Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Mother Language Day = Дзень матчынай мовы. Як беларусы разумеюць гэты выраз? ВІДЭА


Сьвяткаваньне Міжнароднага дня матчынай мовы ў кавярні „Грай“, арганізаванае інтэрнэт-суполкай „Дзеткі-кветкі“. 2018 год
Сьвяткаваньне Міжнароднага дня матчынай мовы ў кавярні „Грай“, арганізаванае інтэрнэт-суполкай „Дзеткі-кветкі“. 2018 год

Сьцісла:

  • Міжнародны дзень матчынай мовы 21 лютага — у памяць бэнгальскіх студэнтаў, якія ў 1952 годзе патрабавалі для сваёй мовы статусу дзяржаўнай. Іх расстраляла пакістанская паліцыя.
  • UNESCO заве сьвята па-ангельску International Mother Language Day, аналягічна на іншых мовах (але не расейскай).
  • У вулічным апытаньні (2015) менчукі атаесамлялі „матчыну мову“ зь беларускай, называлі сынонім — „родная мова“.
  • Але перакласьці на расейскую выраз не маглі. Бо „материнский язык“ ёсьць толькі ў расейскай сацыялінгвістыцы — калька з заходніх моваў.
  • У нас многія перажылі моўны разрыў пакаленьняў: беларускамоўныя бацькі размаўлялі зь дзецьмі па-расейску, каб не ўскладняць ім жыцьця.
  • Таму пра беларускую скажуць „матчына мова“ і тыя, з кім маці ўжо не гаварыла па-беларуску — але зь ёю гаварыла ейная маці.
  • У нашай традыцыі паняцьці матчына мова, родная мова — адна з пазнакаў нацыянальнай прыналежнасьці.
  • У перапісах да 1999 году быў пункт „Родная мова“, і людзі адказвалі на пытаньне як адчувалі.
  • Але ў 2009 годзе прыпісалі тлумачэньне: родная — гэта „мова, засвоеная першаю ў раньнім дзяцінстве“. Гэта паспрыяла радыкальнаму спаду колькасьці тых, хто назваў беларускую мову роднаю.
  • У эўрапейскіх краінах са складанай моўнай сытуацыяй моўныя пытаньні перапісу і пра родную і першую мовы, і пра актыўнае і пасіўнае валоданьне імі, і пра мясцовыя гаворкі і г.д. Але ня ў нас.

Міжнародны дзень матчынай мовы 21 лютага адзначаецца пад эгідай UNESCO з 1999 году. Па-ангельску гэта International Mother Language Day. У сетках ён пад пазнакай #MotherLanguageDay, юнэскаўскі твітэр тлумачыць: #Languages are who we are. Protecting this identity is a matter of human rights! ‘Мовы — гэта тое, кім мы ёсьць. Абарона гэтай тоеснасьці — пытаньне правоў чалавека’.

Гістарычна гэта дзень памяці студэнтаў трох унівэрсытэтаў гораду Дакi, цяперашняй сталіцы Банглядэш, якія ў 1952 годзе выступілі за прызнаньне бэнгальскае мовы дзяржаўнаю ў тагачасным Усходнім Пакістане і былі расстраляныя пакістанскай паліцыяй.

І па-бэнгальску ж таксама матчына мова: মাতৃভাষা [mātr̥bhāṣā] — з агульнаіндаэўрапейскім коранем matr- ‘мацярынскі’. Выраз супольны для многіх моваў сьвету — ад ангельскай і гішпанскай да бэнгальскай і кітайскай.

І для нашай. Прыгадайма філязофскі верш Генадзя Бураўкіна і песьню на яго Лявона Барткевіча. „Я ня гáню землі чужыя“, сьпяваюць Лявон Барткевіч і Данчык. Рэфрэн:

Гэта ўсё, безумоўна, ня нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?

У двух радках вобразы-архетыпы, каштоўнасьці, якія вякамі фармавалі беларускі мэнталітэт. Сям’я, праца і родная зямля, свой дом на ёй і — матчына мова.

Ці ведаюць гэты выраз мінакі на менскай вуліцы?

— Матчына мова, да.
— Матчына мова. Наша родная беларуская мова.

Выраз вядомы практычна ўсім беларусам. А як перакласьці яго на расейскую? Нібы нічога надзвычайнага: цёплыя шкарпэткі або хуткі цягнік перакладаюць лёгка і адразу. Але з матчынай мовай задача аказалася нечаканая:

Матчына мова... Ня ведаю... Родная... Не знаю!
— Матчына мова? Материнская речь, наверное... Так?
— Это... Материнское слово (усьмешка)… Материнский язык...

Людзі, перакананыя, што яны валодаюць расейскаю, у разгубленасьці:

— Нет, я не слышал такого.
— Матчына мова? (сьмех) Без понятия...
— Што такое мова?
— Мова — это язык.
— А матчына?
— Матчына... Материнский язык? (сьмех)

Выраз матчына мова для беларуса не вымагае тлумачэньня, але на расейскую адэкватна не перакладаецца: губляецца вобразнасьць, а калька (даслоўны пераклад) гучыць нязвыкла і штучна.

Матчына мова — моцны і глыбока асабісты паэтычны вобраз. Гэта і прынятая ўсёй нацыяй мэтафара менавіта для беларускае мовы. Выраз толькі прыблізна адпавядае расейскім „родная речь“ або „родное слово“. Яны таксама эмацыйныя, але ж у іх закладзеныя іншыя асацыяцыі, няма беларускай блізкасьці вобразаў мовы і маці.

У расейскай сацыялінгвістыцы ўжываецца выраз „материнский язык“, аднак гэта вузкі канкрэтны навуковы тэрмін, скапіяваны з заходніх моваў.

Пра ўплыў перапісу на сьвядомасьць

Бяда, калі такіх сэмантычных нюансаў не адчуваюць беларускія сацыёлягі, што дасьледуюць моўную сытуацыю, і беларускія дэмографы, што праводзяць перапісы насельніцтва.

Нагадаю вынікі апошняга больш-менш верагоднага перапісу — 2009 году — у параўнаньні з 1999-м: працэнт жыхароў Беларусі, якія лічаць беларускую мову роднаю, абваліўся з 74% да 52%. Доля этнічных беларусаў, якія лічаць роднаю мову свайго народу, упала яшчэ больш строма — з 86% да 60%.

Доля беларускай мовы як роднай у перапісах 1897–2009 гг.
Доля беларускай мовы як роднай у перапісах 1897–2009 гг.

Такіх прэцэдэнтаў — каб за дзесяць год гэтак радыкальна мяняліся моўныя паводзіны і каштоўнасьці — сьвет, бадай, ня ведаў з пачатку падобных дасьледаваньняў.

Прычына ня толькі ў адмоўным стаўленьні дзяржавы да беларускае мовы, да якога прыстасоўваюцца несвабодныя людзі. Зьмяніліся фармуляваньні ў перапісных анкетах.

У перапісным блянку 1999 году (і ў ранейшых перапісах) быў просты пункт: „Родная мова“, і людзі адказвалі на пытаньне як яго адчувалі.

А ў 2009 годзе анкету памянялі, у дужках прыпісаўшы тлумачэньне: родная мова — гэта „мова, засвоеная першаю ў раньнім дзяцінстве“. Фармальны „материнский язык“, карацей кажучы. І калі статыстычнае ведамства пачало за беларусаў тлумачыць, што яны павінны разумець пад роднай мовай, гэта прывяло да разгубленасьці апытаных, паспрыяла радыкальнаму спаду адноснай колькасьці тых, хто назваў беларускую мову роднаю.

Але ж у нас многія перажылі моўны разрыў пакаленьняў: іхныя бацькі, самі з маленства беларускамоўныя, размаўлялі зь дзецьмі як умелі па-расейску, каб не ўскладняць ім жыцьця.

У нашым апытаньні хлопец зь дзяўчынай, спрабуючы перакласьці выраз матчына мова на расейскую, самі сабе дзівяцца і апраўдваюцца:

(Дзяўчына:) Матчына мова... Это материнская… язык?
— Якая ваша матчына мова?
(Дзяўчына:) — Беларуская...
(Хлопец:) — Но почему-то разговариваем на российской!
(Дзяўчына:) — Ну мы привыкли… Нужно как-то с людьми находить общий язык…

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:06 0:00

Мы ня ведаем, ці сапраўды для нашых суразмоўцаў беларуская — гэта першая мова іхнага сямейнага ўзгадаваньня. Але яны яе называюць матчынай, роднай. Маюць права.

Кажучы высокім стылем, мова народу — як маці, яе не выбіраюць і яна застаецца роднаю, нават калі зь ёю часова разлучыў лёс. Пасьля кольківекавога адміністрацыйнага выцісканьня беларускае мовы з грамадзкага ўжытку (якое працягваецца і цяпер) тым ня менш мноства людзей называюць беларускую мову роднаю.

Пра беларускую скажуць „матчына мова“ і тыя, з кім маці ўжо не гаварыла па-беларуску — але зь ёю магла гаварыць ейная маці, гавораць іншыя родзічы — і выраз у такім выпадку значыць „традыцыйна свая“. У нашай традыцыі паняцьці матчына мова, родная мова — адна з пазнакаў нацыянальнай прыналежнасьці. Так беларус маніфэстуе, што для яго беларуская мова ёсьць каштоўнасьцю, што можа вярнуцца да яе сам або вярнуць сваіх дзяцей (каб жа яшчэ спрыяльныя ўмовы былі!).

Як рабіць на добры лад?

Каб не забіраць у чалавека права на ідэнтычнасьць, каб бачыць моўныя каштоўнасьці народу і распрацоўваць адэкватную моўную палітыку, трэба ставіць адпаведныя пытаньні ў анкетах перапісаў і сацыялягічных апытаньняў.

У эўрапейскіх краінах ці рэгіёнах са складанай моўнай сытуацыяй (а ў Беларусі яна вельмі складаная) моўны разьдзел перапісу мае да паўтара дзясятка пытаньняў: пра родную мову, пра актыўнае і пасіўнае (на ўзроўні разуменьня) валоданьне пэўнаю моваю, пра выкарыстаньне мясцовых гаворак і г.д. Гэтак у Ірляндыі, Уэльсе, Швайцарыі. У адказных за свой народ дзяржавах здабываюць важныя зьвесткі пра стан моваў, якія раней цярпелі ад уціску, і адпаведна выпрацоўваюць захады для забесьпячэньня права народаў на родную мову.

P. S. А назвы міжнародных арганізацыяў, падзеяў і сьвятаў зусім неканечне перакладаць з расейскай.

Першая вэрсія артыкула апублікаваная 21.02.2018.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG