Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіслач: несанкцыянаваная акцыя пратэсту


У пасёлку Сьвіслач Пухавіцкага раёну адбылася несанкцыянаваная акцыя пратэсту супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці хімічнага заводу.


Больш за сотню жыхароў пасёлку з плякатамі каля гадзіны стаялі пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі.

Акцыя адбылася побач зь мясцовым стадыёнам. Раней актывісты грамадзкай ініцыятыўнай групы зьвярнуліся да мясцовых уладаў з заяўкай на правядзеньне мітынгу на самім стадыёне. Аднак ім адмовілі, спасылаючыся на тое, што на стадыёне ў гэты дзень павінны прайсьці футбольны матч паміж камандамі школьнікаў.

Па завяршэньні акцыі пратэсту, затрымалі аднаго зь яе ўдзельнікаў Сяргея Абразоўскага і склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага сходу. Аналягічны пратакол на спадара Абразоўскага быў складзены і 22 сакавіка, калі мітынг пратэсту адбыўся ў суседнім пасёлку Дружны. Напярэдадні яго выклікалі ў міліцыю, а затым адвезьлі ў суд. Там яму ўручылі павестку зьявіцца на судовае паседжаньне 10 красавіка.

Жыхары пасёлкаў Дружны, Сьвіслач і іншых населеных пунктаў пратэстуюць супраць прадпрыемства хімічнай вытворчасьці, якое плянуе будаваць расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Плянуецца, што на заводзе будзе вырабляцца 18 відаў пэстыцыдаў – хімічных сродкаў для сельгасвытворчасьці. Жыхары выказваюцца за правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму аб мэтазгоднасьці будаўніцтва прадпрыемства ў непасрэднай блізкасьці ад жылых дамоў, а таксама за правядзеньне незалежнай мэдычнай, экалягічнай і юрыдычнай экспэртызы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG