Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Парсюкевіч сустракае дзень народзінаў за кратамі


Сёньня спаўняецца 41 год аднаму зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Сяргею Парсюкевічу, якога пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня асудзілі на 2,5 года зьняволеньня.


Упершыню Сяргею Парсюкевічу даводзіцца сустракаць дзень народзінаў за кратамі. У якіх умовах апынуўся актывіст прадпрымальніцкага руху?

Жонка прадпрымальніка Натальля кажа: калі б ня арышт і суд, сёньня муж абавязкова быў бы на рынку.

“Збольшага мы працавалі на ягоны дзень народзінаў. Ён жа плёнкай для цяпліцаў гандляваў, а зараз якраз самы сэзон для гэтага бізнэсу. Працавалі б да вечара, а потым дома наладзілі б сьвяточную вячэру. Апошнім часам у гэты дзень вечарам часта езьдзілі на лецішча на шашлыкі”, — кажа Натальля Парсюкевіч.

Натальля Парсюкевіч кожны дзень дасылае мужу лісты. Днямі накіравала ў турму сьвяточную паштоўку. Пажадала здароўя і мужнасьці, каб вытрываць цяжкасьці, якія абрынуліся на мужа ў турме. Сёньня сьвяточнай вячэры ў доме жанчына не плянуе.

“Патэлефаную маці Сяргея, павіншую яе з сынам, а больш нічога. Безь яго сумна”.

Я пазваніў маці вязьня Веры Фёдараўне на яе мабільны тэлефон, каб павіншаваць з днём нараджэньня сына. Настрой у маёй суразмоўніцы ня быў сьвяточны.

“Прабачце, я ўся ў сьлязах. Накіравала яму сёньня тэлеграму, віншую яго з днём нараджэньня, жадаю здароўя. Шчасьця. Я зараз на Смаленскім рынку, дзе ён працаваў. Тут ягоныя сябры перадаюць яму віншаваньні, жадаюць усяго лепшага і каб хутчэй вызваляўся”.

Пакуль што Сяргей Парсюкевіч знаходзіцца ў Жодзінскім сьледчым ізалятары, але днямі яго могуць перавесьці ў іншую калёнію. Заяву аб пераводзе прадпрымальнік напісаў сам, каб прысьпешыць апэрацыю — яму тэрмінова трэба выдаліць паліпы, бо ён задыхаецца. Захворваньне органаў дыханьня Сяргей Парсюкевіч атрымаў у Байкануры падчас службы ў касьмічных войсках СССР.

У зьняволеньні хвароба абвастрылася. У Жодзінскім сьледчым ізалятары апэрацыю ня робяць, таму вязень пагадзіўся на перавод у калёнію, не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі на прысуд. Натальля Парсюкевіч мяркуе, што яе муж ня верыць у тое, што гарадзкі суд можа яго апраўдаць.

У якіх умовах трымаюць палітвязьня?

“Там гэтак жа цесна, як у менскім ізалятары, але крыху лепшае харчаваньне”, — згадаў былы дэпутат Валер Шчукін, які сядзеў у Жодзінскім сьледчым ізалятары некалькі гадоў таму. Валер Шчукін перакананы, што турэмную традыцыю — адзначаць дзень нараджэньня вязьня самаробным тортам — абавязкова падтрымаюць калегі Сяргея Парсюкевіча па камэры.

“Так, яны там гатуюць торт. Са згушчонкі, печыва, цукерак. Трэба ж чалавеку зрабіць прыемнае, неяк павіншаваць”.

Дзень разгляду касацыйнай скаргі Сяргея Парсюкевіча ў Менскім гарадзкім судзе яшчэ не прызначаны, паведаміла адвакатка вязьня Вера Страмкоўская.
XS
SM
MD
LG