Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Вільні разьвітваюцца зь Верай Шостак <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />

  • Тацяна Поклад

У Вільні разьвітваюцца зь Верай Сымонаўнай Спарычанкай-Шостак, былой вучаніцай Віленскай беларускай гімназіі.


Вера Сымонаўна нядаўна адзначыла сваё 90-годзьдзе, і на пачатку гэтага году ў перадачы “Беларускае замежжа” (эфір 15 студзеня 2007 г.) на нашым радыё з нагоды юбілею і прагучала яе самае апошняе інтэрвію, у якім яна сярод іншага сказала:

“Я шчасьлівы чалавек. Мяне ніхто ніколі не ашукваў, хаця я заўсёды да ўсіх людзей ставілася зь вялікім даверам. І у мяне дрэнных сяброў ня было. Я ня маю пачуцьця рэўнасьці – калі я каго-небудзь люблю, мне хочацца, каб усе яго любілі. І лёзунг мой у жыцьці: нарадзіўся чалавек, каб рабіць дабро ўсяму жывому”.

Вера Спарычанка-Шостак нарадзілася ў вёсцы Запольле Наваградзкага павету 17 сьнежня 1917 году, у Віленскай беларускай гімназіі вучылася у 1932 – 1936 гадох. Працавала настаўніцай ў Беларусі, цягам апошніх больш як 50 гадоў жыла ў Вільні, выкладала ангельскую мову.

Любімай справай Вера Шостак займалася да апошніх дзён жыцьця, – для душы, як сама яна казала, грошы за ўрокі яна ня брала. Прыгадвае яе апошняя вучаніца, 15-гадовая Паўліна Вітушчанка:

“Яна не была вельмі суровай настаўніцай – строгая, але ў меру. Запомніліся, як прыгожа яна рухалася – калі прыходзіш да яе, і яна пачынала гатаваць каву ці гарбату з чарніцамі, і вось вельмі запомніліся, як прыгожа яна ўсё гэта рабіла.

А самае цікавае – гэта былі яе асабістыя ўспаміны, і мне так сумна, так шкада, што я не спыталася ў яе пра столькі рэчаў, пра якія хацела спытацца.

І яшчэ так запомнілася, як яна рыхтавала корм для птушак, катоў – уся кухня поўніцца пахамі, і ў гэтым столькі было дабрыні – пра гэта ўсё можа ніхто і ніколі не даведаецца... Памятаю, як на яе просьбу я выносіла корм для птушак – крошкі рассыпаюцца ў розныя бакі, адусюль зьлятаюцца птушкі... Успамін пра Веру Сымонаўну – гэта успамін пра дабрыню... прыгажосьць... адкрытасьць... элегантнасьць ва ўсім... ”

“Яна была настолькі энэргічным, жыцьцярадасным чалавекам, што ніколі нават у галаву не прыходзіла такой думкі, што яе ня будзе,” – кажа пра Веру Шостак яе маладзейшая сяброўка Людвіка Кардзіс, дырэктар грамадзкай арганізацыі “Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча”:

“Цяжка ўявіць, што прыйдзе Радуніца, і я пайду на могілкі ня зь ёй – а да яе.

Я каталічка, з каталіцкага рэгіёну, і па сутнасьці Вера Сымонаўна мяне навучыла талеранцыі да гэтай праваслаўнай традыцыі. Яна заўсёды хадзіла на магілы сваіх настаўнікаў зь Віленскай беларускай гімназіі, да пані Алёны Сокалавай-Лекант, і вось апошнія гады мы заўсёды хадзілі разам.

Вера Сымонаўна – вельмі сьветлы чалавек, мала хто можа пахваліцца такой колькасьцю сяброў і знаёмых розных узростаў, як яна. Яна мела талент сяброўства. І усе ёй цяпер тут у Вільні так тэлефанавалі гэтыя дні, пакуль яна хварэла, мы неяк паміж сабой пачалі дзякуючы гэтаму больш сябраваць і усе самі адзін аднаму прызналіся, што яна стала для нас кожнаму нейкай частачкай нашага жыцьця”.

Міраслава Русак, якая вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі ў апошнія гады яе існаваньня, ведала Веру Сымонаўну ад 1946 году – даўжэй за ўсіх у Вільні:

“Яе муж, Іван Патапавіч, быў маім выхавацелем, і вось такім чынам мы пазнаёміліся. Яна прыйшла да нас з Ірынкай, дачушкай, маленькай яшчэ тады. І як раз гэта былі Каляды. І я памятаю, як яна сядзела за сталом, і тут нават я не заўважыла, калі і як, яны разгаварыліся з мамай па-беларуску. Ад таго часу я яе ведаю”.

Пасьля яны сустракаліся ў часе вучобы на факультэце ангельскай мовы ў Віленскім пэдінстытуце, а бліжэй пасябравалі пасьля першага сходу беларускага клюбу “Сябрына” (травень - чэрвень 1988 г.) – самай першай беларускай арганізацыі ў Літве пасьля аднаўленьня незалежнасьці.

“І ў апошнія гады мы ўжо былі зь Верай Сымонаўнай у даволі блізкіх адносінах. Яна і да мяне прыходзіла, але часьцей – я да яе: бо ёй ужо было цяжка хадзіць далёка. Вельмі гасьцінны чалавек, як ў яе пабуду – здаецца, як у маці сваёй была, пасьля сустрэчы зь ёй як на крылах лётаеш...

Вельмі гасьцінная, вельмі прыемная жанчына, вельмі добрая, цудоўны чалавек. Аптымістка, яна ніколі не скардзілася, ніколі не размаўляла пра хваробы. Мне было сорамна што-небудзь загаварыць, што нешта ў мяне далягае... Спытаюся ў яе: “Як вы?” – кажа: “Дзякуй Богу, на нагах”. – Нават яна так жартавала: “Я дачцэ абяцала, што буду жыць 90 гадоў, а цяпер хацелася б яшчэ пару гадоў пажыць”...

Так што яна ў мяне ў памяці засталася, як вельмі цудоўны чалавек, так што зямелька ёй пухам, мы яе будзем вельмі добра помніць усе”.

Учора пачалося разьвітаньне зь Верай Спарычанкай-Шостак у віленскай царкве Сьв. Эўфрасіньні на Ліпоўцы, памінальная імша і пахаваньне адбудзецца сёньня. Вера Шостак будзе пахаваная на праваслаўных могілках Ліпоўкі (Быліны) у Вільні.

Пасьля Веры Спарычанкі-Шостак засталася дачка Ірына, якая жыве ў Маскве.

Відэа: Фрагменты здымкі для LRT (Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі і радыё), 2005 г, апэратар Дэйвідас Нутаўтас

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG