Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня – палітвязень Аляксандар Казулін.


Падчас сустрэчы з дочкамі ў калёніі “Віцьба-3” А.Казулін перадаў сваё заданьне журналістам «Свабоды» -- падрыхтаваць перадачу на тэму «Ці павінен кіраўнік дзяржавы быць прыкладам для грамадзянаў».

Экс-кандыдату ў прэзыдэтны Беларусі 53 гады. Ён прафэсар, доктар навук, лідэр БСДП “Грамада”. Жанаты, мае двух дачок і ўнука.

Служыў на Балтыйскім флёце ў марской пяхоце, пасьля дэмабілізацыі працаваў на МТЗ. З чырвоным дыплёмам скончыў мэханіка-матэматычны факультэт БДУ. Сем гадоў – да 2003-га – рэктар Белдзяржунівэрсытэту, тры гады быў сябрам ураду Беларусі, міністрам.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году – кандыдат на пасаду кіраўніка Беларусі. Затрыманы 25 сакавіка падчас разгону шэсьця да прыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна і праз чатыры месяцы асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі «за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў». Адбывае пакараньне ў калёніі “Віцьба-3”. У 2006 годзе 53 дні трымаў палітычную галадоўку.

Якія прэзыдэнты падабаюцца сталым людзям?

У Горадні на вуліцы Будзёнага, 48 А мноства офісаў – тут ня толькі фірмы, але й грамадзкія арганізацыі. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў наведнікаў сталага ўзросту: якія прэзыдэнты ім падабаюцца і за што?

“Тры асобы, якіх паважаю, гэта – Ян Павал ІІ, Зьбігнеў Бжэзінскі і Лех Валэнса”.

“Але зь іх прэзыдэнтам зьяўляўся толькі Валэнса”.

“Мы гаворым пра асобы, якія вядуць за сабою масу людзей, і гэтыя людзі іх паважаюць. Прэзыдэнт Беларусі? Што можна сказаць? Ён хваліў Гітлера… Ён хваліў і Леніна, і цяпер хваліць, нядаўна сказаў, што мы яшчэ ня выканалі тое, што нам завяшчаў дзядуля Ленін. Як можна на такога чалавека абапірацца?!”

Карэспандэнт: “Які прэзыдэнт Вам больш сымпатычны?”

“З бліжэйшых суседзяў – Валэнса. Сем’янін, хрысьціянін, верыць у Бога. Адбыў свой тэрмін і пайшоў, даў іншым змагацца за Польшчу, будаваць яе”.

“Мне падабаецца, як у заходнім сьвеце выбіраюць прэзыдэнта: яго жыцьцё, яго дзейнасьць – усё навідавоку, усе пра яго ведаюць. Прэзыдэнт – асоба публічная, народ павінен ведаць, каго выбраў. Мне падабаецца і амэрыканскі прэзыдэнт, і польскі, і цяперашні – у Францыі, ягонае прыватнае жыцьцё народ ведае. Я лічу: пачціваму чалавеку няма чаго хаваць”.

“Беларускі прэзыдэнт – гэта парадокс такі, патрэбны для беларускага народу, таму што ў яго няма пачуцьця годнасьці чалавечай”.

Карэспандэнт: “У беларускага народа?”

“Так, я лічу. Як чалавек адчувае сваю годнасьць, то ён нешта прадпрымае, а ў нас ніхто нічога… Гэта маё асабістае меркаваньне”.

“Нашае кіраўніцтва добрае, дзякуючы яму ўсё ў нас робіцца, я так разумею, – горад прыгожы. Мы з працы выйшлі і проста ідзем адпачываем”.

Карэспандэнт: “А дзякуючы прэзыдэнту што яшчэ?”

“Ён нас падтрымлівае ва ўсім, дапамагае… Каб яшчэ грошай трошку больш даў, то ўвогуле лепей было б”.

“Я цалкам згодная. Мая мама пэнсіянэрка, вельмі радыя пэнсіянэры, што ёсьць дапамога, пэнсія заўжды своечасова выплачваецца. Пэнсіянэры вельмі задаволеныя ўсім, дый мы задаволеныя. Мы за прэзыдэнта, канечне”.

Карэспандэнт: “Якія прэзыдэнты Вам падабаюцца і за што?”

“Пуцін, бо ён ня хлусіць: сказаў, што два тэрміны будзе – і ўсё, так і зрабіў. А наш як хоча, так і робіць, а так нельга. Ён кажа: наступным будзе яго сын малодшы, а малодшы, гэта – Коля, які сказаў “тата” на яго. Як гэта зразумець? Мы ня ведалі, што ў яго яшчэ дзіця ёсьць і ад якой жонкі, ня ведаем таксама”.

“Мне падабаецца прэзыдэнт Літвы Адамкус, прэзыдэнт Нямеччыны, а таксама Буш, таму што яны трымаюцца закону і нікому не дазваляюць парушаюць”.

“Казулін – такі разумны чалавек, а яму ў турме сядзець. Ён павінен кіраваць краінай, Казулін, я яго вельмі люблю і паважаю”.

Сталы спадар: “Станоўча тое, што ён эканоміку трошкі падняў, Аляксандар Лукашэнка, заводы запусьціў. Тралейбус выпускае, трамвай выпускае, гэтага ж не было! Аднак прэзыдэнт павінен быць два тэрміны, а ня больш…”

“Ёсьць станоўчае, ёсьць і адмоўнае. Станоўчае — жыльлёвае будаўніцтва, адносна сябе асабіста магу адзначыць”.

Карэспандэнт: “Вы пабудавалі кватэру на крэдыт, а на свой заробак не маглі гэтага зрабіць?”

“Вы што?! Хацелася б, каненче, яшчэ ў эканоміцы лепшых зьменаў”.

Паводле сакавіцкага апытаньня зарэгістраванай у Літве сацыялягічнай арганізацыі НІСЭПІ, 47 працэнтаў грамадзянаў давяраюць цяперашняму кіраўніку Беларусі. Хіба ці ня столькі ж – 38 працэнтаў – адамаўляюць у даверы прэзыдэнту.

Меркаваньне былога адваката Аляксандра Казуліна – Ігара Рынкевіча:


«Нэльсан Мандэла, Вацлаў Гавэл – вось прыклады веры і непахіснасьці, нязломнасьці ў змаганьні з рэакцыйнай уладай, высока ацэненыя народамі, прыклады, якія сьведчаць, што такія людзі разам са сваімі народамі ў рэшце рэшт перамагаюць.

Вось і Аляксандар Казулін пацьвярджае сваім прыкладам: тыя, за кім праўда, за кім сапраўдныя чалавечыя каштоўнасьці – за імі будучыня. Яны перамагаюць.

Зь іншага боку, Аляксандар Казулін зараз зьвяртаецца да эўрапейцаў з напамінам пра тое, што сёньняшні беларускі кіраўнік адкрыта захапляўся парадкам Нямеччыны ўзору 1930-х гадоў – а гэта ўжо выклік цывілізацыі.

Зноў жа, прыклады Гітлера, Мусаліні, а пазьней Чаўшэску, Піначэта сьведчаць: усё роўна давядзецца несьці адказнасьць. Перад народам. Перад гісторыяй. Перад Богам».


Якія сымбалі дзяржаўнай улады ведаюць маладыя?

Паводле апытаньняў сацыёлягаў з расейскага Фонду грамадзкай думкі, дзяржаўны лідэр мусіць быць найперш сумленным, прыстойным, разумець праблемы простых людзей, мець досьвед дзяржаўнага кіраваньня. У гэтым сэнсе Аляксандар Лукашэнка трапна назваўся некалі “бацькам” для беларусаў. А кім успрымаюць дзяржаўнага кіраўніка, так бы мовіць, “дзеці”?

Мы правялі апытаньне сярод студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (нагадаем, што грамадзкі рэдактар тыдня Аляксандар Казулін сем гадоў быў рэктарам БДУ): зь якім сымбалем асацыюецца ў маладых, адукаваных, шмат у чым дасьведчаных юнакоў і дзяўчат пасада кіраўніка краіны?

Карэспандэнт: “З чым у вас асацыюецца панятак “дзяржаўная ўлада?”

“З Домам ураду. Усё”.

“Пэўна, прэзыдэнт, міністры, апарат наагул”.

“Зразумела, што ўлада – гэта нейкія асобы, але наагул улада павінна абапірацца на народ. Не на пару чалавек, а групу людзей”.

“Прэзыдэнт, бо ён кіраўнік дзяржавы. І сьцяг і герб таксама асацыюецца”.

“Перадусім герб і сьцяг – пэўна, занадта іх ужо насадзілі паўсюль. Мне яны вельмі не падабаюцца, бо нагадваюць савецкую мінуўшчыну. Я хоць і пражыў у Савецкім Саюзе пяць год і нічога ня памятаю, але ўсё роўна непрыемна”.

“Мае асацыяцыі – гэта герб, сьцяг, гімн”.

“Каненче, асацыюецца зь людзьмі, якія пры уладзе: прэзыдэнт і ягоная каманда”.

“Улада – гэта людзі, якія неяк уладкоўваюць жыцьцё ў краіне”.

“Перадусім – гэта прэзыдэнт, парлямэнт і мясцовыя органы ўлады. Усё”.

“Дзяржаўная ўлада – гэта урад, прэзыдэнт, палітыка нашай дзяржавы”.

Карэспандэнт: “Дзяржаўная ўлада гэта што?”

“Для мяне дзяржаўная ўлада – перадусім гэта Вітаўт, затым БНР”.

“Дзяржаўная ўлада? У мяне ніякіх асацыяў гэта не выклікае. Хіба прэзыдэнт, Палата прадстаўнікоў, тры галіны ўлады. Асабліва над гэтым не задумвалася”.

“На сёньня – гэта тыранія. Гэта страх і запужваньне людзей. Да прыкладу, дзень інфармаваньня насельніцтва, які ў нас быў учора”.

А.Казулін з маці
Меркаваньне маці Аляксандра Казуліна – спадарыні Яўгеніі:


«Я хачу зьвярнуць увагу на выказваньне Кастуся Каліноўскага: «Не народ для ўлады, а ўлада для народу!» Кіраўнік дзяржавы – гэта ёсьць ужо ўлада для народу, таму ён павінен і выбірацца народам. Але – на сумленных выбарах. Кіраўнік дзяржавы мусіць быць чалавекам вялікай культуры і паважна адносіцца да ўсіх сваіх апанэнтаў і ўсяго народу. А перад законам мусіць несьці такую ж адказнасьць, як і кожны з нас, а не падпарадкоўваць закон пад сябе.

Яшчэ – карэктна і шырокамаштабна выпраўляць калектыўна недахопы, але быць добразычлівым, сумленным. Так, каб кожнаму хацелася б працаваць на разьвіцьцё радзімы творча і сумленна, каб выключалася карупцыя.

Яму трэба берагчы сям'ю, не запэцкацца амаральнымі ўчынкамі. Ніякага зазнайства і маніі вялікасьці. Усе пытаньні вырашаць безь зьнявагі людзей.

Жыве Беларусь!»

Якія дзяржаўныя лідэры Беларусі ў пашане ў гісторыкаў?

У чым адметнасьці беларускіх нацыянальных дзяржаўных лідэраў, пачынаючы ад Ягайлы і заканчваючы Пятром Машэравым?

Гісторык, прафэсар Захар Шыбека сказаў, што першая асаблівасьць – ён ня бачыць у кіраўніках Беларусі ўсіх часоў наагул бездакорных лідэраў, якімі можна ганарыцца.

“Караткевіч у свой час сказаў, што наша зямля ўсім удалася, акрамя кіраўнікоў. Але мне хацелася дапоўніць яго, што такой краінай, як Беларусь, было вельмі цяжка кіраваць. Спачатку кіраўнікі нашай манархіі добра спраўляліся са сваімі абавязкамі, абаранялі краіну. Асабліва гэта тычыцца дынастыі Ягелончыкаў. Потым, з другой паловы 16 стагодзьдзя, гэтай краінай кіравалі людзі чужынскія, з дынастыяў францускіх, швэдзкіх, саксонскіх. Паступова фармаваўся такі тып кіраўніка-прыстасаванца.

Яскравы прыклад – Станіслаў Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай. Гэта асаблівасьць захоўвалася і далей, ужо ў часы Савецкага Саюза, калі кіраўнікі Беларусі не былі сапраўднымі, безумоўнымі кіраўнікамі сваёй зямлі. Тое тычыцца і таго ж самага Машэрава, нашага нібыта нацыянальнага героя”.

Да таго ж, Беларусьсю заўсёды вельмі цяжка было кіраваць зь некалькіх прычынаў: і геапалітычнага становішча, і, так бы мовіць, з-за шматэтнічнасьці і шматкультурнасьці народа.

Гісторык Валянцін Голубеў выказаў такое меркаваньне пра адметнасьці беларускіх палітычных лідэраў:

“На жаль, бачыцца адна сапраўды ня вельмі прыемная рыса – прыстасаванства, імкненьне для ўласных палітычных інтарэсаў нават здрадзіць інтарэсам нацыі і дзяржавы. Прыклад гэтага першым паказаў Ягайла, які, заключаючы па сутнасьці пэрсанальную унію, пайшоў на тыя ўмовы, якія паставіў Ватыкан. Гэта і астатнія кіраўнікі Вялікага княства Літоўскага, якія ў ХVП – ХVШ стагодзьдзі пайшлі пад Карону. Нават і той жа Міхал Клеафас Агінскі, які стаў сэнатарам, пайшоў ужо пад Расею. Я ўжо ня буду гаварыць пра савецкіх дзеячаў, якія па сутнасьці не былі лідэрамі ў поўным сэнсе гэтага слова, а выконвалі загады замежнага цэнтру.

Можна выдзеліць толькі тых змагароў, якія з другой паловы ХVІ стагодзьдзя – я маю на ўвазе Мікалая Радзівіла Чорнага і Льва Сапегу, – сапраўды змаглі ў вельмі складаных палітычных умовах дамагчыся, каб Рэч Паспалітая і Вялікае княства Літоўскае мелі ўсе дзяржаўныя функцыі, усе дзяржаўныя паўнамоцтвы”.

Трэба выдзеліць кіраўнікоў-манархаў і кіраўнікоў – палітычных лідэраў, лічыць прафэсар-гісторык Захар Шыбека. На ягоную думку, манархі лепш спраўляліся са сваімі абавязкамі, яны лічылі ўвесь народ сваімі падданымі, і ставіліся да ўсіх больш-менш аднолькава:

“А калі пачалі кіраваць палітычныя лідэры, для іх характэрная была сацыяльная ці палітычная абмежаванасьць. Тыя ж браты Луцкевічы, Іван і асабліва Антон – яны былі сацыял-дэмакратамі і стараліся навязаць гэтую ідэалёгію свайму народу. Яны фактычна адсеклі аграрную эліту, не прызнавалі яе. І тое самае будзе потым з бальшавікамі. Сацыяльная абмежаванасьць таксама істотна ўплывала на эфэктыўнасьць дзейнасьці і тых посьпехаў палітычных, якіх яны б маглі дасягнуць, калі б не прытрымліваліся такіх зашораных прынцыпаў партыйнасьці і сацыяльнай дэмагогіі”.

На думку прафэсара Захара Шыбекі, бяда беларусаў яшчэ і ў тым, што сам народ ня мог абраць такога лідэра, які быў бы для яго найбольш прыймальным.

Гісторык Валянцін Голубеў, на пытаньне, каго зь беларускіх лідэраў ўсіх часоў ён мог бы асабліва адзначыць, адказаў так:

“Па вялікім рахунку, я ня мог бы даць станоўчую ацэнку, не магу выбраць такую асобу, пра якую можна сказаць, што ён рабіў для дзяржавы, а не для сябе. Нават калі гаварыць пра эміграцыю. Чалавек, выехаўшы на эміграцыю, у першую чаргу думае пра сябе, а не пра дзяржаву, пра нацыю, пра краіну”.

У шэрагу краінаў рэгулярна праводзяцца сацыялягічныя апытаньні з мэтай высьветліць народную ацэнку якасьцяў дзяржаўных кіраўнікоў. Асабліва часта яны праводзяцца ў Злучаных Штатах. Так, паводле службы Гарыса, кожны трэці з апытаных амэрыканцаў самым выдатным прэзыдэнтам ЗША назваў Аўраама Лінкальна. Кожны чацьвёрты – Рональда Рэйгана, кожны пяты – Франкліна Рузьвэльта. Гэтаксама суайчыньнікі вызначылі лепшым кіраўніком сучаснай Францыі Шарля дэ Голя, а ўсьлед за ім – Франсуа Мітэрана і Жака Шырака. А ў Нямеччыне адзін з апошніх рэйтынгаў папулярнасьці канцлераў выглядае наступным чынам: Гельмут Шміт, Гельмут Коль і Конрад Адэнаўэр.

Што да грамадзянскіх антысымпатый, дык у Амэрыцы, напрыклад, гэты рэйтынг упэўнена ўзначальвае Джордж Буш. Ён жа паказаў самы нізкі каэфіцыент інтэлекту сярод амэрыканскіх прэзыдэнтаў – удвая меншы, чым у ягонага папярэдніка Біла Клінтана. Дарэчы, Клінтан прызнаны самым разумным сярод прэзыдэнтаў дэмакратычнай накіраванасьці.

Вынікі апытаньня "Свабоды"
Якія чыньнікі працуюць на аўтарытэт кіраўніка краіны


Адкуль жа ў прынцыпе ідзе аўтарытэт вышэйшага кіраўніка, вышэйшай улады? Зь якіх чыньнікаў складаецца? Ці ёсьць гэтая зьява архетыпальнай, уласьцівай масавай сьвядомасьці?

Палітоляг, філёзаф Уладзімер Мацкевіч кажа, што вобраз улады, увасоблены ў канкрэтным чалавеку – гэта своеасаблівы архетып, калі карыстацца тэрміналёгіяй псыхоляга Карла Густава Юнга. Архетып – гэта адзін з вобразаў, якія жывуць у масавай сьвядомасьці ці падсьвядомасьці грамадзтва. І заўсёды будуць індывідуўмы, для якіх носьбіт улады – аўтарытэт безумоўны.

“Незалежна ад таго, якая ўлада, што яна робіць, якія яе мэты, дзеяньні і якія ў гэтых дзеяньняў наступствы – усё адно ўлада аўтарытэтная, і да яе ставяцца з даверам – гэта дае на выбарах прыкладна 20% прыхільнікаў ЛЮБОЙ уладзе”.

То бок, ёсьць частка грамадзтва, якая на баку таго, хто знаходзіцца “на кані” – пры ўладзе. Уладзімер Мацкевіч ілюструе тэорыю красамоўнымі фактамі:

“Калі Шушкевіча, напрыклад, адхілялі ад улады, ад кіраўніцтва Вярхоўным Саветам, ён меў рэйтынг каля 40%. Пасьля, калі яго адхілілі, ён скараціўся ўдвая. Гэта ж праз паўгады адбылося і на прэзыдэнцкіх выбарах: ён меў столькі ж галасоў, колькі меў асабістага рэйтынгу. Другая палова, 20% – засталася як спадчына носьбіта ўлады. І гэтак будзе з кожным. Калі вы дыскрэдытуеце носьбіта ўлады, 20% аўтарытэту за ім усё адно застанецца. Гэта першы складнік аўтарытэту”.

Другі складнік – дзейнасьць улады і наступствы яе дзеяньняў. Гэта найбольш варыянтная частка аўтарытэту – яна можа даходзіць да 80-90%. І трэцяя ўплывовая на аўтарытэт улады частка грамадзтва – “анархічныя” – тыя, хто супраць любой улады. Гэта 20% прыкладна. 20 тых, хто “за”, 20 тых, хто “супраць”, і аж да 90% – паводле абставін...

Выдае, нешта не сыходзіцца... А сыходзіцца і не павінна, тлумачыць Уладзімер Мацкевіч:

“100% аўтарытэту ніколі не бывае. Нават пры фашысцкай, таталітарнай дзяржаве ёсьць тыя, хто супраць яе. Іншая справа, што таталітарныя рэжымы могуць рабіць выгляд, што іх падтрымліваюць 100%. Саветы, прыкладам, дэманстравалі: іх падтрымлівае 99 і крыху яшчэ...”

Сацыяльнаму інстытуту ўлады мог бы супрацьстаяць інстытут сям’і, кажа сацыёляг Тацяна Вадалаская. Усё ж пры фармаваньні асобы і грамадзяніна сям’я мае першынство, а нават у рэкляме ёсьць такі выраз, як “лідэрства па першынстве”: папросту, хто першы сказаў, той і рацыю мае.

“Сям’я – вельмі моцны інстытут сацыяльны. І калі ён захоўваецца як інстытут уплывовы, ён мог бы супрацьстаяць. Але ў Савецкім Саюзе, з прыходам савецкай улады, ён вынішчаўся. Выхаваньне дзяцей было справай школы, а не сям’і”.

Вярнуць былую моц інстытуту сям’і будзе складана, кажа Тацяна Вадалаская:

“Для Беларусі, каб інстытут сям’і мог супрацьстаяць, ён мусіць аднаўляцца. Менавіта як моцны, магутны інстытут. А гэта даволі складаная задача”.

Прыкладам мог бы стаць аўтарытэт кіраўніка краіны. Але пакуль гэтага не адбываецца.

“Рыторыка ў агульных рысах станоўчая: за аднаўленьне сем’яў, падтрымліваем шматдзетныя сем’і... Але другой рукой ён яго (інстытут сям’і) ігнаруе”.

Тэма маральнага прыкладу прэзыдэнта, інстытуту сям’і актуальная і для іншых краінаў. Той жа Біл Клінтан, пры якім эканоміка ЗША была пастаянна на ўздыме, менавіта з-за сямейнага скандалу апынуўся на трэцім месцы па непапулярнасьці сярод усіх амэрыканскіх прэзыдэнтаў. Ён ледзьве змог пазьбегнуць імпічмэнту. Скандал з Монікай Левінскі нарадзіў у ЗША шырокую дыскусію адносна таго, як маральныя якасьці палітыка могуць уплываць на ягоныя здольнасьці і права эфэктыўна выконваць свае прафэсійныя абавязкі.

Пра актульнасьць гэтай праблемы сьведчыць і тое, што апошнім часам у шэрагу краінаў прэзыдэнтамі – менавіта жанчыны. Назавем, напрыклад, Фінляндыю, Нямеччыну, Аргентыну, Чылі, Лібэрыю. Двойчы запар абіралася прэзыдэнтам Латвіі Вайра Вике-Фрейберга. Згодна дадзеным службы Gallup, каля 46% амэрыканцаў упэўненыя: калі не цяпер, то цягам бліжэйшага 10-годзьдзя прэзыдэнтам ЗША стане жанчына.

Якія замежныя прэзыдэнты могуць стаць узорам для беларусаў?

Чаму ж вучыць гэты й іншы замежны досьвед беларусаў? Ці можа кіраўнік беларускай дзяржавы стаць узорам для сваіх грамадзянаў, як калісьці Вацлаў Гавэл ці Нэльсан Мандэла, вакол якіх гуртаваліся людзі ў Чэхіі і ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы?

Фармальна Беларусь лічыцца “народнай рэспублікай”, дзе, па аналёгіі з Савецкім Саюзам, працэнт падтрымкі “абраньніка” сягае ледзьве не 90% выбарцаў. Але ці сапраўднае ўсенароднае ўхваленьне куміра? Сам Лукашэнка лічыць, што так. І “здаваць” за гэта свой народ ня мае намеру:

“Я сабе пакляўся: колькі я тут буду кіраўніком гэтай дзяржавы, буду заўсёды памятаць пра тых людзей, якія ішлі на выбарчыя ўчасткі. Як некаторыя інваліды з ложка не маглі ўстаць, іх везьлі, каб ён мог прагаласаваць за Лукашэнку. І мне пра гэта дакладалі. Уяўляеце, што я пасьля гэтага мушу прадаць усё, што яны тут стварылі і я мушу кінуць гэтых людзей? Ніколі!”

Філёзаф Валянцін Акудовіч перакананы: беларускі досьвед аб’ектыўна ня можа быць параўнаны зь іншымі краінамі, дзе дзяржаўнага лідэра выбірае не народ, а нацыя:

“Лукашэнкава ўлада якраз народная. Калі мы ёю не задаволеныя – гэта тыя пласты насельніцтва, якія хочуць дэмакратычных пераўтварэньняў, правоў, свабодаў – то гэта зусім не азначае, што яна не народная. Мы ў меншасьці...

Тут пытаньне, хутчэй, трэба ставіць неяк інакш. Прыкладам, падтрымка Гавэла – гэта не падтрымка народу, гэта падтрымка нацыі. А гэта зусім розныя рэчы – нацыя і народ. З гэтай блытаніны шмат што адбываецца незразумелага. Уласна кажучы, тыя зачаткі, тыя лякальна сфармаваныя фрагмэнты нацыі, не складаюць бальшыню, і яшчэ яны не складаюць нацыю. І пакуль абсалютна незразумела: нацыя складзецца з той большасьці, якая падтрымлівае Лукашэнку, ці з тых, хто яму супрацьстаіць? Рэч у тым што, скажам, тыя ж самыя чэхі – гэта нацыя культуры. А мы нацыя сацыяльнага парадку, соцыюму. Два абсалютна розныя тыпы нацый”.

Як лічыць былы начальнік Галоўнага юрыдычнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі, у актыў кіраваньня Лукашэнкі можна аднесьці шэраг станоўчых фактараў, якія прызнае і апазыцыя. Перадусім тое, што Беларусь ня страціла статусу сувэрэнітэту, хоць пагрозы гэтаму пры канцы 1990-х былі рэальныя. Зрэшты, як удакладняе спадар Пласкавіцкі, сам Лукашэнка і стварыў перадумовы для таго, каб падчас бясконцых расейска-беларускіх эканамічных войнаў называцца “абаронцам незалежнасьці”:

“Гэта можна назваць і сувэрэнітэтам. І тое, што яго Лукашэнка нейкім чынам абараняў – таксама безумоўна. Але ці той гэта сувэрэнітэт, аб якім мы марылі калісьці? Я думаю, не. Калі нехта ў грамадзкім транспарце лямантуе і ўсе ад яго адыходзяць убок, ён таксама ў нейкім сэнсе сувэрэнны. Але ж сувэрэнітэт, калі цябе не паважаюць тыя, хто навокал, а засьцерагаюцца, баяцца, то яго ні для каго не існуе. Таму ён заўсёды ўсіх крыўдзіў і працягвае крыўдзіць, уключна са сваімі самымі блізкімі саюзьнікамі. Яго стала больш. Павагі, на якую можа разьлічваць і сувэрэнная асоба, і сувэрэнная дзяржава, амаль няма. Акрамя гэтага, дзяржаўнага, яшчэ ёсьць эканамічны сувэрэнітэт. У гэтым накірунку мы ня толькі не зрабілі крокаў наперад, але трапілі ў яшчэ большую залежнасьць ад Расеі, чым было пры Кебічы нават”.

Расейскі палітык Канстанцін Баравы перакананы, што цяпер Лукашэнка перажывае складаныя часы. Калі ў пэрыяд кіраваньня Ельцына беларускі лідэр усур’ёз разглядаў магчымасьць пераезду ў Крэмль, то пры Пуціне і тым больш пры нераскрытым яшчэ Мядзьведзеве ад такіх амбітных плянаў даводзіцца адмаўляцца:

“Лукашэнка па інэрцыі яшчэ спрабуе выкарыстаць той імідж, які цягам доўгага часу пры Ельцыне сабе ствараў – гэткага прыхільніка ізаляцыі, супрацьстаяньня Захаду. Але тады гэта была палітычная барацьба ў Расеі. І тады ён, магчыма, мог бы стаць лідэрам такога антызаходняга руху. Аднак сёньня Лукашэнка, чалавек з калгаснымі замашкамі, ніякіх шанцаў у Расеі аб’ектыўна ня мае”.

Размова з народам на “адной мове”, што часта прыпісваюць Лукашэнку перадусім расейскія пралукашэнкавыя аналітыкі, мае з рэаліямі мала агульнага. Літаратар і дасьледчык “адхіленьняў” правадыроў розных эпохаў Валер Булгакаў кажа, што зьнешняя “цнатлівасьць”, як паказвае гістарычная практыка, можа мець зусім нечаканыя паралелі. Сёньня, як у выпадку з Аляксандрам Лукашэнкам, ён забаўляе народ сваім “трэцім сынам”. А заўтра, як у выпадку з савецкімі дзеячамі, кулюарнымі чуткамі пойдуць гуляць нечаканыя адхіленьні ад нормы:

“Паралелі са сталінскімі часамі паказваюць, што тут могуць быць самыя цікавыя і непрадказальныя сюжэты. Калі пачалася так званая яжоўшчына і быў арыштаваны наркам унутраных справаў Генрых Ягуда, выявілася, што ў яго ў 1937 годзе была агромністая калекцыя порнафільмаў. Здавалася, абсалютна высокаамаральны Савецкі Саюз. Аднак, паводле розных зьвестак, у яго знаходзілася дома некалькі тысяч парнаграфічных карцінак і дзясяткі кінастужак з заходнімі порнафільмамі. Тут складана праводзіць нейкую простую паралель, але ж...”

Падчас сустрэчы ў калёніі “Віцьба-3” з дочкамі, Аляксандар Казулін надыктаваў малодшай, Юліі, свае высновы наконт аўтарытэту кіраўніка дзяржавы сярод грамадзянаў:

“Кіраўнік, якому невядомыя духоўны пачатак і духоўнае самаўдасканаленьне, ня можа весьці давераную яму большасьць з адэкватным веданьнем. Кіраўнік ёсьць прыклад жывы. Кіраўнік ёсьць фармавальнікам шляху. Ён дае аснову дабрабыту. Аднак дабрабыту сапраўднага ня будзе без духоўнасьці.

Улада і ўладараньне ёсьць два розныя паняцьці. Уладараньне – самая нізкая праява сьвядомасьці. Бо яно народжанае самым страшным – усёвыключальным эгаізмам.

Улада ж, якая асьвяшчаецца вышэйшым веданьнем і напружаньнем сэрца, ёсьць служэньне і вышэйшая ахвяра.

На прыкладзе нашага кіраўніка можна сказаць, што ў нас няма ўлады-служэньня. А ёсьць уладараньне і выкарыстаньне свайго народу для ўладараньня ўсёвыключальнай самаўпэўненасьці і эгаізму.

Мы ня бачым прыкладу і ў сям’і, хоць сям’я зьяўляецца асновай любога грамадзтва.

Ня бачым прыкладу ў разьвіцьці. Найперш – духоўным. Чалавек нічога не чытае, акрамя так званых “стихов Быкова». І падбірае сабе такіх жа супрацоўнікаў. Напрыклад, Навумава, які нядаўна адужаў «Рабінзона Круза», а цяпер спрабуе адужаць «Тарзана».

Я хачу, каб у нашай дзяржаве зьявіўся адукаваны прэзыдэнт. Бо самаўпэўненасьць – параджэньне неадукаванасьці. Сумна, калі невук кіруе краінай».


* * *

“Ці дапаможа інтэрнэт аб’яднаць нацыю?”

Грамдзкія рэдактараы наступнага тыдня -- Ірына і Леанід Каткоўскія, бацькі нашага былога калегі, рэдактара сайта svaboda.org Уладзімера Каткоўскага. Ён памёр 25 траўня 2007 пасьля аўтакатастрофы і амаль году змаганьня за жыцьцё. Уладзімер – адзін са стваральнікаў беларускай Вікіпэдыі, стваральнік сайтаў www.pravapis.org, www.martyralog.org, ляўрэат прэміяў Інтэрнэт-супольнасьці Беларусі.

Ірына і Леанід Каткоўскія даручылі журналістам “Свабоды” падрыхтаваць перадачу на тэму “Ці можа інтэрнэт стаць сродкам, які аб’яднае нацыю?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG