Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніка В.Крываля арыштавалі на 15 сутак


Віктар Крываль

Віктар Крываль

Судзьдзя Валянцін Вердыш прызнаў прадпрымальніка Віктара Крываля вінаватым у распаўсюджваньні ўлётак з заклікамі правесьці несанкцыянаваны мітынг.

Учора, калі працэс пачаўся, Віктар Крываль запатрабаваў адваката, а таксама таго, каб працэс вёўся па-беларуску. Сёньня ва Ўзду абараняць прадпрымальніка прыехаў вядомы адвакат Аляксандар Галіеў. Што да другога патрабаваньня Віктара Крываля, яно так і не было выкананае. Судзьдзя Валянцін Вердыш адмовіўся перайсьці з расейскай мовы на беларускую. Са свайго боку Віктар Крываль адмовіўся адказваць на пытаньні судзьдзі і за ўвесь працэс не сказаў ані слова. Прысуд — 15 сутак арышту — ён таксама прыняў моўчкі. Пад вартай Віктар Крываль знаходзіцца з 16 лютага; такім чынам, за кратамі яму давядзецца адбыць яшчэ 12 дзён.

За што пакаралі прадпрымальніка? У пратаколе міліцыянты напісалі, што Віктар Крываль нібыта распаўсюджваў на рынку ва Ўзьдзе ўлёткі з заклікамі ўдзельнічаць у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў у Менску 18 лютага. Вячаслаў Сіўчык, які з групай актывістаў адмыслова прыехаў на суд, кажа, што гэтага абвінавачаньня ў судзе ніхто не пацьвердзіў.

“Сьведкі казалі, што бачылі яго з газэтамі “Народная воля” або што ня бачылі, каб ён распаўсюджваў улёткі. Такім чынам, не было паказаньня супроць Крываля ў гэтай справе”.

Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, апошнім часам улада сьцішыла рэпрэсіі супроць прадпрымальнікаў у сталіцы краіны, але працягвае ціск у рэгіёнах.

“У рэгіёнах вылічваюць людзей, якія маюць уплыў, і пачынаюць ужываць адносна іх адміністрацыйныя захады: арышты, штрафы. Такім чынам, улада сапраўды баіцца і таму цісьне на нашых актывістаў”.

На працэсе над Віктарам Крывалем прысутнічала шмат актывістаў прадпрымальніцкага руху зь іншых рэгіёнаў. У тым ліку ва Ўзду прыехалі актывісты з Салігорску Аляксандар Цацура і Ларыса Насановіч, якія нядаўна адбывалі арышт у салігорскай турме. Прыйшлі на працэс і былыя працаўнікі Віктара Крываля, якія страцілі працу ў выніку 760-га прэзыдэнцкага ўказу. Менавіта за адмену гэтага ўказу, які абмяжоўвае правы наймальнікаў, змагаюцца прадпрымальнікі. “На месца аднаго арыштаванага зьяўляюцца два новыя актывісты”, — кажа лідэр прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў.
XS
SM
MD
LG