Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд у Полацку аштрафаваў Касю Салаўёву на 1 мільён 750 тысячаў рублёў. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.


Максымальнае пакараньне паводле гэтага абвінавачваньня – да 2 гадоў пазбаўленьня волі.

Пасьля абвяшчэньня прысуду Кася Салаўёва адказала на пытаньні карэспандэнта “Свабоды”.

Карэспандэнт: “Вы баяліся, што вам могуць даць два гады зьняволеньня?”

Салаўёва: “Не баялася. Лічу, што зараз уладам ня варта рызыкаваць, саджаць дзяўчыну за краты і тым самым парваць усе адносіны з Захадам. Цяпер проста ня тое эканамічнае становішча ў нас у краіне, каб браць на сябе такую адказнасьць, рызыку”.

Карэспандэнт: “Вы без усялякага страху ішлі на гэты працэс?”

Салаўёва: “Калі любіш Беларусь, то які можа быць страх?! Калі ты ўпэўнены, што стаіш на правільным шляху, то таксама ніякага страху і хваляваньня быць ня можа.

Адно што я хвалявалася, там будзе шмат людзей і ўсе цябе слухаюць. Бо я ня вельмі люблю рабіць публічныя прамовы”.

Карэспандэнт: “У вашай прамове ў судзе, якая была асноўная думка?”

Салаўёва: “Я казала, што “Малады фронт” гэта, канечне, можа, і незарэгістраваная арганізацыя, але ўсё ж некалькі разоў сябры “Маладога фронту” рабілі спробы зарэгістравацца. То бок, як ты ня хочаш, а атрымалася такім чынам. Я казала, што арганізацыя, якая вызнае хрысьціянскія прынцыпы, ня можа мець у сабе разбуральны характар”.

Карэспандэнт: “А як Вашыя бацькі рэагавалі на тое, што Вы зьбіраецеся ў суд, што яны Вам сказалі?”

Салаўёва: “Я ня думаю, што яны моцна хваляваліся. Бо яны заўсёды мяне вучылі зь дзяцінства, што галоўнае, каб была чалавечая годнасьць. Яна даражэй за жыцьцё”.

Карэспандэнт: “Спачатку Вашы бацькі не патрапілі на працэс. Вы гэта заўважылі?”

Салаўёва: “Канечне, спачатку іх не пускалі. Мы, некалькі чалавек, хуценька прайшлі ў невялікую залю, хаця было абяцана, што заля будзе вялікая. І пасьля міліцыянты стаялі каля ўваходу і нават маіх бацькоў не пускалі. Таксама дыплямата ЗША. Яны ўжо са спазьненьнем зайшлі”.

Карэспандэнт: “Падчас працэсу, што Вас найбольш уразіла?”

Салаўёва: “Я была ў шоку. Як гэта так?! У асноўным у справе былі тыя матэрыялы, якія наагул ня мелі ніякага дачыненьня да арганізацыі “Малады фронт”. Розныя газэты. А таксама запіс у нататніку: “Але я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб зруйнаваць гэты рэжым”. Таксама ў мяне пыталіся, што ж гэта за рэжым, і што і як ты хацела зруйнаваць. Я сказала, што менавіта гэты запіс да “Маладога фронту” дачыненьня ня мае.

Шмат чаго было проста прыцягнута за вушы. Нават каталіцкая газэтка “Прамень” нібыта сьведчыла супраць мяне. Мяне нават судзілі ня проста за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, а проста за тое, што ў мяне актыўная грамадзянская пазыцыя”.

Карэспандэнт: “Як Вы думаеце, чаму так хутка скончыўся працэс?”

Салаўёва: “Напэўна, дзесьці раней ужо прапісалі, які прысуд мне даць”.

Карэспандэнт: “Пачуцьцё стомленасьці ёсьць, напэўна. Ад чаго Вы больш стаміліся сёньня?”

Салаўёва: “Я прыйшла на суд – ужо была стомленая. Я хацела спаць, я хацела есьці. Шмат было пытаньняў такіх пра тыя самыя газэты, на якія ня вельмі хацелася адказваць. Бо яны ня мелі дачыненьня да справы. Я ім казала, казала і пракурору, і судзьдзі... А яны ня слухалі”.

Карэспандэнт: “А ці адчувалі Вы падтрымку сваіх аднадумцаў?”

Салаўёва: “Людзі літаральна спагадалі мне. Пасьля перапынку, як мы зайшлі ў залю суду, адразу пачулі выгукі “Жыве Беларусь!”, “Уладу – народу! Моладзі – свабоду!” і ўсё астатняе”.

Карэспандэнт: “Першае, што Вы зробіце пасьля суду?”

Салаўёва: “З дапамогай астатніх сяброў арганізацыі ўзьяднаць “Малады фронт” у Віцебскай вобласьці, каб вызначыць стратэгію. Магчыма, стварыць аргкамітэт “Маладога фронту” і расплянаваць нашу дзейнасьць. А таксама паезьдзіць па рэгіёнах. Таксама мы пададзім скаргу на сёньняшні прысуд у Віцебскі абласны суд”.

Месяц таму Кацярыне Салаўёвай споўнілася 20 гадоў. А ў студзені 2008 году дзяўчыну выключылі з Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе яна вучылася на 2 курсе гісторыка-філялягічнага факультэту.

Пра сябе Кацярына Салаўёва казала журналістам: “Я — веруючы чалавек, які вельмі любіць сваю Радзіму”. Дзяўчына стала актывісткай “Маладога фронту”, бо падзяляе мэты гэтай арганізацыі і яе каштоўнасьці — веру ў Бога і любоў да Беларусі.

Гэта другая крымінальная справа супраць актывісткі. На пачатку 2008 году яе прызналі вінаватай у нанясеньні палітычных графіці. Пасьля Дня Волі Кацярына Салаўёва была пакарана 5 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG