Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна і культуроляг, публіцыст Максім Жбанкоў.


Як можна ацаніць стан і разьвіцьцё беларускіх СМІ у Сусьветны дзень свабоды прэсы? Ці сапраўды, як лічаць некаторыя, адбываецца дэградацыі беларускай журналістыкі як прафэсіі ці, як сьцьвярджаюць іншыя, незалежная прэса ўздымае свой узровень? Наколькі ў Беларусі выяўляюцца сусьветныя тэндэнцыі ў мас-медыях?

Цыганкоў: “Ці зьмянілася якасьць беларускіх СМІ за апошнія гады? Адны кажуць, што за апошнія гады працягваецца дэградацыі беларускай журналістыкі як прафэсіі, іншыя – наадварот, сьцьвярджаюць, што і незалежная і нават дзяржаўная прэса ўздымаюць свой узровень. А на якім баку вы ў гэтай вечнай спрэчцы пэсымістаў і аптымістаў?”

“Гэта прафэсійна, але гэта было прафэсійна і 10 гадоў таму”


Калінкіна: “Я б падзяляла прэсу як інстытут грамадзтва і журналістыку як прафэсію. Сапраўды, незалежная прэса як грамадзкі інстытут амаль страціла свае пазыцыі, якія былі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Засталося ўсяго некалькі недзяржаўных грамадзка-палітычных газэт – гэта невялікія калектывы, якія працуюць у вельмі дрэнных умовах.

Але зь іншага боку, калі казаць пра прафэсіяналізм журналістаў, пра якасьць іхніх тэкстаў, то я б дала вельмі высокую ацэнку іхняй працы. Бо гэта самая цяжкая журналістыка, пошукавая журналістыка, тэмы, якія трэба самім знайсьці, – гэта не прэс-рэлізы і ня прэс-канфэрэнцыі”.

Цыганкоў: “Давайце ўдакладнім, у чым журналістыка страціла? Напэўна, найперш у сэнсе ўплыву на масы, накладаў, аўдыторыі?”

Калінкіна: “І гэта таксама. Але гэты адбылося і ў тэхнічна-арганізацыйным сэнсе. Раней у кожнай газэты былі карэспандэнты ў рэгіёнах, зараз гэтага няма. Раней “Народная воля” была штодзённай газэтай, зараз друкуецца раз у тыдзень. Гэтыя арганізацыйныя моманты безумоўна паўплывалі на якасьць выданьняў”.

Цыганкоў: “Максім Жбанкоў быў у журы Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая праводзіла творчы конкурс “Вольнае слова”. Максім прачытаў дзясяткі матэрыялаў – рэгіянальных і сталічных. Якое ў вас склалася ўражаньне пра якасьць беларускай журналістыкі?”

Жбанкоў
: “Я зь вялікай павагай стаўлюся да працы ўсіх калегаў, якія ў вельмі неспрыяльных умовах робяць сваю працу шчыра прафэсійна і яскрава. І ў той самы час я ня быў бы так аптымістычна настроены наконт якасьці таго, з чым мы сустракаемся. Тыя матэрыялы, што былі дасланыя на конкурс, збольшага выглядалі даволі старасьвецкімі. Так, гэта прафэсійна, але гэта было прафэсійна і 10 гадоў таму. Мне падаецца, што на новы якасны ўзровень наша беларуская журналістыка яшчэ не ўзышла.

І ў гэтым праблема. Тое, што было добра 5 гадоў таму, сёньня выглядае ня так эфэктыўна, ня так яскрава. І калі Сьвятлана казала, што мы губляем аўдыторыю, то губляем яшчэ і таму, што зьяўляюцца новыя апэратыўныя мэдыі, у тым ліку і Інтэрнэт-рэсурсы, і мы за гэтай новай хваляй, у тым ліку і стылёвай, не пасьпяваем”.

Цыганкоў: “Цяпер часам выказваюцца меркаваньні, што за апошнія гады ўзьняўся ўзровень дзяржаўных СМІ. Сьцьвярджаецца, што ў тэлеэфіры стала менш прапаганды, журналісты сталі больш сьмела крытыкаваць чыноўнікаў (хаця, магчыма, робяць гэта паводле загаду). Калі вы з такой ацэнкай згодныя, то ці ёсьць у гэтым нешта станоўчае, ці гэта толькі ўзмацняе прапаганду?”

Калінкіна: “Дзяржаўная журналістыка з тэхнічнага пункту гледжаньня вельмі паднялася, і гэта тычыцца і газэт, і тэлеканалаў. Але той узровень крытыкі і ўзровень праграмаў мне нагадвае савецкі час, калі можа было крытыкаваць рэстараны, сфэру абслугоўваньня, але нікуды далей. І мне шкада, што ў дзяржаўных СМІ, дзе ёсьць умовы і ёсьць час у журналістаў, каб прыдумваць нешта цікавае – яны гэтага ня робяць.

Мне хацелася б, каб дзяржаўная прэса была больш цікавая, яркая, менш палітызаваная. Галоўная рыса сёньняшняй журналістыкі – гэта неапраўданая палітызаванасьць усяго, што робіцца”.

“Менавіта з блогасфэрай я зьвязваю нейкія пазытыўныя пэрспэктывы”

Цыганкоў: “Максім Жбанкоў ужо казаў пра новыя тэндэнцыі ў сусьветнай журналістыцы. Адна зь іх – гэтак званы “citizens’ journalism”. Гэта тэндэнцыя, калі ўсё больш навінаў пастаўляюць не прафэсійныя журналісты, а “звычайныя людзі”, які нешта бачылі на свае вочы ці засьнялі на камэру тэлефона. Дзе ў гэтай тэндэнцыі Беларусь? Ці ня ёсьць яе адлюстраваньнем фэномэн блогаў?”

Жбанкоў: “Я цалкам згодны з вамі. Больш за тое, я лічу, што менавіта беларуская блогасфэра і ёсьць галоўным набыткам нашай мэдыяпрасторы за апошнія гады. Днямі я рыхтаваў чарговы артыкул і праз пошукавыя машыны ў Інтэрнэце ўвёў назву гурту, пра які пісаў, і атрымаў некалькі спасылак з артыкуламі з прафэсійнай прэсы, і стос спасылак з блогаў, якія былі для мяне больш карыснымі.

Можна ўзгадаць сытуацыю Плошчы ў 2006-м, калі галоўныя мэдыя-падзеі адбываліся найперш у Інтэрнэце, сёньня мы маем тую самую сытуацыю.

Беларуская “грамадзянская журналістыка”, з аднаго боку, ня надта прафэсійная і ня надта глыбокая. З пункту гледжаньня валоданьня рознымі тэхналёгіямі яна не такая эфэктыўная, як журналістыка “Советской Белоруссии” Але, зь іншага боку, яна вельмі апэратыўная, вельмі шчырая і існуе па-за межамі нашых звычайных канцэптуальных падыходаў.

Сьвятлана казала пра залішнюю палітызаванасьць прафэсійнай мэдыясфэры. Непрафэсійная мэдыясфэра ў гэтым пляне ў чымсьці больш цікавая. І больш аб’ектыўная, як ні дзіўна. Менавіта з блогасфэрай я зьвязваю нейкія пазытыўныя пэрспэктывы”.

Цыганкоў: “Ці могуць гэтыя людзі, якія пішуць цяпер свае блогі, пры пэўным разьвіцьці палітычнай сытуацыі пераключыцца і пайсьці ў прафэсійныя журналісты? Можа, тут крыецца пэўны кадравы патэнцыял для незалежных выданьняў?”

Жбанкоў: “Для гэтага мусіць існаваць нармальнае канкурэнтнае мэдыя-асяродзьдзе, мэдыя-рынак. Пакуль у краіне мы гэтага ня маем”.

Калінкіна: “Я лічу, што заўсёды вельмі важная гэта сувязь паміж журналістамі і звычайнымі людзі. І сёньня інтэрнэт тут дае неймаверныя магчымасьці. Той водгук, тыя сьведчаньні людзей пра падзеі, што зьяўляюцца ў Інтэрнэце – гэта такі новы паварот, які дасьць новую якасьць мэдыям”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG