Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Празе пачынаецца Эўрапейскі форум атамнай энэргетыкі. У Беларусі тым часам разгараюцца жарсьці вакол будаўніцтва атамнай станцыі. Палітычнае рашэньне найвышэйшай уладаю прынятае, месца будаўніцтва АЭС вызначыць спэцыяльная камісія Савету міністраў. А грамадзкія актывісты Антыядзернай групы зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва АЭС. Але на форум у Прагу беларусы не запрошаныя.

Ува ўсім сьвеце ёсьць моцныя антыядзерныя рухі, якія сапраўды ўплываюць на прыняцьце сур’ёзных рашэньняў, змагаюцца за экалягічна здаровае асяродзьдзе, сустракаюцца на прадстаўнічых форумах. Нядаўна ў штаб-квартэры ААН у Нью-Ёрку зьбіраліся мэры вялікіх гарадоў сьвету – удзельнікі антыядзернага руху. У Беларусі было некалькі спробаў стварыць агульнанацыянальны антыядзерны рух, але ўсё хутка заціхала. І вось нядаўна, калі было прынятае канчатковае рашэньне будаваць АЭС, у некаторых рэгіёнах зьявіліся антыядзерныя групы.

Эдуард Брокараў – адзін з ініцыятараў збору подпісаў супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў Горацкім раёне (дзе вывучаецца Кукшынаўская пляцоўка пад будаўніцтва АЭС). На пытаньне, чаму улады не прыслухоўваюцца да голасу грамадзтва, адказаў так:

“Таму і не прыслухоўваюцца, што гэтыя рухі слабыя. Яны рэальна слабыя. Асноўная бяда ў рэгіёнах – што ў людзей няма ўсебаковай аб’ектыўнай інфармацыі. Большасьць нашага электарату што глядзяць? БТ глядзяць, чытаюць “Ленінскі шлях” ці “Шлях Ільіча”, якія іх па разнарадцы прымушаюць выпісваць, незалежнай прэсы мала, а доступ ў інтэрнэт мае ня кожны. Таму людзі рэальна ня могуць ацаніць ступень небясьпекі гэтай станцыі”.

Юры Варонежцаў – грамадзкі актывіст з Гомелю. Па адукацыі – фізык. На пытаньне, чаму людзі так млява рэагуюць на будаўніцтва АЭС, адказаў так:

“Гэта тычыцца ня толькі антыядзерных справаў. Здавалася б, пасьля адмены льготаў тыя ж пэнсіянэры павінны былі дах зьнесьці і выйсьці на вуліцы пратэставаць. Але гэтага не адбылося. Так і тут... Але тут наагул зьдзіўляе, што некаторыя людзі кажуць: “А, магчыма, так і трэба? У нас няма нафты, газу, дык давайце АЭС пабудуем”. Быццам бы ў нас ёсьць уран! Я думаў, што Чарнобыль для беларусаў – асобная рэч. Не, сутыкнуўся з тым жа самым у спробах неяк народ разварушыць. Нават у Гомельскім рэгіёне...”

Эдуард Брокараў распавёў, што больш за тысячу подпісаў жыхароў Горацкага раёну супраць будаўніцтва АЭС перададзеныя дэпутатам парлямэнту, але рэакцыі няма. Цяпер збор подпісаў працягваецца невялікай ініцыятыўнай групай.

“Я бачу тут вялікае недагляд палітыкаў, лідэраў дэмакратычных сілаў, у прыватнасьці Мілінкевіча, што яны не ўзяліся за арганізацыю гэтага руху, – гаворыць Эдуард брокараў. – Гэта выдатная, файная кампанія, якую апазыцыя з карысьцю можа правесьці і для сябе, і для людзей. Мне, шчыра кажучы, не падабаецца, што Мілінкевіч падчас “Чарнобыльскага шляху” зрабіў заяву, што рух пачне збор подпісаў. Ну і дзе той збор?

На жаль, гэтыя групы разрозьненыя: ёсьць на Чэрыкаўшчыне, мы ў Горацкім раёне працуем. Зь некаторых рэгіёнаў яшчэ да мяне зьвярталіся, я даваў ім ўзоры ліста падпіснога. Але гэта адзінкавыя выпадкі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG