Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня -- мастак Рыгор Сітніца.


Сёлета Рыгор Сітніца адзначае паўвекавы юбілей. Ён удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх, замежных ды міжнародных выстаў і мастацкіх імпрэзаў. Творы мастака знаходзяцца ў музэях Беларусі, Польшчы, Грэцыі, Нямеччыны, у прыватных зборах многіх краінаў. Ён першы намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў. У апошнія дзесяць гадоў спрабуе сябе ў паэзіі і публіцыстыцы: ляўрэат двух літаратурных прэмій – «Полымя-2003» і «Залаты апостраф-2007». Сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе са спадаром Сітніцам пра cтасункі мастака з рэлігіяй.

Сітніца:
“У нашай рэлігійнай традыцыі вельмі шмат народнасьці. Народнага мастацтва. І калі мы бачым нашыя старажытныя абразы, то яны шмат у чым нагадваюць проста народнае мастацтва. Чым яно вельмі каштоўнае”.

Уліцёнак: “Вашае стаўленьне да паганства і хрысьціянства?”

Сітніца
: “Першае шмат у чым упрыгожыла другое. Ну, скажам, Троіца, ці калі мы кладзем на магілу велікодныя яйкі – гэта ж абсалютна паганскае! І ўсё ж такі ў нас дамінуе хрысьціянства зь яго вельмі цьвёрдымі маральнымі прынцыпамі”.

Уліцёнак: “Дарэчы, ці не зьнявольваюць хрысьціянскія каноны мастака?”

Сітніца: “Наадварот, гэта вельмі пашырае сьветапогляд мастака”.

Уліцёнак: “Тут дарэчы ўзгадаць гісторыю росьпісу царквы Алесем Пушкіным: як вы ставіцеся да гэтай дылемы – царкоўныя каноны і фантазія мастака?”

Сітніца: “Заўсёды зьяўляліся мастакі, якія паўставалі супраць тых канонаў і спрабавалі ўнесьці нейкі элемэнт сьвецкасьці ў фактычна кананічнае мастацтва. Калі мастак лічыць, што ягонае сумленьне чыстае перад Госпадам, у дадзеным выпадку, то гэта нармальна”.

Уліцёнак: “Царкоўны ідэал і яшчэ адзін беларускі мастак: Аляксандар Ісачоў…”

Сітніца: “Там чалавек абсалютна далёкі ад царкоўных ідэалаў – так мне здаецца. Гэта вельмі зьнешняе і вельмі павярхоўнае. Спрытныя людзі ад мастацтва зь яго някепска карміліся. Я бачу тут шмат павярхоўнага. Тут больш іншага, чымсьці ўнутранага эфэкту.
Таму што калі мы бачым старажытныя абразы, вось дзе людзі абсалютна ня думалі пра эфэкт зьнешні!”

Уліцёнак: “А Чарнобыльская ікона Аляксея Марачкіна якія асацыяцыі выклікае?”

Сітніца: “Яна не кананічная – гэта хутчэй карціна. Тут адказ на падзею часу… І калі мастак знайшоў менавіта такі адказ – калі ён узьняў гэтую трагедыю на вышыню Боскага і адказаў на гэта ў форме абраза, які ўрэшце быў асьвечаны і захоўваецца ў царкве ў Жодзіне, гэта сапраўды вялікі чын мастака, і я вітаю гэта”.
XS
SM
MD
LG