Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Занядбаныя могілкі аднаўляюць амэрыканскія студэнты


У гэтыя дні ў Стаўпецкім раёне на Меншчыне працуе група студэнтаў рымска-каталіцкага ўнівэрсытэту зь Нью-Ёрку. Юнакі і дзяўчаты са Злучаных Штатаў Амэрыкі аднаўляюць закінутыя габрэйскія могілкі ў вёсцы Рубяжэвічы.


Яшчэ год таму былое габрэйскае мястэчка Рубяжэвічы атрымала статус аграгарадка. Тутэйшы сельсавет адрапартаваў пра наяўнасьць школы, клюбу і дзьвюх крамаў. Старыя ж могілкі колішніх заснавальнікаў паселішча заставаліся разбуранымі. Цяпер іх аднаўляюць амэрыканскія студэнты. Старшыня сельсавету Ала Стралкоўская ўхваляе працу гасьцей з-за акіяну:

“Яны — вельмі добрыя. Учора езьдзіла і бачыла, што гэтыя студэнты ставяць новую агароджу і падымаюць камяні. Кусты ўсе высякаюць і выносяць. Словам, выконваюць усю чорную працу”.

Амэрыканскія студэнты жывуць у хатах вяскоўцаў. У тутэйшай гаспадыні Ніны Сабалеўскай пытаюся, ці ня сорамна перад чужымі дзецьмі за забытую памяць пра сваіх аднавяскоўцаў:

“Я лічу, што лепш пазьней, чым ніколі. Добра, што хоць цяпер аднаўляюць гэта ўсё”.

Гэта восьмыя могілкі ў Беларусі. Раней працавалі на Гарадзеншчыне. Там вельмі шмат адноўленых пагостаў. На гэта сабраны спэцыяльны грашовы фонд. Дзеці самі заплацілі за дарогу
Далей суразмоўніца тлумачыць, што гісторыя мястэчка Рубяжэвічы налічвае пяць стагодзьдзяў. У 1550-м тут была рэзыдэнцыя Радзівілаў. За князямі збудавалі касьцёл, сынагогу і царкву. Таксама Рубяжэвічы вядомыя тым, што ўсе продкі Янкі Купалы па матчынай лініі пахаваныя на тутэйшых могілках. Ніна Сабалеўская кажа, што цікавыя факты і падзеі будуць адлюстраваныя ў экспазыцыі вясковага музэя ў старажытным будынку:

“Такі дом толькі адзін застаўся. І яго цяпер рыхтуюць пад музэй. Гэта робяць менавіта амэрыканцы”.

Паводле ўнутраных правілаў студэнцкай групы амэрыканскіх валянтэраў, яны не адрываюцца ў свой працоўны час на гутаркі. Так тлумачыць перакладчыца Іна. Яна ж распавядае, што амэрыканцы прыяжджаюць працаваць у Беларусь восьмы год запар:

“Гэта восьмыя могілкі ў Беларусі. Раней працавалі на Гарадзеншчыне. Там вельмі шмат адноўленых пагостаў. На гэта сабраны спэцыяльны грашовы фонд. Дзеці самі заплацілі за дарогу. Працуюць тут яны зь вялікім задавальненьнем і энтузіязмам. Могільнік на вачох лепшае”.

Працоўны летнік амэрыканцаў у Рубяжэвічах будзе доўжыцца яшчэ адзін тыдзень.

Паводле энцыкляпэдычных зьвестак, Рубяжэвічы ў XVIII-XIX стагодзьдзях былі тыповым гандлёва-рамесьніцкім мястэчкам. Тут жылі й працавалі кавалі, ткачы, гарбары, цесьляры ды іншыя. Насельніцтва было да дзьвюх тысяч чалавек. Бальшыня зь іх — габрэі. Але ў 1939 годзе з-за прыходу Чырвонай арміі шмат хто з габрэяў выехаў на Захад. Тых, хто застаўся, расстралялі ў 1942 годзе фашысты.
Цяпер у Рубяжэвічах толькі 350 жыхароў.




XS
SM
MD
LG