Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андыжан: памяць пра трагедыю. Фотагалерэя.


Тры гады таму адбыліся крывавыя падзеі ў узбэцкім горадзе Андыжан.


Фотагалерэя

У ноч на 13 траўня 2005 году ўзброеныя людзі захапілі будынак гарадзкой адміністрацыі узбэцкага гораду Андыжан, напалі на вайсковы гарнізон і турму, захапілі зброі і вызвалілі зьняволеных. На другі дзень на цэнтральнай плошчы гораду сабралася вялікая дэманстрацыя. Узбэцкі ўрад у адказ даслаў вайсковыя сілы.

Падчас дэманстрацыі 13 траўня ўрадавыя войскі без папярэджаньня адкрылі агонь па ўдзельніках пратэсту, загінулі сотні людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці. Бальшыня дэманстрантаў сабралася не для падтрымкі захопу турмы, а з крытыкай ўраду і патрабаваньнямі паляпшэньня ўмоваў жыцьця.

Паводле пазьнейшых ацэнак праваабаронцаў, у андыжанскіх падзеях загінула ня менш за 1000 чалавек, бальшыня зь ліку цывільнага насельніцтва. Узбэцкія ўлады ацэньваюць колькасьць ахвяраў на 200 чалавек і цьвердзяць, што ахвяры – гэта пераважна замежныя экстрэмісты-наёмнікі і ўрадавыя вайскоўцы.

Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў сьцьвярджаў, што хваляваньні ў Андыжане былі арганізаваныя міжнароднай экстрэмісцкай групоўкай з падтрымкай замежных ісламістаў. Ён адмовіўся выканаць патрабаваньні правесьці незалежнае расьсьледаваньне падзеяў. Ніводзін зь дзяржаўных службоўцаў ня быў пакараны за неапраўданае ўжыцьцё сілы.

Некаторыя андыжанцы цьвердзілі, што ўлады выносілі целы забітых зь месца падзеяў, каб схаваць колькасьць ахвяраў. На працягу месяцаў пасьля сутыкненьняў шматлікія сем'і ня ведалі, ці іх родныя загінулі, уцяклі з краіны або былі зьняволеныя за ўдзел у дэманстрацыях.

Дзясяткі ўзбэкаў пасьля андыжанскіх падзеяў паўсталі перад судом, 15 абвінавачаных былі асуджаныя за забойствы і тэрарыстычную дзейнасьць у сувязі з захопам турмы. Асуджаныя былі і тыя, хто ня ўдзельнічаў у самых падзеях, у тым ліку шэраг журналістаў і праваабаронцаў, якія расьсьледавалі або асьвятлялі крывавыя падзеі ў Андыжане.

Сотні ўзбэкаў пасьля трагічных падзеяў уцяклі з Андыжану ў суседні Кіргізстан. Кіргізстан спачатку закрыў свае межы, каб не дапусьціць наплыў уцекачоў, якія маглі б стаць крыніцай новых пратэстаў і неспакою. Найвышэйшы камісар ААН у справах уцекачоў з часам дамогся наданьня ўзбэкам статусу уцекачоў і дапамог ім перабрацца ў іншыя краіны.

Некаторыя ўцекачы з Андыжану аселі ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы. Шмат хто зь іх пасьля вярнуўся ў Узбэкістан, але многія застаюцца на чужыне, баючыся рэпрэсіяў за ўдзел у дэманстрацыях або за тое, што былі сьведкамі іх здушэньня.

Эўразьвяз наклаў на Ўзбэкістан санкцыі ў сувязі з падзеямі ў Андыжане і парушэньнямі правоў чалавека, аднак прыпыніў іх дзеяньне, калі Ташкент вызваліў шэраг палітзьняволеных. Узбэцкія і замежныя праваабаронцы працягваюць ціск на лідэраў найбуйнейшых краінаў сьвету з патрабаваньнем заняць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да ўраду Карымава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG