Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дабрачыннасьць у Беларусі носіць прымусовы характар?


Russia -- Studio of the Moscow branch of RFE/RL - 23mar2007

Russia -- Studio of the Moscow branch of RFE/RL - 23mar2007

19 красавіка ў Беларусі прызначаны агульнарэспубліканскі суботнік. А як у іншых краінах сьвету ажыцьцяўляецца дабрачыннасьць? Чаму ў Беларусі практычна ня дзейнічаюць падобныя дабрачынныя мэханізмы і інстытуты?


Удзельнікі: пісьменьнік Сямён Букчын і філёзаф Аляксандар Грыцанаў.


Чаму праводзяцца суботнікі?

Валер Карбалевіч: “Суботнікі як перажытак савецкай эпохі працягваюць праводзіцца ў Беларусі. Прычым, як і ў савецкія часы, яны носяць прымусовы характар. Грошы, заробленыя на суботніку, пойдуць на закуп тэхнікі для мэдычных установаў. Мэта высакародная. Але чаму высакародных, гуманных мэтаў імкнуцца дасягнуць прымусовымі мэтадамі? Чаму ў іншых краінах сьвету не праводзяцца падобныя суботнікі?

Сямён Букчын: “Гэта сапраўды рудымэнт савецкасьці. Ён спалучаецца з прававой, маральнай, усялякай іншай сваволяй, у якой мы жывем. Вось такое спалучэньне цынізму і афіцыйнай дабрачыннасьці. Дзяржава павінна ў першую чаргу клапаціцца пра мэдычныя цэнтры, а не будаваць лядовыя палацы.

Часта бачыш, як у мэдыях зьяўляюцца просьбы дапамагчы людзям, друкуюцца банкаўскія рахункі, і думаеш: а ці вышэйшае чынавенства таксама трапляе ў такія цяжкія сытуацыі? Вядома ж, не — яно заўсёды знойдзе сродкі”.

Аляксандр Грыцанаў: “Суботнікі, якія засталіся ад савецкіх часоў, — гэта сродак сацыяльнай дрэсіроўкі людзей. Грамадзян прымушаюць выконваць загады ўлады.

Нашы лідэры абвясьцілі Беларусь сацыяльнай дзяржавай. Але калі дзяржава клапоціцца пра ўсіх, то яна не пакіне грамадзянам ніякай свабоды. Таму гэты суботнік — элемэнт ідэалёгіі. Чалавек павінен працаваць і ня думаць, што ён робіць”.


Дабрачыннасьць на Захадзе

Карбалевіч: “А як у іншых краінах сьвету, найперш заходніх, ажыцьцяўляецца дабрачыннасьць? Якія яна мае формы і мэханізмы? Хто і чаму гэтым займаецца? Якая палітыка дзяржавы ў гэтай сфэры?”

Букчын: “Дабрачыннасьць вельмі распаўсюджаная на Захадзе. Існуе вялікая колькасьць розных фондаў дзеля дапамогі людзям, якія трапілі ня ў лепшае сацыяльнае становішча.

Але хачу падкрэсьліць, найперш грамадзянам дапамагае дзяржава. Калі чалавеку патрэбна рэдкая апэрацыя, то на дапамогу прыходзяць дзяржаўныя ўстановы. Дабрачынныя фонды дапамагаюць людзям бедным, якія ня маюць мэдычнай страхоўкі.

Грамадзяне там добраахвотна займаюцца дабрачыннасьцю, філянтропіяй таму, што існуе доўгая традыцыя, якая складалася стагодзьдзямі. Роля царквы ў гэтай справе выключная. Наша царква быццам і займаецца гэтай сфэрай, але ня чуў, каб яна выратавала нейкага чалавека. У нас дзяржава не падтрымлівае і не разьвівае такія традыцыі”.

Грыцанаў: “У дзяржавах кшталту нашай існуе абсалютызацыя так званага “агульнага інтарэсу”. Гэта падстава для ўмяшаньня ў справы грамадзян.

На Захадзе дабрачыннасьцю займаюцца структуры грамадзянскай супольнасьці. Яны кампэнсуюць вырашэньне тых праблем грамадзкай сфэры, якія дзяржава вырашыць ня ў стане. Так дзейнічае мэханізм самаарганізацыі грамадзтва.

Чаму ў Беларусі практычна няма легальных недзяржаўных дабрачынных фондаў? Тыя што былі раней, — ліквідаваныя. Дзяржаўныя прадпрыемствы без дазволу зьверху ня маюць права аказваць гуманітарную дапамогу. Замежную гуманітарную дапамогу можна атрымаць толькі з дазволу ўлады. У выніку хлопчыку, якому патрэбна перасадка сэрца ў Нямеччыне, ніхто ня можа дапамагчы, у дзяржавы няма грошай. Чаму так атрымоўваецца?”

Букчын: “Таму ж, чаму ў нас няма нармальных мэдыяў, нармальных выбараў, увогуле нармальнага чалавечага жыцьця. Таму што ўлада баіцца грамадзкай ініцыятывы. За любым аб’яднаньнем людзей вакол дабрачынных мэтаў уладам мрояцца прэтэнзіі на ўладу. Калі гуманітарныя ініцыятывы падтрымліваюцца з-за мяжы, то ўлады бачаць у іх варожую агентуру Захаду.

Таму лепей усё гэта забараніць, і няхай людзі застаюцца без дапамогі. Таму гуманітарныя фонды не рэгіструюць, не даюць магчымасьці арэндаваць памяшканьні. У аб’яднанай грамадзкасьці, нават у непалітызаваных арганізацыях, улада бачыць для сябе небясьпеку”.

Грыцанаў: “Большасьць дабрачынных фондаў бароняць ня толькі права людзей на жыцьцё, але на аб’яднаньне, эканамічныя і палітычныя свабоды. Сказаўшы “А”, будзеш вымушаны сказаць і “Б”.

Улада баіцца грамадзянскай супольнасьці. Таму лічыць за лепшае перашкаджаць усялякім дабрачынным ініцыятывам, дапамозе з-за мяжы. Дзяржава лічыць за лепшае нічога не дазваляць — акрамя таго, што робіць сама дзяржава. А робіць яна ўсё менш”.


Дабрачыннасьць і грамадзтва

Карбалевіч: “Магчыма, мы шмат папракаем дзяржаву. Можа, праблема яшчэ і ў грамадзтве. Вось, сп. Букчын, вы казалі, што на Захадзе існуе даўняя традыцыя дабрачыннасьці. А ці ёсьць такая традыцыя ў беларускім грамадзтве?”

Букчын: “Гэта досыць балючая і шырокая праблема. З аднаго боку, у недзяржаўных мэдыях выказваюцца папрокі на адрас грамадзтва, што беларусы баяцца, не падтрымліваюць ініцыятывы і інш.

А зь іншага боку, чалавеку ўласьціва думаць пра ўласнае жыцьцё. Можна ўзгадаць біблейскі прынцып “Не судзеце, каб і вас не судзілі”. Увогуле толькі самі грамадзяне, асэнсаваўшы праблемы, могуць зьмяніць сытуацыю.

Калі б такая сытуацыя з гомельскім хлопчыкам, якому патрэбна перасадка сэрца, трапіла ў мэдыі ў заходняй краіне, пачалася б хваля спачуваньня. Заходняе грамадзтва чулае да чужой бяды. А ў нас сама палітычнае атмасфэра не дае магчымасьці надаць гучаньне гэтай тэме”.

Грыцанаў: “У беларусаў ёсьць таксама добрыя традыцыі дабрачыннасьці. Возьмем такі фэномэн, як талака, звычай узаемнай дапамогі. Яшчэ ў савецкія часы існавалі касы ўзаемадапамогі. Часта іх арганізоўвалі самі людзі, працоўны калектыў.

Думаю, як толькі прэсінг улады на людзей стане меншы, то беларусы хутка ўзгадаюць усе традыцыі сваёй гісторыі”.

Букчын: “Я баюся, што як толькі цяпер зьявіцца дзе-небудзь каса ўзаемадапамогі, улады абвесьцяць, што гэта крымінальны фінансавы праект, і людзей адразу прыцягнуць да адказнасьці”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG