Лінкі ўнівэрсальнага доступу

360 беларускіх студэнтаў ад’ехалі ў Маскву па амэрыканскія візы. Студэнты разьлічваюць атрымаць візы, каб у часе вакацыяў папрацаваць і падвучыць ангельскую мову ў ЗША.


А 6-й вечара на пляцоўцы каля будынку Нацыянальнай бібліятэкі сабраліся амаль чатыры сотні студэнтаў. Усе яны мелі адзіную мэту – наведаць амбасаду Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Маскве. У размове зь імі высьветлілася, што студэнты разьлічваюць атрымаць візу, каб у часе летніх вакацыяў папрацаваць у ЗША ў барах, рэстарацыях, на будоўлях – хто дзе ўладкуецца.

Некалькі тыдняў амбасада ЗША ў Менску не выдае візаў грамадзянам Беларусі. Студэнты, якія спадзяюцца трапіць у студэнцкі праект, каб наведаць Амэрыку, вымушаны шукаць дыпляматычныя прадстаўніцтвы ЗША ў іншых краінах.

Хлопец: “Каб убачыць краіну Амэрыку”.

Дзяўчына: “Убачыць краіну. Вельмі хочацца добра вывучыць ангельскую мову. Папрацаваць і крыху грошай падзарабіць.

Хлопец: “Хачу ўбачыць краіну, канешне, вывучыць мову... Акіян! Хачу ўбачыць акіян! Канешне, грошы таксама...”.”

Хлопец: “Хачу пазнаёміцца з амэрыканцамі. У нас жа амбасада візаў не выдае.”

Хлопец: “Еду, каб прайсьці гутарку ў амбасадзе”.

Студэнтка: “Віза мне патрэбная, каб паехаць у Амэрыку. А там адпачыць і папрацаваць колькі атрымаецца”.

Карэспандэнтка: “А чаму вы ня хочаце паехаць папрацаваць у якім-небудзь “паказальным” калгасе дзе-небудзь на Магілёўшчыне?”

(рогат)

Дзяўчына: “Я думаю, што гэта будуць грошы не такія вялікія, як плянуюць усе ў гэтым аўтобусе. А таксама я лічу, што іншая краіна – гэта...”

Карэспандэнтка: “Колькі вы заплацілі, каб паехаць у Маскву?”.

Дзяўчына: “40 даляраў”.

Студэнт: “Еду па прыгоды”.

А 7-й вечара калёна зь дзесяці аўтобусаў са студэнтамі накіравалася ў Маскву. Бацькі, якія праводзілі сваіх дзяцей, крыху яшчэ затрымаліся, каб паразмаўляць. Паміж сабой яны абмяркоўвалі сытуацыю, калі з-за палітыкі дзяржавы беларускія грамадзяне вымушаныя ехаць у іншыя краіны па замежныя візы.

Спадар: “Увогуле гэта ненармальна – ехаць у іншую краіну, калі прадстаўніцтва ёсьць тут, гэта абсалютна бязглузда, дурасьць і, шчыра кажучы, ня вельмі добра. Ня вельмі!..”.

Спадарыня: “Дачка. Пашанцуе – значыць пашанцуе. Наконт капеек я вам скажу так: яно не акупляецца. Гэта толькі дзеля таго, каб акунуцца ў тое асяродзьдзе моўнае”.

Спадар: “Безумоўна, калі ты кантактуеш у тым асяродку, у тым грамадзтве, то, безумоўна, нешта набываеш”.

Кожны зь іх выказваў спадзяваньне, што ягоны сын ці дачка пройдуць пасьпяхова гутарку і нарэшце на свае ўласныя вочы пабачаць краіну, якую даўно марылі пабачыць і якую так крытыкуюць беларускія ўлады.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG