Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cэнатар Пэдрыні: “Яны ня хочуць, каб Віку пачулі ў Італіі”


Вілейскі інтэрнат для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы адмовіўся ад удзелу ў генуэскім судовым працэсе ў якасьці пазоўніка.


Судовыя слуханьні па справе незаконнага ўтойваньня беларускай сіраты Вікі Мароз сям’ёй Джуста-Барначын маюць адбыцца 2 красавіка ў Генуі.

Як піша газэта La Voce d'Italia, некаторыя італьянскія палітыкі і юрысты называюць рашэньне Менску “ўдалым працэсуальным ходам” і выказваюць думку, што “працэс можа скончыцца, нават не пачаўшыся”.

Судовы працэс па справе незаконнага ўтойваньня беларускай сіраты Вікі Мароз пяцьцю прадстаўнікамі сямейнага кляну Джуста-Барначын ды двума каталіцкімі сьвятарамі ініцыяваны беларускім бокам. Напачатку Менск абвінавачваў італьянцаў у больш цяжкім злачынстве — выкраданьні дзіцяці.

Дзеля высьвятленьня асноўных дэталяў гэтай крымінальнай справы генуэскі суд запрасіў на красавіцкія слуханьні галоўных фігурантаў з боку пацярпелых. Гэта Мікалай Ваўчкоў, дырэктар вілейскай установы, якая да восені 2006 году была афіцыйным апекуном Вікі Мароз, а таксама сама Віка.

Аднак напярэдадні працэсу кіраўніцтва інтэрнату вырашыла ня ехаць на суд у якасьці пазоўніка, тым больш разам зь дзяўчынкай. У сваім лісьце да адваката Дыега Пэруджыні, які прадстаўляе інтарэсы Менску ў Італіі, Ваўчкоў аргумэнтуе рашэньне наступным чынам: у Беларусі, маўляў, вырашылі чарговы раз не траўмаваць дзяўчынку. Таксама выказваецца занепакоенасьць, што прысутнасьць дзяўчынкі ў залі судовых пасяджэньняў можа адмоўным чынам адбіцца на яе псыхіцы — асабліва цяпер, пасьля году жыцьця ў прыёмнай сям’і Васілеўскіх, дзе да Вікі Мароз пачаў вяртацца душэўны спакой.

Камэнтуючы гэткае рашэньне беларускага боку, італьянскі сэнатар Эджыдыё Пэдрыні кажа, што беларускія ўлады зрабілі “працэсуальна ўдалы ход” з тым, каб “перашкодзіць Віцы прыехаць у Італію”.
Беларускую дзяўчынку ўжо раней прынесьлі ў ахвяру літары закону

“Беларускую дзяўчынку ўжо раней прынесьлі ў ахвяру літары закону, — кажа Пэдрыні. — Цяпер вось ізноў выкарыстоўваюць розныя працэсуальныя трукі, каб ня даць ёй распавесьці пра жахі жыцьця ў дзіцячых дамах, пра тое прамываньне мазгоў, зь якім яна сутыкнулася па вяртаньні на радзіму, каб перашкодзіць сустрэчы зь сям’ёй Джуста-Барначын, якіх яна называе мамай і татам і якія адпачатку абаранялі яе правы дзіцяці”

Што да працэсу, то паводле назіральнікаў, “ён можа скончыцца, нават не пачаўшыся”. Лічыцца, што ў самай складанай сытуацыі можа апынуцца абвінавачаньне. Калі ў судовай залі ня будзе пазоўніка, то адвакаты абвінавачаных змогуць зрабіць запыт на спыненьне працэсу.

Як піша La Voce d'Italia, “беларускі бок хоць і адмовіўся ад удзелу ў судзе ў якасьці пазоўніка, свой пазоў яшчэ не адклікаў. Адвакат афіцыйнага Менску Пэруджыні зможа зрабіць гэта нават 2 красавіка — да пачатку слуханьняў. У такім выпадку справу закрыюць”.

Як мяркуюць аглядальнікі, далейшае асьвятленьне справы ў прэсе будзе няпростым. Адрозна ад сэнатара Пэдрыні, які ад пачатку настойвае на тым, каб Віка Мароз узьядналася зь сям’ёй Джуста-Барначын, многія прадстаўнікі палітычных і дыпляматычных колаў Італіі маюць іншую пазыцыю.
Яны хочуць, каб разьвіцьцё падзеяў ня надта афішавалася, а яшчэ лепш — замоўчвалася. Апанэнты Пэдрыні мяркуюць, што ў выпадку з 12-гадовай сіратой галоснасьць “стала крыніцай абвостранага напружаньня, як у галіне палітыкі, так і ў галіне міжканфэсійных зносінаў”.

Сёньня ў размове са “Свабодай” дырэктар Вілейскага інтэрнату для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы Мікалай Ваўчкоў пацьвердзіў інфармацыю пра рашэньне ня ўдзельнічаць у судовым працэсе ў Генуі ў якасьці пазоўніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG