Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над сям’ёй Джуста-Барначын адновіцца


Cям’я Джуста-Барначын

Cям’я Джуста-Барначын

Iтальянская сям’я Джуста-Барначын – у чаканьні чарговага этапу судовага працэсу. Пракуратура Генуі абвінавачвае сужэнцаў у незаконным утрыманьні беларускай сіраты Вікі Мароз.


У верасьні 2006 сямейная пара вырашыла не аддаваць дзяўчынку назад у Вілейскі інтэрнат. Цягам 20 дзён маці абодвух сужэнцаў хавалі дзяўчынку ў кляштары ў швайцарскіх Альпах.

Судовыя слуханьні ў крымінальнай справе супраць Алясандра Джуста, Марыі К’яры Барначын, іхных бацькоў, а таксама двух сьвятароў пачаліся ў Генуі летась у кастрычніку. Слуханьні працягваліся амаль да Калядаў. І вось, паводле папярэдняй інфармацыі, 2 красавіка працэс аб незаконным утрыманьні непаўналетняй беларускай сіраты мусіць аднавіцца.

Якімі могуць быць вынікі ініцыяванага беларускімі ўладамі судовага працэсу? Колькі ўвогуле ён працягнецца? Адказаць на гэтыя пытаньні сёньня ў Італіі не бярэцца ніхто.

Як лічаць адвакаты сужэнцаў, ніякія дзеяньні іхных падабаронных не выходзілі па-за рамкі абароны правоў чалавека. Іншая рэч, што беларускую дзяўчынку ў канчатковым выніку прынесьлі ў ахвяру літары міжнароднага права.

Паводле саміх Джуста-Барначын, судовае пакараньне хвалюе іх куды менш, чым аднаўленьне справядлівасьці ў дачыненьні да Вікі. Яны па-ранейшаму лічаць яе сваёй дачкой.

“Пракуратура супраць таго, каб наша мара ажыцьцявілася, – кажа Марыя К’яра Барначын... – Нам не застаецца нічога іншага, як чакаць. Усё тое, што мы рабілі, было не дзеля нашага задавальненьня, а дзеля таго, каб гвалт у дачыненьні да дзіцяці быў спынены. На жаль, для большасьці італьянскіх бацькоў усынаўленьне беларускіх дзяцей заблякаванае. Аднак, усё ж не для ўсіх. Бо гэтак званы трафік дзяцей зь Беларусі ў Італію ўсё ж існуе”.

Паводле Марыі К’яры, разам з мужам і ўсім сваім сямейным клянам, яны па-ранейшаму спадзяюцца, што Віка аднойчы апынецца ў іхным доме ў Кагалета. Тут па-ранейшаму яна мае свой пакой, у якім нічога не зьмянілася ад часу ад’езду. Віку па-ранейшаму любяць і чакаюць мама, тата, бабулі, дзядуля і маленькі брацік Эмануэль.

“Чым болей праходзіць часу, тым бліжэй да моманту Вікінага 18-цігодзя, калі яна сама зможа вырашыць свой лёс”, – кажа Марыя-К’яра і дадае: “Ужо прайшло 1,5 году, аднак наш боль, як і раней, не сьціхае”.

Неўзабаве Віцы Мароз споўніцца 12. Больш за год Віка жыве ў Жодзіне, у сям’і Васілеўскіх, дзе таксама выхоўваецца яе брат Саша. Згодна зь беларускім заканадаўствам, абедзьве гэтыя акалічнасьці – наяўнасьць брата і знаходжаньне ў прыёмнай сям’і – пазбаўляюць сужэнцаў Джуста-Барначын права на ўдачарэньне дзяўчынкі. Нават пры самым лепшым раскладзе ў завяршэньні іх судовай справы.

Шэраг італьянскіх ініцыятываў, што запрашаюць на адпачынак дзяцей зь Беларусі, зьвярнуліся з пэтыцыяй ва ўрад Італіі. Яны просяць палітыкаў наладзіць дыялёг з афіцыйным Менскам адносна лібэралізацыі заканадаўства аб замежным усынаўленьні беларускіх дзяцей, а таксама спадзяюцца на пазытыўнае рашэньне справы аб удачарэньні Вікі Мароз сям’ёй з Кагалета.
XS
SM
MD
LG