Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні памерла Вера Шостак


Сёньня ў Вільні на 91-м годзе жыцьця памерла Вера Спарычанка-Шостак, былая вучаніца Віленскай беларускай гімназіі.


Вера Сымонаўна адзначыла сваё 90-годзьдзе 17 сьнежня 2007 году. Яна нарадзілася ў вёсцы Запольле Наваградзкага павету, а ў Віленскую беларускую гімназію ёй дапамог паступіць яе зямляк – Барыс Кіт.

Вера Спарычанка-Шостак вучылася ў гімназіі ў 1932 – 1936 гадох і пасьля сама ўжо сама дапамагала землякам паступаць у адзіную на той час беларускую гімназію ў Польшчы.

Вера Шостак працавала настаўніцай у Беларусі, цягам апошніх больш як 50 гадоў жыла ў Вільні, выкладала ангельскую мову, разам зь сястрой склала мэтадычны дапаможнік па ангельскай мове.

Людвіка Кардзіс, дырэктар грамадзкай арганізацыі “Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча”, шмат гадоў сябравала зь Верай Спарычанкай-Шостак і сустракалася зь ёй да апошняга дня.

“Нашае сяброўства, можна сказаць, ужо вытрыманае гадамі, мы, напэўна, гадоў 20 былі знаёмыя. Зь Верай Сымонаўнай можна было размаўляць на любыя тэмы, ёй тэлефанавалася і ў горы, і ў радасьці – а сама яна ніколі не скардзілася, калі ёй нешта балела. “Як вы сябе адчуваеце?”, – “Па-ўзросту”, – а сама выглядала заўсёды выдатна, мела прыгожую скуру і валасы, як у маладой кабеты.

Вера Сымонаўна – гэта жывая гісторыя, чалавек, які вельмі шмат ведаў, шмат што бачыў. Ня толькі мне зь было ёй цікава – яна ўмела сябраваць і быць цікавай людзям любога ўзросту. І гэта такі чалавек асаблівага віленскага кшталту – высокай інтэлігентнасьці, выкшталцоная, заўсёды элегантная жанчына, сьветлы і мудры чалавек – такімі рабілі вясковых дзяўчат Алёна Сокалава-Лёкант ды іншыя выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG