Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку судзяць Людмілу Атакулаву з Маладога Фронту, якая ўчора зладзіла пікет у падтрымку Касі Салаўёвай. Ноч дзяўчына правяла ў ізалятары.

Суд Полацкага раёну аштрафаваў грамадзкага актывіста зь Менску Аляксея Янушэўскага на 105 тысяч рублёў (тры базавыя велічыні).

"Паводле пратаколу міліцыянтаў я абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, – паведаміў “Свабодзе” Аляксей. – Сёньня мяне нават не выклікалі ў суд, завяршылі справу завочна. Рашэньне атрымаў з рук сакратара суду”.

Са словаў Аляксея Янушэўскага, ён пакуль застаецца ў Полацку, дзе сёньня судзяць таксама Людмілу Атакулаву.

"У судовым паседжаньні аб’яўлены перапынак. Як высьвятляецца, міліцыянты да гэтага часу не прадаставілі ў суд рапарты пра затрыманьне Людмілы, а ў пратаколе нарабілі шмат памылак".

Атакулаву абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце.

Дзяўчына паведаміла “Свабодзе , што настрой пакуль не сапсаваны, яна спадзяецца, што атрымае мяккі прысуд.

"Падтрымаць мяне прыехалі сябры з ь Менску. Я спадзяюся вярнуцца разам зь імі і ў 18 гадзінаў прыйду да турмы на Акрэсьціна, каб сустрэць сваіх паплечнікаў і сяброў", – сказала Людміла Атакулава.

8 красавіка Атакулава разам з паплечнікамі ладзіла пікет каля будынку суду, дзе праходзіў працэс над Касяй Салаўёвай. Міліцыянты разагналі пікет, затрымаўшы Аляксея Янушэўскага. Потым, калі пасьля заканчэньня суду людзі ад’яжджалі ў Менск, аўтамабіль, у якім была Атакулава, міліціянты спынілі, і дзяўчыну адвялі ў пастарунак для складаньня пратаколу. На ноч яе адвезьлі ў Наваполацкі ізалятар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG