Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Травеньская атака расейцаў на Харкаўскую вобласьць вымусіла 10 тысяч украінцаў пакінуць свае дамы


Ваўчанск, архіўнае фота
Ваўчанск, архіўнае фота

Такія лічбы назвалі мясцовыя ўлады. Баі ў рэгіёне працягваюцца.

Амаль 10 000 чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласьці Ўкраіны пасьля наземнай атакі, распачатай расейскімі войскамі 10 траўня, заявіў кіраўнік вобласьці Алег Сінягубаў.

Штурм можа быць толькі першай хваляй больш шырокага наступу, заявіў AFP прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

За тыдзень пасьля пачатку «эвакуавана 9907 чалавек», паведаміў Алег Сінягубаў.

Людзі ўцякалі ад расейскіх салдат, якім удалося прасунуцца ад 5 да 10 кілямэтраў уздоўж паўночна-ўсходняй мяжы, перш чым іх спынілі ўкраінскія сілы.

Сінягубаў паведаміў, што за ноч узброеныя сілы Ўкраіны адбілі дзьве чарговыя спробы прарыву абароны.

Расейцы атакуюць некалькі населеных пунктаў, у тым ліку Ваўчанск, які знаходзіцца ўсяго ў пяці кілямэтрах ад мяжы.

«У раёне гораду Ваўчанск украінскія войскі ўзмацняюць абарону», — сказаў Сінягубаў.

Днём раней ён сказаў, што расейскія войскі пачалі разбураць Ваўчанск і ўсе яго жыхары, апрача 200 чалавек, уцяклі з-за баёў.

Расейскія войскі занялі 278 квадратных кілямэтраў у пэрыяд з 9 па 15 мая, што стала іх самым вялікім посьпехам з канца 2022 году, падлічыла AFP з выкарыстаньнем зьвестак Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).

Наступ Расеі «можа складацца зь некалькіх хваляў. Першая хваля была ў Харкаўскай вобласьці», сказаў Зяленскі журналістам AFP.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG