Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Хведарук: “Між Вялікаднем і Днём Волі шмат паралеляў”


Грамадзкі рэдактар новага тыдня – актывіст "Маладога фронту" Зьміцер Хведарук.


За дваццаць дзён да 90-х угодкаў БНР Зьміцер адзначыў сваё 20-годзьдзе. Ён – адзін зь лідэраў “Маладога фронту”, агулам адсядзеў больш за 30 сутак у турмах і ізалятарах, у тым ліку і ў камэры-адзіночцы так званай “амэрыканкі”. Нядаўна, падчас адной з апазыцыйных акцый пасьля паездкі ў Злучаныя Штаты, дзе Зьміцер разам зь некалькімі прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў сустракаўся з прэзыдэнтам Джорджам Бушам, яго жорстка зьбілі амапаўцы: у шпіталь маладзён трапіў у непрытомнасьці. Сёньня Зьміцер Хведарук расказвае пра тое, што лучыць Вялікдзень і Дзень Волі.

Уліцёнак: “Сёньня нашыя суседзі – літоўцы й палякі – сьвяткуюць Вялікдзень. А што ён для беларусаў, у якіх гэты панядзелак не пазначаны чырвоным колерам?”

Хведарук: “Для людзей сьвята працягваецца. І тая радасьць, якую яны ўчора атрымалі праз узгадваньне прынесенай Хрыстосам ахвяры, і тое, што Ён уваскрэс за нас, жыве й сёньня. І мы будзем далей сьвяткаваць”.

Уліцёнак: “А ці ня бачыце вы пэўную сымболіку ў супадзеньні: Вялікдзень – якраз напярэдадні Дня волі?”

Хведарук: “Тыя, хто стаялі за БНР, таксама шмат у чым ахвяравалі. Канечне, ня так, як Ісус – нельга параўнаць гэта, але й яны мелі ступень ахвярнасьці менавіта за народ. Хрыстос жа менавіта за народ цярпеў! І ён памёр у тым ліку й за Беларусь. І цалкам магчыма, што гэты чын якраз і навучыў нашых суграмадзянаў, беларусаў, той ахвярнасьці, якая неўзабаве стварыла БНР.

Без ахвярнай адказнасьці, што безумоўна прысутнічала ў дзеячаў Рэспублікі 90 год таму, нічога адбыцца не магло. Такім чынам, сьвяты супадаюць вельмі слушна.

У шаснаццатым стагодзьдзі Гасподзь абраў нашую краіну, і яна была вельмі вядомай у сьвеце. А калі адмовіліся неўзабаве ад Ягоных прынцыпаў, то, нібыта той самы габрэйскі народ, мы трапілі ў вельмі вялікі палон. Тут сапраўды можна правесьці шмат паралеляў паміж двума гэтымі днямі”.

Уліцёнак: “А веры ў што не хапае нашым сучасьнікам?”

Хведарук: “Надзеі, любові і зрэшты – яе, веры. Адно паглядзіце ў вочы беларусам – безвыходнасьць становішча адлюстроўваецца… Людзі ня маюць веры: 70 гадоў іх арыентавалі на нібыта праўду ў партыі, але высьветлілася – гэта ня так. І цяпер яны папросту баяцца ў нешта паверыць ізноў”.

Уліцёнак: “Ну а ў што верыце Вы, Зьміцер?”

Хведарук: “Веру ў жывога Бога, каторы любіць мяне, каторы любіць маю краіну. Веру ў тое, што Ён падрыхтаваў для Беларусі лепшую будучыню, чым тая рэальнасьць, што ёсьць зараз. Упэўнены: Бог мае цудоўны плян для нашае дзяржавы.

У прыватнасьці, можа так адбыцца, што празь перамены ў гэтым сэрцы Эўропы, якім геаграфічна ёсьць Беларусь, празь перамены ў такой злачыннай краіне, якой мы зьяўляемся цяпер, можна ўсё ж зрабіць жыцьцё іншым, цудоўным. І гэтым прыкладам адновяцца ў куды большым маштабе шмат якія каштоўнасьці, а празь іх – уся эўрапейская цывілізацыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG