “Ці гатовы сёньня Захад усур’ёз падымаць перад Расеяй праблемы правоў чалавека, свабоды слова ды іншыя непрыемныя для Масквы пытаньні? Ці “энэргетычная палітыка” збольшага засланіла ўсе гэтыя праблемы?”

Калінкіна: “Грамадзкая думка ў розных краінах Захаду мае розны ўплыў на палітыкаў. У гэтым сэнсе Нямеччына сапраўды ў гэтым сэнсе найбольш слушная для першая візыту на Захад краіна. Мядзьведзеў пакуль у вельмі выгадным становішчы, бо ад відавочных памылак часоў Пуціна ён можа дыстанцыянавацца. Я думаю, Мядзьведзеў будзе рабіць сабе імідж больш дэмакратычнага, больш лібэральнага чалавека – менавіта найперш для заходняй грамадзкасьці.

Што тычыцца рэальнай палітыкі, то тут я згодна з Кірылам, што вялікіх зьменаў пакуль ня будзе, бо асноўныя рашэньні даўно прынятыя. І Мядзьведзеў будзе проста іх выконваць. У першую чаргу у эканоміцы і энэргетыцы”.

“Расея не зацікаўленая псаваць адносіны з Беларусьсю, але ня бачыць магчымасьцяў іх палепшыць”.

Цыганкоў: “6 чэрвеня адбудзецца саміт кіраўнікоў краінаў СНД. Чым можа стаць гэты саміт для беларуска-расейскіх дачыненьняў? Бо фактычна гэта будзе першая сустрэча прэзыдэнтаў Лукашэнкі і Мядзьведзева...”


Коктыш:
“Як мне здаецца, пакуль у іх небагата тэмаў для размовы, калі мець на ўвазе іхнія асабістыя адносіны. Таму, відаць, гэта будзе проста камунікацыя без якіх-небудзь прарыўных наступстваў. Бо Расея не зацікаўленая псаваць адносіны з Беларусьсю, але ня бачыць магчымасьцяў іх палепшыць”.

Цыганкоў: “Ці можа Лукашэнка паспрабаваць абмеркаваць падчас саміту газавую тэму? Беларусь унесла ў бюджэт на наступны год цану на газ 140 даляраў, што не адпавядае падпісанай з Расеяй фармулёўцы...”

“Пасьля пабудовы транзытных газаправодаў пачнецца іншая рэальнасьць”

Коктыш:
“Мядзьведзеў даволі жорсткі чалавек, і як кажуць журналісты з прэзыдэнцкага “пула” – нашмат больш жорсткі за Пуціна ў сэнсе цьвёрдасьці характару і намераў. Калі Беларусь паставіць пытаньне, што яна зусім ня можа плаціць гэтую цану, то Расея будзе лічыць больш выгодным для сабе кампэнсаваць гэта альбо дзяржаўным заказам, альбо крэдытамі – але не мяняць тую формулу, якая была дасягнутая. Гэта абсалютна прынцыповае пытаньне для Расеі”

Калінкіна: “Я б зьвярнулася тут увагу на тое, што Менск паведаміў, што мае намер прадаваць нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы і ў першую чаргу “Нафтан”. Таму яны будуць спрабаваць атрымаць нейкія авансы пад будучую прыватызацыю “Нафтану”. Але я згодны з Кірылам, што наўрад ці гэта будзе абмяркоўвацца на саміце, бо гэтае пытаньне пакуль што абмяркоўваецца толькі на ўзроўні экспэртаў і чыноўнікаў. Ня думаю, што Мядзьведзеў пагадзіцца даваць нейкія абяцаньні Лукашэнку па такой сур’ёзнай праблеме”

Коктыш: “Паўтаруся – цягам трох гадоў, пакуль будуюцца транзытныя альтэрнатыўныя расейскія газаправоды, Масква будзе кампэнсаваць павышэньне коштаў на газ для Беларусі. Адной рукой павышаючы, іншай – кампэнсуючы ў той ці іншай форме. Але гэта будзе працягвацца толькі пакуль будуюцца транзытныя альтэрнатывы. Потым пачнецца іншая рэальнасьць.”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG