Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутары ўжо пішуць раманы. Пра каханьне.


Лепш за ўсё ў сьвеце прадаецца Біблія. За ёю – “Кніга Гінэса”, у якой зафіксавана ўсё самае-самае.


Дзясяткі тысяч маркетолягаў ува ўсім сьвеце высьвятляюць густы патэнцыйных чытачоў, праводзяць сацыяльныя апытаньні і аналізы рынку – усё дзеля таго, каб высьветліць, якія тэмы выбіраць для напісаньня твораў аўтарамі-выканаўцамі. Што гэта за прафэсія – аўтар-выканаўца кніжнага заказу – і ці можа існаваць безь яе выдавецкі сьвет сёньня?

Дакладна невядома, калі нехта прыдумаў, што пісаць неабавязкова самому – дастаткова прыдумаць пра што пісаць. Дзюма-старэйшаму прыпісваюць выкарыстаньне цэлай каманды журналістаў і літаратараў у працы над ягонымі раманамі. Нават вобраз д'Артаньяна нібыта створаны не асабіста Дзюма-сатрэйшым, а ў суаўтарстве з Агюстам Мак’ю.

За савецкім часам пісалі за Леаніда Брэжнева. Шмат пазьней, чым выдаваліся “Малая зямля”, “Цаліна” і “Адраджэньне”, стала вядома, што сапраўднымі аўтарамі гэтых твораў былі публіцыст газэты “Известия” Аркадзій Сахнін, карэспандэнт “Правды” Аляксандар Мурзін і нарысіст Анатолій Аграноўскі.

Канцэпцыю знакамітых “12 крэслаў” прыдумаў Валянцін Катаеў. Але, прачытаўшы тое, што атрымалася ў тых, каго ён наняў рэалізоўваць сваю ідэю, Катаеў вырашыў, што аўтарства цалкам за імі.

Стыль-рэдактар часопісу “Полезная площадь” Ціна Давыдчук працавала для выдавецтва Адама Глобуса “Сучасны літаратар” 4 гады:

“Літаратурай я займалася не мастацкай, а кампіляцыйнай. Папулярнай: з побытавых сфэраў, сямейных, якія даюць людзям практычную дапамогу. Гэта карысна для прафэсійных навыкаў. Па-першае, я зразумела, што працаваць з кнігамі значна цікавей, чым з пэрыядычнымі выданьнямі ў якасьці журналіста. Па-другое, набіваеш руку ў стылі: увесь час працуеш менавіта са стылем. Гэтая праца давала добры заробак, але гэта для тых людзей, якія могуць кантактаваць толькі з кампутарам. Я выбрала працу ў жывым калектыве, бо не хапала чалавечых стасункаў”.

Нярэдка прызнаньне чытачоў – важнейшае для творчага чалавека за матэрыяльныя выгады, прызнаецца Ціна:

“Я зрабіла адну мастацкую кніжку, яна называецца “Ларин Петр и машина времени”. Я вельмі ёю ганаруся, і мне вельмі прыемна, што яе пахвалілі тры хлопчыкі, сыны маёй сяброўкі. Аднаго зь іх вельмі ўразілі падзеі трэцяй часткі кнігі, якія адбываюцца падчас паўстаньня 1863 году”.

Было б ярмо, а шыя знойдзецца

Пошук людзей, якія хацелі б працаваць аўтарамі-выканаўцамі, для кнігавыдаўца Адама Глобуса – не праблема:

“У мяне дастаткова папулярнасьці, каб людзі мяне знаходзілі. А хадзіць па выдавецтвах і прапаноўваць людзям на 3 баксы больш – гэта не для мяне. Ёсьць гэткія майстры: прыйсьці ў выдавецтва, узяць сьпіс аўтараў, прапанаваць ім на адзін болей, а потым яшчэ й не заплаціць. А я, калі даю людзям слова, яго стрымліваю”.

Пісьменьнікі-выканаўцы – цалкам нармальная зьява, перакананы Адам Глобус. І нельга абражаць іх словамі кшталту “літаратурныя рабы”:

“Каб Цішчанка сам выкладаў мазаіку насупраць Нацыянальнай бібліятэкі, ён бы дагэтуль яе выкладаў. Ясна, што калі архітэктар праектуе дом, то для працы над праектам у яго ёсьць і прарабы, і будаўнікі, ёсьць каманда. І гэтак у любой прафэсіі – ёсьць герархія”.

Выкарыстаньне ўжо некім апісанага ці зьнятага сюжэту для стварэньня мноства новых было папулярным у Беларусі на пачатку 1990-х. Такое выкарыстаньне называюць вельмі плённай камэрцыйнай ідэяй – можна прыгадаць стварэньне відэараманаў па матывах сэрыялаў кшталту “Твін Пікса”, “Санта-Барбары” і “Проста Марыі”, а таксама працяг усясьветных бэстсэлераў, напрыклад, шматлікія гісторыі “Скарлет” як працяг “Зьнесеных ветрам”.

Кампіляцыя – подых постмадэрнізму

Аўтар адказвае за тое, каб ягоны твор нельга было назваць плягіятам. Таму, калі ён займаецца кампіляцыяй (выкарыстоўвае фрагмэнты некалькіх тэкстаў у адным новым), то мусіць перапісваць тэкст так, каб дачапіцца было нельга. Апроч таго, такі аўтар наўрад ці можа разьлічваць на працэнт ад продажу накладу.

Выканаўцу заказваюць аб’ём, дамаўляючыся пра кошт старонкі ці тысячы знакаў. Старонка можа каштаваць ад 1 да 5 даляраў у залежнасьці ад жанру і досьведу гэткай працы. Кошт старонкі можа расьці, калі пра карысьць мёду для здароўя піша кандыдат мэдычных навук.

У мэнэджара адной з IT-кампаніяў Менску Алега Карміна напісаньне “Рэцэптаў танізуючай кухні” некалі заняло 3 месяцы:

“Гэта 10 гадоў таму было. Хто б мяне цяпер прымусіў гэткім займацца! Сканэр, кампутар, кніжкі, інтэрнэт... 160 даляраў за тры месяцы. Затое я выдатна памятаю, куды патраціў гэтыя грошы: частку заплаціў за навучаньне ў ВНУ, а 70 даляраў – на карбюратар для машыны. Дагэтуль дзецям магу распавесьці, якія карысныя для вачэй чарніцы”.

“Трымай слова” – падмурак пасьпяховага бізнэсу

Падмуркам пасьпяховасьці выдавец Адам Глобус лічыць чалавечы фактар:

“Калі я 17 год працую на гэтым рынку, і калі мае кніжкі прадаюцца, і я ўсё працую і працую, то, напэўна ж, я маю камэрцыйную таямніцу? Слова стрымліваць. Паабяцаў – зрабіў. Усё залежыць ад чалавека – нехта сэрыял напіша хутка, нехта адну кнігу будзе тры месяцы пісаць. Калі чалавек стаміўся пісаць раманы, магчыма, самы час яму ўкладаць энцыкляпэдыю...”

Неўзабаве на паліцах расейскіх кнігарняў мае зьявіцца раман “Сапраўднае каханьне”. Яго аўтар – кампутар. І адмыслоўцы лічаць, што ў хуткім часе штучны інтэлект можа выціснуць з рынку аўтараў-складальнікаў, пісьменьнікаў-выканаўцаў. За эталён лексыкі і стылю ўзялі Муракамі, Талстога, іншых прызнаных аўтараў. Творчы працэс стварэньня “Сапраўднага каханьня” заняў трое сутак – пры тым, што машына не рабіла перапынкаў на сон, ежу і цыгарэты з кавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG