Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На пачатку акцыі прадпрымальнікаў міліцыянты затрымалі Аляксандра Мілінкевіча, лідэра руху “За свабоду”. Пасьля гэтага было затрымана яшчэ некалькі чалавек, якія намагаліся трапіць на Кастрычніцкую плошчу, каб удзельнічаць у мітынгу прадпрымальнікаў.


За некалькі хвілінаў да заплянаванага пачатку акцыі прадпрымальнікаў міліцыянты схапілі лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча на плошчы Перамогі. Разам зь ім затрымалі Аляксея Кавальца і Алеся Лагвінца.

Усіх адвезьлі ў сьледчы камітэт, што на вуліцы Сапёраў, і дапыталі ў крымінальнай справе, якую раней распачалі ў сувязі з падзеямі 10 студзеня.

Нагадаем: 10 студзеня больш за дзьве тысячы ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў перакрылі праспэкт Незалежнасьці і калёнай прайшлі па праезнай частцы праспэкту да Дому Ўраду.

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў назваў гэта масавымі беспарадкамі і паведаміў, што міліцыя распачала крымінальную справу.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў “Свабодзе” пасьля допыту:

“Больш за тры гадзіны сьледчы дапытваўся аб тым, які я ўдзел прымаў, чаму прымаў, хто быў арганізатарам, каго я ведаю і г.д. Ён патлумачыў, што распачата крымінальная справа. Праўда, ён не сказаў, хто абвінавачаны. Я праходзіў як сьведка”.

Міліцыянты таксама затрымалі Вячаслава Сіўчыка і аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандра Макаева. Спачатку іх амаль тры гадзіны трымалі ў міліцыі Ленінскага раёну, а потым адвезьлі ў сьледчы камітэт, каб дапытаць у крымінальнай справе.

На Кастрычніцкай плошчы было амаль усё міліцэйскае кіраўніцтва – афіцэры зь міністэрства і з гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў. Як толькі на плошчы зьбіралася група зь дзясятак чалавек, яе абкружалі спэцназаўцы і выціскалі людзей з плошчы ў розныя бакі.

Прадпрымальнікі абураліся:

Генадзь: “Мы абураныя. Тое, што нас выштурхнулі з Кастрычніцкай плошчы, выклікае хвалю абурэньня. АМОН паступіў подла, ня даўшы прадпрымальнікам выказаць сваю пазыцыю ў сувязі з 760 указам. Я б параўнаў – як Сталін зьнішчыў НЭП, так Лукашэнка ў 2008 годзе зьнішчае сярэдні кляс”.

Сяргей: “Прадпрымальнікам не далі слова. Улады хаця б задумаліся, што яны робяць!”

Нас, дробных рыбак, хочуць скарміць вялікім акулам. Чаму ў гіпэрмаркеце цэны вышэйшыя за мае, ІП?
Канстанцін
: “У такой краіне жывём. Штурхаюць... Ну, у іх загад”.

Прадпрымальніца Алена з Баранавічаў:

“Мы ня бачым тут інтарэсаў дзяржавы. Тут інтарэсы буйнога бізнэсу. Нас, дробных рыбак, хочуць скарміць вялікім акулам. Чаму ў гіпэрмаркеце цэны вышэйшыя за мае, ІП? Я таксама заплаціла падатак. Плачу падаткі наперад, а сплю неспакойна. Пры гэтым мяне называюць спэкулянткай”.

Для ўдзелу ў трэцяй акцыі прадпрымальнікаў прыехалі людзі з рэгіёнаў. Міхаіл з Наваполацку апавёў:

“Нас папросту зьнішчаюць як кляс. Мы зь Віцебскай вобласьці. У рэгіёнах такія рэпрэсіі ідуць!.. У Менску, можа, яшчэ нешта працуе, а ў рэгіёнах не працуюць ні фабрыкі, ні заводы. Людзі ня могуць цяпер працаўладкавацца. Вось у мяне, напрыклад, працавалі тры жанчыны. Яны цяпер ня могуць знайсьці сабе працу”.

На плошчы міліцыянты затрымалі прадпрымальніка з Гомеля Ўладзімера Няпомняшчых разам з жанчынай, прозьвішча якой невядомае. Іх пасадзілі ў міліцэйскі “варанок” і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.

Нас папросту зьнішчаюць як кляс...
Спэцназаўцы некалькі разоў выціскалі людзей жывымі ланцугамі з Кастрычніцкай плошчы — па праспэкце Незалежнасьці ў бок ГУМу і па вуліцы Энгельса на плошчу Свабоды. Мінакоў не прапускалі. Менавіта такім чынам менчукі даведваліся, што на плошчы заплянаваны мітынг прадпрымальнікаў. У бок уладаў многія людзі выказваліся даволі нэгатыўна.

Падчас разгону патэнцыйных удзельнікаў акцыі спэцназаўцы затрымалі Вольгу Казуліну, якая спрабавала прайсьці з расьцяжкай. Дзяўчыну адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну.

Міліцыянты паведамілі, што пасьля высьвятленьня асобаў усіх затрыманых вызваляць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG