Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея лёгка прызнае ўкраінскіх дзяцей сіротамі і неахвотна вяртае ў сем’і, — журналісцкае расьсьледаваньне


Журналісцкі праект «Система» апублікаваў расьсьледаваньне пра вываз украінскіх дзяцей у Расейскую Фэдэрацыю.

Са зьместам расьсьледаваньня знаёміць «Настоящее время».

Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у Расею заяўляецца ваенным злачынствам, нагадваюць аўтары праекту. 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд (МКС) выдаў ордэр на арышт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і расейскай ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай праз падазрэньні ў гэтым злачынстве. Пакуль ва Ўкраіну вярнулі толькі 371 дзіця.

Паводле афіцыйных зьвестак украінскіх уладаў, з 24 лютага 2022 году да моманту публікацыі з Украіны ў Расею былі дэпартавалі 19 тысяч 505 дзяцей. Гэта толькі тыя выпадкі, якія афіцыйна зафіксавалі — калі бацькі, апякун або сьведка дэпартацыі дзіцяці паведамлялі пра гэта ў Нацыянальнае інфармацыйнае бюро Ўкраіны.

Украінскія праваабаронцы настойваюць на тым, што гвалтоўна пераселеных з Украіны дзяцей «сотні тысяч». Больш за ўсё іх вывезьлі з Марыюпальскай, Херсонскай, Харкаўскай і Кіеўскай абласьцей. Для разьмяшчэньня дзяцей з Украіны расейскія ўлады задзейнічалі каля 100 устаноў.

Дзіцячыя дамы і інтэрнаты ў многіх рэгіёнах Расеі перапоўненыя. Таму дэпартаваных дзяцей імкнуцца як мага хутчэй уладкаваць у семʼі. Патрабаваньні органаў апекі да патэнцыйных прыёмных бацькоў сталі больш мяккімі.

Гэта тлумачыцца тым, што парадак прызнаньня ўкраінскіх дзяцей «пакінутымі без апекі бацькоў» гранічна спрошчаны, а пошук дзяцей у Расеі надзвычай цяжкі для іхных бацькоў і апекуноў.

Расейскі бок пазыцыянуе эвакуацыю дзяцей з Украіны як неабходнасьць і «выратаваньне», а на дзяржаўных каналах кажуць, што «дзецям вайны» у Расеі будзе аказана ўся неабходная дапамога: «знайсьці сваякоў, аднавіць дакумэнты, даць адукацыю», асобна падкрэсьліваецца, што галоўная мара дзяцей — «знайсьці новую сямʼю».

Расея не публікуе афіцыйныя дадзеныя аб тым, колькі дзяцей з Украіны і так званых «ДНР» і «ЛНР» былі дэпартаваныя ў Расею пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. У лютым 2023 году расейскія СМІ са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах паведамлялі, што ў Расею прыбылі 738 тысяч дзяцей, але што гэта за дзеці, незразумела. Хутчэй за ўсё, у гэтую лічбу ўваходзяць і дзеці, якія прыехалі семʼямі на тэрыторыю Расеі, а таксама дзеці, якія паехалі адпачываць у расейскія лягеры і пазьней вярнуліся ва Ўкраіну.

«Система» вывучыла публікацыі ў СМІ, на сайтах і сацыяльных сетках расейскіх інтэрнатаў, дзіцячых дамоў і лягераў, пагутарыла з валянтэрамі, чыноўнікамі, юрыстамі і бацькамі ўкраінскіх дзяцей, зь семʼямі, якія ўсынавілі дзяцей з Украіны. Выявілася, што дзяцей з акупаванай Расеяй тэрыторыі вязуць як мінімум у 88 расейскіх установаў.

Пасьля абсьледаваньня большасьць дзяцей трапілі ў Растоўскую вобласьць, Краснадарскі край і Крым — у дзіцячыя лягеры, санаторыі, пункты часовага знаходжаньня — гэта былі транзытныя зоны.

Самі расейскія палітыкі пацьвярджаюць, што не плянуюць у найбліжэйшы час вяртаць дэпартаваных дзяцей ва Ўкраіну: «Мы хацелі абараніць іх [дзяцей] ад небясьпекі, якую могуць прынесьці ваенныя дзеяньні. Пытаньне дзяцей, „гвалтоўна адпраўленых у Расею“, цалкам разьдзьмутае», — заявіў 20 сакавіка 2023 года сталы прадстаўнік РФ пры ААН Васіль Нябензя. Ён таксама адзначыў, што дзяцей вернуць ва Ўкраіну, «калі там будуць бясьпечныя ўмовы».

«Систэма» накіравала Марыі Львовай-Бяловай ліст з просьбай расказаць, колькі дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны было вывезена ў Расею без бацькоў і што робіць Расея, каб гэтыя дзеці вярнуліся ў свае семʼі. Адказаў на пытаньні рэдакцыя не атрымала.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG