Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А Вы ўжо патрапілі ў сацыяльныя сеткі?


Сацыяльныя сеткі – віртуальныя мэдыяплятформы камунікацыяў – зьявіліся адносна нядаўна. Імкліва зрабіўшыся папулярнымі, яны зрабілі сваіх уладальнікаў мільянэрамі і нават мільярдэрамі.


Прыкладам, кошт амэрыканскай сацыяльнай сеткі "facebook" вымяраецца дзесяткамі мільёнаў даляраў, як і колькасьць карыстальнікаў.

“Нас ужо 10 мільёнаў!” – ганарліва паведамляе банэр надзвычай папулярнага сёньня вэб-рэсурсу "odnoklassniki.ru". Колькасьць прыхільнікаў сайту і сапраўды расьце хутчэй за сьнежны ком.

Камунікацыі дзеля камунікацыяў

Натальля Войцік, супрацоўніца адной зь менскіх IT-кампаніяў, на сайце аднаклясьнікаў зарэгістравалася амаль год таму. Тады сайт быў слабенькі і нешматлюдны, кажа яна. А вось цяпер яна лічыць вынаходніцтва гэтага вэб-рэсурсу ледзь не падарункам лёсу:

“Гэта здорава, што можна знайсьці людзей, зь якімі згубіліся ўсе кантакты. Я, прыкладам, знайшла сваю сяброўку, зь якой сябравала ў другой клясе. І мы ня бачыліся болей за 18 гадоў. А тут знайшліся. Час ідзе, памяць зацірае нейкія падрабязнасьці, нюансы, а гэты сайт – сапраўдная магчымасьць зазірнуць у мінулае”.

На мове прафэсійных сацыёлягаў, odnoklassniki.ru “эксплюатуюць сацыяльны капітал камунальнага тыпу”. Гэта значыць, што людзі кансалідуюцца паводле асабістых цікавасьцяў адзін да аднаго.

Камунікацыі дзеля камунікацыяў – гэты прынцып яднае большасьць сацыяльных сетак. Тэрмін быў уведзены ў 1954 годзе сацыёлягам з Манчэстарскай школы Джэймсам Барнсам у працы “Клясы і зборы ў нарвэскім астраўным прыходзе”, якая ўвайшла ў зборнік “Чалавечыя стасункі”.

У другой палове ХХ стагодзьдзя паняцьце “сацыяльная сетка” стала папулярным у заходніх дасьледчыкаў грамадзтва; у агульны ўжытак ангельскай мовы яно ўвайшло як social networking.

Зьява – старая. Цікавасьць да яе – новая

Намесьнік дырэктара УП “Надёжные программы” (tut.by) Кірыл Валошын кажа, што расейскія “аднаклясьнікі” – гэта вельмі пасьпяховая калька са шматлікіх праектаў:

“Зьява насамрэч старая, проста інтарэс да яго – новы. Адна з найстарэйшых сацыяльных сетак, classmates.com, якая на Захадзе аб’ядноўвае некалькі мільёнаў людзей, налічвае 10 год узросту. Раней чамусьці не зьвярталі на іх увагу, а на пачатку 2000 год паступова ў Расеі пачалі клянаваць падобныя сайты – кшталту "classmates", "facebook" – зьявіліся “одноклассники”, “мой круг”...”

Сацыяльныя сеткі, кажа сацыёляг Агенцыі гуманітарных тэхналёгіяў Андрэй Ягораў, – зьява ўнікальная. Яны здолелі зацягнуць у свае сеткі людзей, у якіх нават электроннай адрэсы раней не было. А таксама тых, хто не выяўляў жаданьня быць навідавоку:

“Часам супрацоўнікі праваахоўных органаў кажуць: знайшлі тых, каго дзесяцігодзьдзі шукалі. І выявіліся яны на “аднаклясніках”. Цяпер іх вылаўліваем”.

Тым ня менш, на думку сацыёляга, пэрспэктыў на шматгадовае шчасьлівае жыцьцё ў сацыяльных сетак ня вельмі шмат.

“Вось “Аська”, прыкладам – ICQ. Гэта таксама сацыяльная сетка, вельмі папулярная з-за таго, што ёй было вельмі зручна, хутка карыстацца – хутчэй, чым электроннай поштай. Яе папулярнасьць была страшэнна высокай. Але потым зьявіўся скайп”.

Калькаваць – бессэнсоўна

Пэрспэктыў у бізнэс-сфэры ў гэткіх сетак таксама мала, лічыць Кірыл Валошын:

“Пэрспэктыва фінансавая, камэрцыйная пакуль даволі сумнеўная. Калі казаць пра заходнія кампаніі, то яны худа-бедна акупаюцца. Дакладней, ня тое, што акупаюцца, – размова хутчэй пра атрыманьне інвэстыцыяў, ці грошай за IPO, ці за продаж часткі кампаній... Што да расейскіх – там усё значна горш...”

Нягледзячы на такую малаверагоднасьць даўгалецьця, па сьлядох расейскага прыкладу ў Беларусі стварылі parta.by. Сайт створаны толькі 5 лютага, таму фактычна разважаць пра ягоную папулярнасьць сэнсу няма. Але, на погляд Кірыла Валошына, пэрспэктыў разьвіцьця у parta.by мала.

“На прасторы рунэта ёсьць odnoklassniki.ru, moi krug, contact.ru. Беларусы там прысутнічаюць у вялікай колькасьці. На мой погляд, калькаваць расейскія сайты, як гэта робіць parta.by, – бессэнсоўна. Таму што наўрад ці беларусаў гэтым можна будзе пераманіць...”

А вось tut.by прапануе новы сэрвіс, які падобны да сацыяльнай сеткі, але зьяўляецца інавацыяй для “байнэту”. Ён называецца «Я тут», распавядае Кірыл Валошын:

“Сэрвіс аб’ядноўвае людзей, якія ўжо вельмі даўно ёсьць карыстальнікамі tut.by і кантактуюць паміж сабой: у форумах, у блогах, праз мэйл. Наш сэрвіс выконвае функцыю глябальнай камунікацыйнай плятформы, але мы наагул адасабляемся ад паняцьця сацыяльная сетка...”

Можа падацца, што мінусаў у зьявы сацыяльных сетак няма. Нібыта нікому ня шкодзяць, дапамагаюць людзям знайсьці адзін аднаго, узгадаць дзяцінства.

Пра мінусы ведаюць працадаўцы. Менавіта гэтым вытлумачваецца забарона ў шматлікіх кампаніях на карыстаньне як ICQ, так і “аднакласнікамі”. Сайты папросту не адкрываюцца. А ў адказ на заяву “нас ужо 10 мільёнаў” хуценька прыдумалі працяг: “і болей за 10 мільёнаў лайдакоў”. І сапраўды, хто працаваць будзе?
XS
SM
MD
LG