Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адпавядае дзейнасьць беларускай судовай сыстэмы прынцыпам, якія адлюстраваныя ў Беларускай Канстытуцыі і заканадаўстве? Ці ёсьць судовыя органы незалежнай галіной улады альбо яны пераўтварыліся ў мэханізм уціску іншадумства? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць юрыст праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч і былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў


Цыганкоў: “Жорсткія прысуды Андрэю Кіму і Сяргею Парсюкевічу прымушаюць зноў зьвярнуць увагу на стан судовай сыстэмы ў Беларусі. Ці адпавядае яе дзейнасьць тым прынцыпам, якія адлюстраваныя ў заканадаўстве? Ці ёсьць судовая сыстэма сапраўды незалежнай галіной улады?”

“Судзьдзі цалкам залежаць ад выканаўчай улады”

У нас судзьдзі ня могуць быць незалежнымі як у сілу свайго становішча, гэтак і з-за палітычнай сытуацыі
Пастухоў
: “У канстытуцыі і ў законах у нас прапісаныя добрыя прынцыпы арганізацыі судаводства, але на самой справе яны ня ў поўнай ступені выконваюцца. І перш за ўсё гэта тычыцца незалежнасьці судовай сыстэмы ў цэлым і асобных судзьдзях. У нас вялікая залежнасьць судоў ад выканаўчай улады. Гэты праяўляецца ў тым, што органы выканаўчай улады прадстаўляюць судзьдзям памяшканьні, службовае жыльлё, мэдычную дапамогу. Усё, што зьвязаны з дзейнасьцю судоў і забесьпячэньнем судзьдзяў – фактычна ўсё залежыць ад выканаўчай улады. І бадай самае галоўнае – усіх судзьдзяў на пасады прызначае прэзыдэнт, прысваеньне клясных чыноў таксама ў кампэтэнцыі кіраўніка дзяржавы. Таму ў нас судзьдзі ня могуць быць незалежнымі як у сілу свайго становішча, гэтак і з-за палітычнай сытуацыі”.

Цыганкоў:
“Спадар Пастухоў найбольшую ўвагу зьвярнуў на арганізацыйную і матэрыяльную залежнасьць судовай сыстэмы ад выканаўчай улады. Валянцін, ці згодны вы, што гэта галоўнае, ці хацелі б дадаць іншыя аспэкты?”

“Найвышэйшыя судзьдзі павінны прызначацца парлямэнтам”


Стэфановіч:
“Праблема судоў – гэта ня толькі праблемы гэтай галіны ўлады. Проста Канстытуцыя ў Беларусі пераўтвараецца ў такі дэкляратыўны дакумэнт, які быў пры СССР. Там шмат чаго добрага запісана, але ў жыцьці мы бачым шмат чаго іншага.

Я прыходжу да высновы, што ў будучым найперш трэба будзе рабіць рэформу сыстэмы судовай улады і перапісваць законы аб судаўладкаваньні і магчыма, пераглядаць самую сыстэмы прызначэньня судзьдзяў”.

Цыганкоў: “Ці маглі б вы зараз абазначыць некаторыя штрыхі гэтай неабходнай рэформы?”

Каб Канстытуцыйны Суд фармаваўся парлямэнтам
Стэфановіч:
“Калі ў агульных рысах, то трэба рознымі супрацьвагамі забясьпечыць сапраўдную незалежнасьць судовай сыстэмы. Гэта дыскусійнае пытаньне, але магчыма, трэба, каб судзьдзі вышэйшых судоў (Вярхоўнага Суду, Найвышэйшага гаспадарчага суду) абраліся парлямэнтам. Каб Канстытуцыйны Суд фармаваўся парлямэнтам. Трэба разьмеркаваць паміж рознымі галінамі ўлады права прызначэньня судзьдзяў”.

Цыганкоў: “У тых канкрэтных выпадах, пра якія мы казалі (Кіма і Парсюкевіча) пацярпелымі выступалі прадстаўнікі сілавых структураў – міліцыянты. Чаму амаль ва ўсіх выпадках, калі аб’ектамі судовага разгляду становяцца міліцыянты, яны амаль заўсёды выйграюць у іншых грамадзянаў. Чаму ў Беларусі “не працуе” супрацьстаяньне Пракуратуры, суду і міліцыі? Яны часьцей дзейнічаюць як адзінае цэлае супраць грамадзяніна..”

Правасудзьдзя ў эўрапейскім сэнсе слова ў Беларусі пакуль няма”.

Пастухоў
: “Увогуле выкарыстаньне міліцыянтаў у якасьці сьведкаў – заганная практыка, якой не павінна быць. Усе разумеюць, што службовыя асобы залежныя ад улады і могуць даваць хлусьлівыя паказаньні. І ў нас атрымліваецца так, што няма ніякіх стрымак паміж гэтымі праваахоўнымі органамі – судамі, пракуратурай, міліцыяй. А яны павінны быць, суд мусіць быць арбітрам.

На самой справе ўсе праваахоўныя органы дзейнічаюць у адным кірунку. Гульня ў адны вароты – супраць тых, каго прыцягваюць да адказнасьці
У Беларусі гэтага няма, і на самой справе ўсе праваахоўныя органы дзейнічаюць у адным кірунку. Гульня ў адны вароты – супраць тых, каго прыцягваюць да адказнасьці. І гэта найбольш відавочна ў справах, якія маюць палітычны грунт. Суды тут выступаюць фактычна як рэпрэсіўныя органы. На жаль, можна канстатаваць, што правасудзьдзя ў эўрапейскім сэнсе слова ў Беларусі пакуль няма”.

Цыганкоў: “Раней, у савецкія часы, пракуратура і судзьдзі часам ўступалі ў пэўныя супярэчнасьці паміж сабой і з міліцыяй. А цяпер яны часьцей дзейнічаюць як адзінае цэлае. Толькі таму, што яны выступаюць супраць апазыцыянэраў?”

Стэфановіч:
Я б сказаў, што яны выступаюць як адзіны канглямэрат ня толькі ў справах зьвязаных з палітычнымі апанэнтамі. Складаецца вельмі жахлівая сытуацыя, калі грамадзян ня можа знайсьці праўду ў судзе.

Я ўжо не кажу пра палітычна матываваныя справы, дзе суд выступае як мэханізм палітычных рэпрэсіяў. Бо тыя прэвэнтыўныя затрыманьні грамадзянаў цалкам супрацьзаконныя, і гэта разумеюць усе. Складаюцца сьпісы грамадзянаў, якія падлягаюць кароткатэрміноваму інтэрніраваньню – яны затрымліваюцца, і праз суды іх прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці, выносяць арышты. У дадзенай сытуацыі суд выступае як рэпрэсіўны орган -- надаецца бачнасьць юрыдычнай моцы гэтым арыштам. Але іхняя сутнасьць ад гэтага не мяняецца – гэта рэпрэсіі, гэта інтэрнаваньне палітычных апанэнтаў.

Што да рознагалосьсяў паміж рознымі ведамствамі, то яны, зразумела, ёсьць. Але калі размова ідзе пра захаваньне гэтай улады, то яны дзейнічаюць у адным кірунку. Тады ўсё падпарадкоўваецца адной лініі, і ніякіх ваганьняў быць ня можа”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG