Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прапаную апазыцыі ехаць у вёску, на сяўбу...”


Агляд тэлефанаваньняў.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Расейская прыватная кампанія “Август-Бел” хоча пабудаваць завод пэстыцыдаў у Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, паблізу пасёлку Дружны. Супраць гэтага пратэстуюць жыхары Дружнага, Сьвіслачы, Рудзенска, Дукоры, а таксама іншых паселішчаў. Днямі жыхары Дружнага зладзілі шэсьце і мітынг пратэсту.

Спадарыня Соф’я: “Хачу зьвярнуцца да спадара Абразоўскага з прапановай наконт будаўніцтва хімічнага заводу. Людзі ня маюць інфармацыі пра будаўніцтва. Інфармацыі няшмат. Трэба зьвярнуцца да лідэраў партый: Вячоркі, Лябедзькі, Калякіна ды іншых, каб яны гэтае пытаньне паднялі. Яны будуць у хуткім часе езьдзіць па рэгіёне. Трэба змагацца за сваё жыцьцё. Абавязкова”.
Моцна палітызаваць сытуацыю не патрэбна

Слухачцы адказвае сябра ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу Сяргей Абразоўскі:

“Палітыкі — і Лябедзька, і Калякін — ведаюць пра тое, што ў нас адбываецца. Яны выказвалі нам падтрымку. Але мы лічым, што моцна палітызаваць сытуацыю не патрэбна. Сёньня гэта выключна юрыдычныя справы, бо парушана шмат артыкулаў заканадаўства Беларусі. Мы лічым, што, прыцягнуўшы ўвагу палітыкаў, мы адцягнем увагу насельніцтва ад праблемы. А праблема вельмі вялікая: у цэнтры Беларусі, у густанаселеным раёне хочуць пабудаваць прадпрыемства, якое мае першую катэгорыю небясьпекі. Гэта павінны ведаць усе жыхары Менску, бо гэта тычыцца і іх, як зараз выбух на такім самым заводзе пад Бялградам тычыцца жыхароў гэтага гораду”.

Працягнем праграму такіх тэлефанаваньнем:

Спадар: “Слухаў аднаго з радыёслухачоў, каб Лябедзька, Мілінкевіч ехалі ў вёску праводзіць палітынфармацыю супраць беларускага народу. Я прапаную ім ехаць у вёску на пасяўную кампанію, сесьці на трактары, на машыны і арганізаваць гэтую кампанію так, каб у нас быў ураджай ня меншы, чым летась. А калі паедуць, каб разбэшчваць грамадзтва, то ім там ня месца”.

Бліжэйшым часам сябры палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, наведаюць рэгіёны Беларусі. Усяго, паводле словаў намесьніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, заплянавана 30 такіх вандровак.
Гэта не задача апазыцыі — арганізаваць пасяўную, каб быў вялікі ўраджай

Выказваньні слухача камэнтуе сябра палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксей Янукевіч:

“Натуральна, апазыцыя — і нацыянальныя лідэры, і мясцовыя лідэры — шмат кантактуе з народам, дастаткова шмат езьдзіць, будзе езьдзіць яшчэ болей. Але гэта не задача апазыцыі — арганізаваць пасяўную, каб быў вялікі ўраджай. Гэта задача ўлады. І апазыцыя тут не павінна лезьці ў сяўбу. Што павінна рабіць апазыцыя, пакуль не прыйшла да ўлады? Яна павінна прапанаваць альтэрнатыўную праграму разьвіцьця краіны. Прапанаваць і данесьці да людзей, каб яны ведалі, якая ёсьць альтэрнатыва. Яна павінна сачыць за дзеяньнямі ўлады — на тое апазыцыя і існуе, каб казаць: “Тут улада робіць няслушна. Людзі, зьвярніце ўвагу”. Я лічу, што гэтую функцыю апазыцыя выконвае дастаткова нармальна”.

19 красавіка ўрад Беларусі рэкамэндаваў правесьці суботнік. Як кажуць афіцыйныя асобы, сродкі ад суботніку пойдуць на набыцьцё мэдычнага абсталяваньня:

Спадар: “У добраахвотным суботніку возьме ўдзел больш за 5 мільёнаў беларусаў, і нават падлічана колькасьць заробленых падчас суботніку грошай. Якім чынам у добраахвотным суботніку 19 красавіка возьмуць удзел 5 мільёнаў?! Як яны маглі падлічыць?!”

Тлумачыць старшыня Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

“Больш за 5 мільёнаў людзей — гэта 100% працоўнага насельніцтва Беларусі. Ужо зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што гэта сумнеўны падлік, і з рэчаіснасьцю ён нічога супольнага ня мае. Мы з вамі можам назваць шмат людзей, якія не зьбіраліся і не зьбіраюцца браць удзел у суботніку. Што да сумы, тут бярэцца сярэдні заробак за дзень, які фіксуе статыстыка, і памнажаецца на 5 мільёнаў. Такім чынам выводзіцца гэтая лічба. Пасьля прымушаюць усе прадпрыемствы і арганізацыі пералічваць у фонд суботніка гэтую лічбу”.

XS
SM
MD
LG